Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Ушанаванне Святых Апосталаў Усходу Кірылы і Мятода

Ушанаванне Святых Апосталаў Усходу Кірылы і Мятода


12.02.2019.

Гамілія Апостальскага Нунцыя Архібіскупа Габара Пінтэра, 9.02.2019


Дарагія браты і сёстры!

 

Сённяшнія чытанні, як і ўшанаванне Святых Апосталаў Усходу Кірылы і Мятода, запрашаюць нас паразважаць над місіяй евангелізацыі.

 

У словах прарока Ісаі ўжо гучыць «добрая навіна» і наш погляд накіроўваецца ў бок Ерусаліма. Дабравеснік абвяшчае мір, звястуе радасць, прапаведуе збавенне. “… і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён”. Вочы ўсіх народаў зямлі звернутыя на святы горад Ерусалім.

 

У Евангеллі, тым часам, мы заўважаем рух у зваротным кірунку. Езус пасылае апосталаў у свет: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ... і яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі.»

Такім чынам, мы бачым дзве адрозныя дынамікі. У Старым Запавеце збаўленне апісваецца як прыход народаў у Ерусалім - цэнтр свету і ўзыходжанне на гару Госпада, які ўсіх прыцягвае да Сябе.


У Новым Запавеце Ерусалім больш не з'яўляецца аб’яднаўчым цэнтрам. Цяпер “месцам” еднасці сталася Цела Уваскрослага Хрыста, таямнічым чынам прысутнае ўсюды, дзе знаходзяцца Ягоныя вучні. “Ідзіце па ўсім свеце.” - вось закон евангелізацыі, канечне, у адзінстве з Езусам – “месцам” еднасці ўсіх тых, хто верыць у Яго.

 

Менавіта гэта было заданнем Святых Кірылы і Мятода: ісці да іншых народаў, нягледзячы на вялікія цяжкасці. У дзевятым стагоддзі, безумоўна, было складана перамяшчацца на далёкія адлегласці.

 

Але яшчэ цяжэй было наладжваць адносіны з народамі іншай, незнаёмай культуры, якія не былі ні грэкамі, ні лацінамі, гэта былі славянскія народы.

 

Святыя Кірыла і Мятод былі сапраўднымі піянерамі ў тым, што сёння называецца «інкультурацыяй» - уключэнне веры ў культуру краіны, замест таго, каб навязваць сваю ўласную. Яны пераклалі Біблію на славянскую мову, адпраўлялі на ёй Літургію. За такую смеласць былі абвінавачаныя ў Рыме лацінскімі місіянерамі. Прыехаўшы да тагачаснага Папы Адрыяна Другога, каб растлумачыць свае дзеянні, яны былі ім зразуметыя і адобраныя. Пасля смерці Кірылы ў Рыме, 14 лютага, Папа высвяціў Мятода на біскупа і адправіў яго назад у славянскія краіны, каб працягваў сваю працу евангелізацыі.

 

На працягу многіх стагоддзяў малая свядомасць важнасці інкультурацыі ў евангелізацыі выклікала непаразуменні, асуджэнні і нават яе затрымку. Сёння добра вядома, што вера сама па сабе не прывязаная ні да якой культуры, але яе неабходна ўкараняць у кожную з іх, як закваску, якая затым усё набрыняе Евангеллем.

 

Інкультурацыя – гэта не толькі выклік для евангелізацыі розных культур, але і розных пакаленняў, таму што ў кожным пакаленні вера патрабуе быць выражанай па-новаму. Вера заўсёды тая самая, але для жыцця яна з’яўляецца своеасаблівым ферментам, які дае магчымасць змяняцца, расці, развівацца і заўсёды шукаць новыя шляхі, каб рухацца наперад. Нездарма Езус параўнаў Евангелле з насеннем гарчыцы, якое расце, перамяняецца і становіцца дрэвам.

 

Нядаўна аб гэтым яшчэ раз і з новай сілай было падкрэслена ў фінальным тэксце дакумента Сінода біскупаў, прысвечанага моладзі, у якім гаворыцца: «Маладыя хрысціяне даюць добрае сведчанне аб Евангеллі, калі яны жывуць сваёй верай так, што ў выніку іх жыццё і штодзённая актыўнасць перамяняюцца. Яны пакліканыя быць адкрытымі для маладых людзей іншых рэлігійных і духоўных традыцый, падтрымліваць з імі шчырыя адносіны, якія спрыяюць узаемнаму пазнанню і лечаць ад прадузятасці і стэрэатыпаў. Яны з'яўляюцца пачынальнікамі новай формы міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу, які дапамагае вызваліць наша грамадства ад рознага роду выключэнняў, экстрэмізму, фундаменталізму і таксама ад маніпулявання рэлігіяй дзеля сектанцкіх і папулісцкіх мэтаў. Як сведкі Евангелля, гэтыя маладыя людзі са сваімі сябрамі становяцца актывістамі інклюзіўнага грамадзянства і рэлігійнага сацыяльна адказнага і канструктыўнага стаўлення ў будаванні супольнасці і міру.”

 

Чытаючы гэты тэкст, мы бачым, што святыя Кірыла і Мятод здолелі захаваць юнацкі дух да канца жыцця. І цяпер мы павінны задаць сабе пытанне: а які дух ува мне? Ці адкрыты я на актуальнасць Евангельскага паслання? Ці здольны перадаць яго маім бліжнім?

 

Дарагія браты і сёстры, мы таксама павінны старацца выходзіць да іншых, а не прымушаць іх адпавядаць нашым звычкам ці таму, што мы лічым за лепшае. Выходзіць да іншых, як Езус прыйшоў да нас, стаўшы чалавекам, прымаючы на сябе ўсё чалавечае, каб людзі змаглі Яго разумець і каб увесці іх у інтымнасць Бога.

 

Сябры, перш чым завяршыць гэтае разважанне, я хачу падзяліцца з вамі вельмі простым і глыбокім сведчаннем, якое добра ілюструе спосаб сапраўднай евангелізацыі, якой з’яўляецца любоў. Гаворка ідзе пра чатырохгадовага хлопчыка, чый старэнькі сусед нядаўна страціў жонку. Убачыўшы, што мужчына плача, хлопчык зайшоў да яго ў двор, залез на калені і проста сядзеў з ім. Калі яго мама пазней спытала, што ж такога ён сказаў суседу, хлопчык адказаў: “Нічога. Я проста дапамог яму плакаць.” “Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача … пяшчотна любіце адно аднаго братняю любоўю.”(Рым 12,10,15) Такой любоўю любіць нас Езус і такой любоўю Ён вучыць нас любіць адзін аднаго, каб усе даведаліся, што мы - Яго вучні (Ян 13, 35 ) і каб захацелі да нас далучыцца.

 

Апостал Павел нагадвае нам, што менавіта ў разнастайнасці магчыма сапраўдная еднасць, дзе кожны можа выразіць сябе згодна са сваім пакліканнем, у згодзе з іншымі, каб было адно цела, складзенае з мноства членаў.

 

Няхай жа Гасподзь пачуе нашыя сэрцы і напоўніць нас ласкай, каб мы ўсё больш станавіліся адзін для аднаго і для ўсіх нашых братоў і сясцёр каналамі Божай любові, сведкамі Евангелля.

 

Звернемся ж разам да Бога Айца ў малітве: “Ойча, Ты любіш кожнага з нас, як сваё дзіця, і прагнеш, каб кожны з нас мог выразіць па-свойму таямніцу Тваёй любові, дапамажы нам прымаць нашых бліжніх такімі, якія яны ёсць, каб мы ўсе разам маглі жыць у адзінстве - у Тваёй любові”. Амэн.


Вярнуцца назад