Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру»

Ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру»


8.06.2018.

Ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру»8 чэрвеня па ініцыятыве «Каталіцкага дзеяння» і шэрагу іншых каталіцкіх арганізацый а 13-й гадзіне ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру».


Ініцыятыва ўзнікла чатыры гады таму ў падтрымку дыялогу дзеля міру на Святой Зямлі напярэдадні сустрэчы Святога Айца Францішка з прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам, кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам і Канстанцінопальскім патрыярхам Барталамеем, якая адбылася 8 чэрвеня 2014 г. у садах Ватыкана. З 2015 г. акцыя праводзіцца ва ўсім свеце 8 чэрвеня а 13-й гадзіне.

 

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася год таму, папа Францішак нагадаў пра актуальнасць ініцыятывы: «У наш час існуе вялікая патрэба маліцца — хрысціянам, юдэям і мусульманам — за мір».

 

Як праходзіць акцыя?


Ініцыятары заклікаюць усіх, каму дарагая справа міру, веруючых і няверуючых, затрымацца на хвіліну малітвы або маўчання. Можна маліцца паасобку або ў супольнасці, дома, на працы, на вучобе. Магчыма таксама запланаваць на гэты час набажэнства ў інтэнцыі міру і правесці яго ў святыні або на вуліцы. Галоўнае, як адзначаюць ініцыятары акцыі, каб да яе далучылася як мага больш людзей і каб такім чынам ва ўсім свеце пашыралася справа міру.


Малітва папы Францішка 8 чэрвеня 2014 г.

 

Пане, Божа міру, выслухай нашае маленне! Мы шмат разоў на працягу многіх гадоў спрабавалі вырашаць канфлікты паміж намі з дапамогаю сілы і нават з дапамогаю зброі; перажылі так шмат хвілін варажнечы і цемры; пралілі так шмат крыві; паламалі так шмат лёсаў; пахавалі так шмат надзеяў… Але нашыя намаганні аказаліся марнымі.

 

Цяпер, о Пане, Ты сам дапамажы нам! Дай нам мір, навучы нас міру, вядзі нас да міру. Адкрый нашыя вочы і нашыя сэрцы і дай нам мужнасць сказаць: «Няхай больш ніколі не будзе вайны! Вайна ўсё разбурае!» Напоўні нас адвагаю рабіць канкрэтныя справы дзеля пабудовы міру. Пане, Божа Абрагама і Прарокаў, Божа Любові, які стварыў нас і заклікаеш нас, каб мы жылі як браты, дай нам сілы кожны дзень быць творцамі міру; дай нам здольнасць добразычліва глядзець на ўсіх нашых братоў, якіх мы сустракаем на нашым шляху. Дай нам здольнасць пачуць крык нашых суграмадзянаў, якія просяць нас ператварыць нашыя ўзбраенні ў прылады міру, нашыя страхі — у давер, а нашыя крыўды — у прабачэнне.

 

Падтрымлівай у нас нязгаснае полымя надзеі, каб з цярплівай настойлівасцю мы выбіралі дыялог і прымірэнне дзеля канчатковай перамогі міру. Няхай з сэрца кожнага чалавека назаўжды знікнуць словы «падзел, нянавісць, вайна»! Пане, абяззброй язык і рукі, аднаві сэрцы і думкі, каб нашым прывітаннем заўсёды было слова «брат», а стылем нашага жыцця стаў шалом, мір, салям!

 

Амэн.

 

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад