Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Трываць на шляху веры, трываць у служэнні Госпаду”
“Трываць на шляху веры, трываць у служэнні Госпаду”10.02.2019. |
|
У рамках гэтага свята адзначана таксама 70-дзе архімандрыта Сяргея (Гаека) Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
У святкаванні прымалі ўдзел самыя высокія госці - Апостальскі Нунцый ў Рэспубліцы Беларусь Архібіскуп Габар Пінтэр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Уладыкі Юры Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі і прадстаўнікі рыма-каталіцкага духавенства: прэлат Андрэй Стэцкевіч, канонік Уладзіслаў Завальнюк, канонік Раман Факсінскі, а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС (суперыёр марыянаў у Беларусі). Удзельнічалі таксама святары і дыяканы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Кульмінацыйным момантам святкавання стала святочная Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый. У сваім казанні ён падкрэсліў значэнне дзейнасці Святых Братоў Салунскіх Кірылы і Мятода, якія - апярэдзіўшы час - неслі нястомна славянскім народам Слова Божае на роднай мове.
Пасля Боскай Літургіі са словамі віншавання з нагоды 70-дзя жыцця звярнуўся да архімандрыта Сяргея (Гаека) Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. “Архімандрыт Сяргей святкуе юбілей 70 год жыцця, 45 год святарства і 25 год служэння ў Беларусі на чале Грэка-Каталіцкай Царквы. Апошнія 25 год жыцця архімандрыта Сяргея – гэта час руплівага служэння на Беларускай Зямлі Богу і Царкве. Гэта час ахвярнай працы па адраджэнню царкоўных структур каталіцкай Царквы візантыйскай традыцыі – у плённым супрацоўніцтве з іерархіяй і духавенствам Рыма-Каталіцкага Касцёла. І гэта вельмі карысна для духоўнага дабра вернікаў”.
Апостальскі Нунцый Архібіскуп Габар Пінтэр ў віншавальным слове да архімандрыта Сяргея сказаў: “Я хацеў б выразіць Вам, вялебны Ойча, мае самыя шчырыя пажаданні словамі Святога Айца Францішка: Трываць на шляху веры, трываць на шляху да абяцання, трываць у служэнні Госпаду, заўсёды трываць”.
Віншаванні склалі архімандрыту таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства і грэка-каталіцкіх парафій.
Пасля Боскай Літургіі за святочным сталом шматлікія вернікі і госці мелі магчымасць асабіста павіншаваць архімандрыта Сяргея з юбілеем.
*** Архімандрыт Сяргей (свецкае імя - Ян) нарадзіўся 08.02.1949 г. у Лышковічах каля Ловіча (Польшча). Паходзіць з каталіцкай сям’і, сын Уладыслава і Алены Гаекаў. У 1967 г. закончыў агульнаадукацыйны ліцэй ў Ловічы (1967) і хацеў вывучаць славянскую філалогію ў Варшаўскім Універсітэце. Аднак адмовіўся ад гэтай ідэі і ў жніўні 1967 г. уступіў у ордэн манахаў-марыянаў “бяручы пад увагу жывую традыцыю працы ў візантыйска-славянскім абрадзе, якая існуе ў гэтым манаскім ордэне”. У 1967-1974 гг. вучыўся на багаслоўскім факультэце Каталіцкага Універсітэту ў Любліне (КУЛ). Падчас студыяў кантактаваў з беларускім культурным і рэлігійным асяродкам у Лондане (між іншым з біскупам Чэславам Сіповічам, а. Робертам Тамушанскім). Вечныя манаскія шлюбы склаў 15.08.1973 г., святарскія свячанні атрымаў 23.06.1974 году ў Гуры Кальварыі каля Варшавы. У 1974-1976 а. Сяргей працаваў на парафіі ў Глухолазах. Наступныя два гады паглыбляў багаслоўскія веды на тэалагічным факультэце Каталіцкага Універсітэту ў Любліне (кафедра параўнаўчага багаслоўя і экуменізму). Потым быў накіраваны ў Рым, дзе ў 1978-1983 гг. студыяваў у Папскім Усходні Інстытуце. У лістападзе 1983 г. абараніў доктарскую працу і вярнуўся ў Польшчу. У 1983-1999 гг. вёў навукова-дыдактычную дзейнасьць пры кафедры праваслаўнага багаслоўя ў Экуменічным інстытуце Каталіцкага Універсітэту ў Любліне.
У беларускія рэлігійныя справы а. Сяргей заангажаваўся ў другой палове шасцідзясятых гадоў. Гэтаму паспрыяла ягонае знаёмства з вязням савецкіх лагерох марыянінам-беларусам а. Тамашом Падзявам, які меў моцны інтэлектуальны і духоўны ўплыў на яго.
15.02.1993 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў а. Сяргея Гаека Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі, у 1996 годзе а. Сяргей атрымаў сан архімандрыта, а ў 1997 ён становіцца кансультарам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Архімандрыт Сяргей з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых публікацыяў (на розных мовах) па літургіцы, марыялогіі, эўхарысталогіі, кірыла-мятодыеўскай традыцыі і экуменічных адносінах Цэркваў на славянскім Усходзе.
Вярнуцца назад |