На міжканфесійную малітву за Блізкі Усход ды братэрскі дыялог аб рашэнні сітуацыі ў рэгіёне Папа Францішак запрасіў у г. Бары (Італія) патрыярхаў усходніх Цэркваў Блізкага Усходу: Каталіцкіх, Праваслаўных ды Дахалкідонскіх а тасама Халэйскай і Асірыйскай Цэркваў і Апостальскага адміністратара Лацінскага Патрыярхата Ерусаліма.
У суботу - 7 ліпеня 2018 г., пасля малітвы ля мошчаў св. Мікалая Мірлікійскага ў ягонай базыліцы першаіерархі працягнуць малітву з сабранымі вернікамі розных канфесій па берагу Адрыятыцкага мора.У гэтай малітве прымае ўдзел так сама Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт. Сяргей (Гаек).
Іерархі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы - на штогадовай канферэнцыі ў г. Лунгра 14-17 чэрвеня 2018 г. - запрасілі вернікаў духова з'яднацца ў малітве з Папам Францішкам. У гэтую малітоўную падтрымку ўключыліся і грэка-католікі Беларусі, пачынаючы ад свята Першавярхоўных Апосталаў Пятра і Паўля - 29 чэрвеня 2018 г.
На працягу мінулых тыдняў у горадзе Бары ды ва ўсёй архідыяцэзіі Бары-Бітонта былі арганізаваныя розныя малітоўныя сустрэчы вернікаў розных канфесій. Міжканфесійная "Супольнасць Ісуса" ды платформа міжканфесійнага супрацоўніцтва "Synergeia pro Oriente Christiano" арганізавала ў горадзе Бары эстафету малітвы ды дыялогу ў днях 5-6 ліпеня 2018, якую ўзначалілі архімандрыт Сяргей (Гаек) і англіканскі архібіскуп Шон Ларкін (з Вялікабрытаніі).
"Мы вельмі ўдзячныя беларускім грэка-католікам за іх актыўны ўдзел у розных міжканфесійных ініцыятывах дзеля развіцця дыялогу для дабра Усходніх Цэркваў. Асабліва радуе нас удзел беларускіх грэка-католікаў у Малітоўнай сустрэчы Папы Францішка ды Патрыярхаў Усходніх Цэркваў Блізкага Усходу, што праходзіць у горадзе св. Мікалая - Бары ў суботу 7 ліпеня 2018 г. Дзякуй вам за гэты каштоўны знак духовай салідарнасці" - сказаў Старшыня "Супольнасці Ісуса" прафесар Матэа Калізі.