Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пілігрымка на Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэй

Пілігрымка на Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэй


30.07.2008.
Пілігрымка на Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэй

Вось урэшце я вярнуўся са свайго самага далёкага падарожжа – з Аўстраліі. Калі тры гады таму ў Кёльне Папа абвясьціў, што наступны Сусьветны Дзень Моладзі пройдзе ў Аўстраліі, я сказаў сабе і сваім сябрам, што вельмі хачу туды патрапіць. І я разумеў, што гэта немагчыма, таму што вельмі дорага, але ж вельмі хацелася. І вось Бог зрабіў мне такі Падарунак. З Беларусі нас паляцела група з дзевяці чалавек – восем ад Рыма-Каталіцкага Касьцёла і адзін ад Грэка-Каталіцкай Царквы. У гэтай пілігрымцы з намі быў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Уладыка Антоні Дзямянка. Спачатку паўтары сутак пералёт з Менску ў Сіднэй, пасля амаль 10 сутак там і прылёт назад у Менск. У нас лета, у іх – зіма. Зіма там, канешне ж, не такая, як у нас. Днём да плюс 19 градусаў. Клімат іншы зусім – сьпеюць мандарыны, прылятаюць папугаі, стаяць зялёныя пальмы. Мушу з жалем абвясьціць, што кенгуру там не скачуць проста па вуліцах, як аб гэтым мяне пытаўся ўжо не адзін чалавек. Але яны ёсць у заапарку, таксама як і каалы і сабакі Дынга, ну і шматлікія іншыя зьвяры і птушкі.

Пілігрымка на Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэй

З аэрапорту нас забралі мясцовыя эмігранты з Польшчы, так што жылі мы ў польскіх сем’ях па тры чалавекі ў сям’і. Ніхто не плаціў гэтым людзям за нашае ў іх пражываньне і звязаныя з гэтым клопаты – гэта дабрачыннасьць ад сэрца.

Дык вось, прыляцелі мы ў аўторак днём, трохі адпачылі, пасля з’ездзілі ў Сіднэй, так як жылі мы не ў самім Сіднэі, а непадалёк. Паглядзелі вячэрні горад – ён вельмі прыгожы і сучасны – і паехалі дамоў. Назаўтра, а таксама ў чацьвер і пятніцу праграма да абеду была аднолькавая: спачатку разважаньне-пропаведзь аб дзеяньні Сьвятога Духа ў жыцьці чалавека, жыцьці супольнасьці, Царквы. Увогуле заклікам гэтага Дня моладзі стала цытата з Дзеяў сьвятых Апосталаў: “Вы атрымаеце моц зышоўшага на вас Духа і будзеце маімі сьведкамі” (пар. Дз 1,8). Пасля разважаньня жадаючыя складалі сьведчаньні аб дзеяньні Бога ў х жыцьці. Гэтае дзяленьне асабістым досьведам пакінула ўва мне вельмі моцнае ўражаньне. Бог дзейнічае так па-рознаму і трэба толькі Яму даверыцца. Пасля сьведчаньняў была Літургія. На малітве верных (падобная нашай літаніі ўзмоцненага маленьня), кожны з нас мог ўслых сказаць, за што моліцца, і Царква адказвала супольным: Выслухай нас, Госпадзе. Я маліўся за яднаньне хрысьціянаў.

Пілігрымка на Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэй

Пасля Літургіі абед і вольны час. Канешне мы адразу выязджалі ў Сіднэй. У сераду і чацьвер проста аглядалі горад, а ў пятніцу адбыўся Крыжовы шлях (узгадваньне мучаніцкага шляху Ісуса Хрыста), пасля якога Папа афіцыйна прывітаў пілігрымаў і жыхароў Сіднэя. На наступны дзень, у суботу ўсе пілігрымы пешшу прайшлі шлях на поле, дзе ўсе сабраліся, каб супольна памаліцца з Папам Бенедыктам XVI. Нас разьмясьцілі ў сектары разам з афрыканцамі і італійцамі. Урачыстае прывітаньне прысутных на полі пілігрымаў, супольныя набажэнствы, час на сон і з раніцы супольная Літургія з Намесьнікам Апостала Пятра – галоўная частка ды і наогул сэнс ўсёй сустрэчы. Пасля Літургіі праграма Сусьветнага Дня Моладзі афіцыйна закончылася. Але гэта было яшчэ толькі 20 ліпеня, а адляталі мы 24. Так што з Ласкі Божай мы яшчэ пахадзілі па Сіднэі, пабывалі ў аквапарку, наведалі заапарк і з’ездзілі на пляж, дзе я нават пакупаўся ў акіяне – так што купаўся зімой. Пасля пляжу мы запыталіся ў адной дзяўчыны, як праехаць ў горад, а яна нам проста прапанавала праехаць у яе аўтамабілі. Ды і ўвогуле мы сустракаліся з зычлівасьцю незнаёмых нам людзей. Аднаго разу вельмі хацелася есьці, а кошты дарагія, і вось стаім мы перад прылаўкам і вырашаем, што ўзяць. Пакуль вырашалі, прадавец, гледзячы на нас, узяла нейкую страву і пачала разаграваць. Мы ёй кажам, што гэтага мы не замаўляем, але на яе гэта ніяк не ўздзейнічала. Аказалася, што гэта нам проста так. Пасля іншую страву таксама проста так. Пасля мы ўжо самі нешта сабе купілі, а напрыканцы ізноў жа бясплатна яна нам прынесла садавіны. Мы дзякавалі Богу за Ягоную апеку над намі, за зычлівасьць гэтых людзей і напрыканцы засьпявалі ім песьню падзякі.
Дык што ж можна сказаць аб гэтым падарожжы, аб гэтых днях там, далёка-далёка? Гэта дні напоўненыя пачуцьцём блізкай прысутнасьці Бога і Ягонай апекі над маім жыцьцём. Як калісьці Пятру, так і мне захацелася паставіць тры намёты і застацца там, затрымаць гэтае пачуцьцё радасьці сабе. Але Госпад кліча далей, кліча сьведчыць усім, што Ён ёсьць, што жыцьцё ў супольнасьці з ім становіцца іншым, прыносіць радасьць і супакой. Як сказала адна дзяўчына з нашай групы, кожны з нас мусіць ўзяць на сябе па мільёну чалавек з разліку колькасьці удзельнікаў пілігрымкі на колькасьць жыхароў нашай краіны і сьведчыць гэтым людзям аб спатканьні з Богам, з жывой Царквой, з Намесьнікам Пятра Папам Бенедыктам XVI, з веруючай моладдзю, якой не абыякавы свой лёс, лёс сваіх родных, Бацькаўшчыны, а нават і цэлага свету. Бо несьці Евангельле – значыць несьці Хрыста, несьці Жыцьцё кожнаму чалавеку.

Пілігрымка на Сусьветны Дзень Моладзі ў Сіднэй

Жыцьцё з Хрыстом робіць нас вольнымі, зносіць межы і адкрывае нас на бліжняга. Па ўсім Сіднэі хадзілі людзі рознага колеру скуры, розных нацыянальнасьцяў, ва ўсіх розная мова – столькі моваў не вывучыць нават за цэлае жыццё. Але з Хрыстом гэтага і ня трэба рабіць – бо Хрыстос вучыць нас адзінай мове Любові. То ў адным, то ў іншым месцы праслаўлялі Бога радасным сьпевам пад гітары, альбо таньчылі, славячы Бога танцам. І мне зразумелая гэтая радасьць – бо Хрыстос вызваліў нас ад сьмерці і прывёў да Жыцьця.

Наступны Дзень моладзі пройдзе ў Мадрыдзе ў 2011 годзе – гэта нашмат бліжэй, таму я спадзяюся нас паедзе больш і мы з вялікай радасьцю і вялікім духоўным плёнам разам правядзем гэты незабыўны час!

Сяргей Раюнец

Вярнуцца назад