Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава Слосканса

Папа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава Слосканса


25.09.2018.

Папа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава Слосканса24 верасня падчас св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай Аглонскай у Латвіі папа Францішак узгадаў словы Слугі Божага Баляслава Слосканса, які быў біскупам у Магілёве і Мінску ў жахлівы час савецкага пераследу веры.


У Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой Святы Айцец узначаліў падчас свайго аднадзённага візіту ў Латвію ў межах Апостальскага падарожжа па краінах Балтыі, брала ўдзел вялікая група пілігрымаў з Беларусі. У санктуарыі Маці Божай Аглонскай, які знаходзіцца непадалёк ад беларуска-латвійскага памежжа, Пантыфік асабліва падкрэсліў, што Панна Марыя стаіць побач з пакутуючымі і заклікае да прабачэння і будавання братэрства.

 

У гаміліі Папа засяродзіўся на тэме, акрэсленай дэвізам ягонага падарожжа ў Латвію: «Пакажы нам сваю Маці». Ён заўважыў, што на старонках Евангелля св. Яна Панна Марыя з’яўляецца ў дзвюх сітуацыях: на вяселлі ў Кане і пад крыжам свайго Сына Езуса. Такім чынам, зазначыў Святы Айцец, Марыя паказвае сябе ў першую чаргу побач з тымі, хто пакутуе; з тымі, ад каго ўвесь свет уцякае; побач з тымі, каго судзяць, каго ўсе асуджаюць, каго дэпартуюць.

 

«Яна не толькі з тымі, хто церпіць ад прыгнёту ці эксплуатацыі, але і з тымі, хто знаходзіцца „па-за сістэмай“, на ўзбочыне грамадства. З імі ёсць таксама Маці, прыбітая да крыжа незразумення і пакут»,— сказаў Папа.

 

Паводле яго словаў, Маці Божая таксама паказвае нам, якім чынам трэба прысутнічаць у падобных сітуацыях: не мімалётна і павярхоўна, а рашуча і грунтоўна, каб усе адчужаныя члены грамадства маглі адчуць ласкавую блізкасць гэтай Маці.

 

«Таксама і мы пакліканыя „дакрануцца“ да пакут іншых. Выйдзем насустрач нашаму народу, каб суцяшаць і суправаджаць яго. Не будзем баяцца адчуць моц пяшчоты і ўвайсці ў канкрэтнае жыццё іншых людзей»,— заклікаў Святы Айцец.

 

Папа Францішак адзначыў важнасць адкрытасці і сапраўднай блізкасці да людзей, бо, паводле яго, недастаткова толькі знаходзіцца ў адным асяроддзі, але трэба з любоўю прымаць іншых.

 

«Колькі сужонкаў маглі б распавесці гісторыю таго, як яны былі блізкімі, але не разам; колькі маладых людзей адчуваюць больш гэтай аддаленасці ад дарослых; колькі пажылых людзей адчуваюць халодны дагляд, але не адчуваюць, што пра іх клапоцяцца і прымаюць з любоўю», — заўважыў Пантыфік.

 

Пры гэтым ён адзначыў, што цяжка быць адкрытымі для тых людзей, якія прычынялі зло. Нават у кантэксце палітычнай рэальнасці варта памятаць, што Марыя паказвае сябе як жанчына, адкрытая для прабачэння, здольная забывацца пра крыўды, падкрэсліў Папа.

 

«Біскуп Слосканс, які спачывае тут, пасля таго, як быў арыштаваны і сасланы далёка, пісаў сваім бацькам:

„Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дапусцім гэта, то будзем не сапраўднымі хрысціянамі, а фанатыкамі“»,— працытаваў пастыр паўсюднага Касцёла словы адважнага сведкі веры на нашых землях, парэшткі якога спачываюць у аглонскай базыліцы.

Беручы з яго прыклад, Святы Айцец заклікаў вернікаў зноў адкрыць для сябе каштоўнасць паўсюднага братэрства, а таксама будаваць адзінства з павагай да адметнасцяў. Напрыканцы св. Імшы папа Францішак падзякаваў усім, хто спрычыніўся да арганізацыі яго візіту ў Латвію.

Як памяць пра наведванне папам Францішкам аглонскага санктуарыя у якасці вотума тут застанецца яго ружанец, які Святы Айцец пакінуў каля цудатворнага абраза Маці Божай.

 

25 верасня стане апошнім днём візіту Святога Айца ў краіны Балтыі, падчас якога Папа наведае Эстонію — краіну, дзе жыве найменшая колькасць католікаў у гэтым рэгіёне.

 

Папа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава СлоскансаПапа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава СлоскансаПапа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава СлоскансаПапа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава СлоскансаПапа Францішак у Аглоне працытаваў біскупа Баляслава Слосканса

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад