Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак здзейсніў Апостальскае падарожжа ў Румынію

Папа Францішак здзейсніў Апостальскае падарожжа ў Румынію


3.06.2019.

Папа Францішак здзейсніў Апостальскае падарожжа ў РумыніюЗ 31 мая па 2 чэрвеня папа Францішак знаходзіўся з Апостальскім візітам у Румыніі.


Падчас свайго падарожжа ў гэтую краіну з пераважна праваслаўным насельніцтвам Пантыфік наведаў чатыры гарады: Бухарэст, сталіцу краіны, дзе сустрэўся з дзяржаўнымі ўладамі, а таксама з праваслаўным Патрыярхам Даніілам і членамі Сінода Румынскай Царквы; Шумулеў-Чук, дзе знаходзіцца марыйны санктуарый — месца штогадовай пілігрымкі католікаў з Венгрыі і Румыніі; Ясы — першую лацінскую дыяцэзію ў краіне, а таксама Блаж, дзе ў 1795 г. быў выдадзены першы пераклад Бібліі на румынскую мову.

 

У Бухарэсце пастыр паўсюднага Касцёла наведаў праваслаўную катэдру, дзе разам з мясцовымі хрысціянамі супольна памаліўся «Ойча наш» на лацінскай і на румынскай мовах. Пры гэтым Папа падкрэсліў, што ў малітве Панскай найлепш выяўляецца тоеснасць хрысціянаў як дзяцей і братоў, якія моляцца поплеч.

 

У марыйным санктуарыі Шумулеў-Чук Святы Айцец узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі, у якой узялі ўдзел каля 100 тыс. вернікаў.

 

У прамоўленай гаміліі папа Францішак заўважыў, што вялікая колькасць католікаў румынскага і венгерскага паходжання, якія прыбываюць сюды напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, сімвалізуе дыялог, адзінства і братэрства.

 

У горадзе Ясы Папа правёў сустрэчу з моладдзю і сем’ямі, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі розных народаў. Падчас яе Святы Айцец нагадаў пра важнасць захавання каранёў і перадачы веры ў сям’і. Ён заклікаў перадаваць веру не толькі на словах, але з дапамогаю жэстаў, позірку, пяшчоты, прастаты і шчырасці.

 

2 чэрвеня на полі Свабоды ў горадзе Блаж папа Францішак узначаліў Боскую Літургію ва ўсходнім абрадзе, падчас якой адбылася беатыфікацыя семярых грэка-каталіцкіх біскупаў-мучанікаў — ахвяраў змагання з верай падчас камуністычнага рэжыму ў Румыніі.

 

«Гэтыя пастыры, мучанікі за веру, захавалі і пакінулі румынскаму народу каштоўную спадчыну, якую можна абагульніць двума словамі: свабода і міласэрнасць»,— адзначыў Папа, заклікаўшы румынскіх вернікаў таксама быць сведкамі свабоды і міласэрнасці.

 

Пасля Літургіі Святы Айцец узначаліў традыцыйную марыйную малітву «Уладарка неба», у якой даручыў румынскі народ матчынай апецы Багародзіцы.

 

Апошнім пунктам Апостальскага падарожжа ў Румынію стала сустрэча папы Францішка з мясцовымі прадстаўнікамі цыганскай супольнасці.

 

Ад імя Касцёла Святы Айцец папрасіў прабачэння за ўсе выпадкі дыскрымінацыі і ўціску цыганоў, што мелі месца ў гісторыі.

 

Пры гэтым ён запэўніў прадстаўнікоў цыганскага народа ў тым, што ў Хрыстовым Касцёле ёсць месца для ўсіх, і заклікаў іх браць актыўны ўдзел у жыцці грамадства і ўзбагачаць яго такімі каштоўнасцямі, як пашана да жыцця і сям’і, салідарнасць, гасціннасць, узаемадапамога і абарона найбольш слабых, адкрытасць і жыццярадаснасць.

 

На гэтым завяршылася 30-е замежнае Апостальскае падарожжа папы Францішка ў Румынію, якое прайшло пад дэвізам «Ідзем разам».

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад