Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НАШАЯ СПАДЧЫНА

НАШАЯ СПАДЧЫНА


5.04.2018.

НАШАЯ СПАДЧЫНАГістарычная кансультацыя пра школы Айцоў Базыльянаў у Гродзенскай губерні

 

5 красавіка 2018 г. у Архіве Грэка-каталіцкай  курыі ў Мінску прайшла гістарычная кансультыцыя на тэму "Публічныя школы айцоў базыльянаў у Гродзенскай губерні ў 1795 – 1839 гадах".

 

Да увагі чытачоў сайта прадстаўляем тэкст д-ра Радаслава Дабравольскага (з Collegium Suprasliense у Супраслі), які быў базай кансультацыі, і які ўжо раней быў зачытаны на Міжнароднай канферэнцыі «Мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі і яго рэформа ўсходнеславянскага манастваСлужэнне Ордэна базыльянаў на Беларускіх землях: 1617 – 2017», што прайшла ў Баранавічах 4 лістапада 2017 г.

 

 

 



 

 

Д-р Радаслаў Дабравольскі, СУПРАСЛЬ

Публічныя школы айцоў базыльянаў у Гродзенскай губерні

ў 1795 – 1839 гадах

 

Уніяцкая сістэма адукацыі бярэ пачатак у дзейнасці школ часоў першых уніяцкіх мітрапалітаў Міхала Рагозы (1596 – 1599) і Іпація Пацея (1600 – 1613). Гэта былі ўстановы, якія ствараліся на ўзор тых, што былі заснаваныя праваслаўнымі стаўрапігіяльнымі брацтвамі. Іхняй мэтай было захаванне ўніяцкага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага пры каталіцкай веры. Спробы рэфармавання сістэмы адукацыі праз заангажаванне грэка Пятра Аркудыя, выпускніка Папскай калегіі ў Рыме, не прынеслі чаканых вынікаў. Толькі пасля рэформы базыльянаў, праведзенай Язэпам IV Вельямінам Руцкім, царкоўная сістэма адукацыі набыла новую якасць. Школы Руцкага, якія абапіраліся на лацінскую школьную сістэму (асабліва на езуіцкую), мелі на мэце рыхтаваць вучняў не толькі для ордэна базыльянаў, але і для дзяржаўнай службы на Літве. Яны прымалі вялікі ўдзел у выхаванні эліты Вялікага Княства Літоўскага, садзейнічалі захаванню маладой эліты пры ўніяцкай веры, а таксама пры рускай (беларускай) этнічнай і культурнай самасвядомасці. Маскоўскі напад 1654 г. на ўсходнія тэрыторыі Рэчы Паспалітай амаль дашчэнту знішчыў базыльянскія школы. Уніяцкая сістэма адукацыі адрадзілася толькі пасля Замойскага сінода (1720 г.) на чале з мітрапалітам Лявонам Кішкам. Сінадальныя каноны прадпісвалі, каб у базыльянскіх манастырах, дзе служаць не менш за 12 манахаў, ствараліся тэалагічныя школы. Даследчыкі называюць 1754 – 1772 гады “залатым перыядам ордэна базыльянаў”. У гэты перыяд базыльяне кіравалі вялікай колькасцю сярэдніх школ ва ўсёй Рэчы Паспалітай [1].

 

Далейшае дынамічнае развіццё сістэмы адукацыі, якую ажыццяўляў ордэн базыльянаў, адбылося ў перыяд існавання Камісіі нацыянальнай адукацыі (КНА). Тады дзейсныя адукацыйныя ўстановы, якія належалі гэтаму ордэну, былі ўключаныя ў адзіную адукацыйную сістэму. Ужо не базыльяне згодна са сваімі ўстаноўкамі складалі праграмы навучання, а таксама правілы арганізацыі працы школ. Гэтыя пытанні былі агавораныя ў адукацыйных палажэннях, а кантроль над іх рэалізацыяй быў даручаны Віленскай акадэміі (Галоўнай школе Вялікага Княства Літоўскага).

 

Ліквідацыя структур Камісіі нацыянальнай адукацыі ў 1794 г., а затым ІІІ падзел і ліквідацыя Рэчы Паспалітай, не спынілі дзейнасць многіх базыльянскіх школ на літоўска-беларускай тэрыторыі, далучанай да Расійскай Імперыі. У 1803 г. быў заснаваны Імператарскі Віленскі Ўніверсітэт. Як і ў перыяд КНА, ён ажыццяўляў кантроль над сярэднімі, парафіяльнымі школамі, а таксама прыватнымі пансіёнамі. Стваральнікам гэтай сістэмы быў князь Адам Ежы Чартарыскі, адна з найбліжэйшых давераных асоб імператара Аляксандра І. Ствараючы школьную сістэму, ён звярнуўся да праверанай мадэлі сістэмы адукацыі, якая абапіралася на статуты колішняй адукацынай камісіі з часоў Рэчы Паспалітай. Базыльяне атрымалі магчымасць яшчэ большага развіцця сваёй адукацыйнай прапановы. Тады многія нелегальныя школы маглі стаць легальнымі. Для “прыняцця” заставаліся школы, якія належалі экс-езуітам, аб’яднаным у т. зв. “калектыў выкладчыкаў”, своеасаблівы параордэн. Больш за тое, трапляючы пад крыло ўніверсітэта і Адама Ежы Чартарыскага, а таксама яго супрацоўнікаў, базыльяне забяспечвалі сабе абарону ад спроб абмежавання дзейнасці іхняга ордэна ў імперыі цароў. Несучы агонь асветы ў дзяржаве асвечанага абсалютызму (самадзяржаўя), яны баранілі права на сваю дзейнасць і ў пэўнай ступені прадаўжалі існаванне Уніі на тэрыторыях, забраных Расіяй [2].

 

Гродзенская губерня была ўтвораная ў 1801 г. і паўстала з Гродзенска-Віленскай губерні, якая існавала ў 1796 – 1801 гадах. Раней яе тэрыторыя належала да Слонімскай губерні, утворанай у 1795 г. Яна складалася з васьмі паветаў: Гродзенскага, Лідскага, Навагрудскага, Слонімскага, Пужанскага, Ваўкавыскага, Кобрынскага і Берасцейскага. Толькі ў 1842 г. да яе была далучаная Беластоцкая акруга, а таксама былі выключаныя Лідскі павет (далучаны да Віленскай губерні) і Навагрудскі павет (далучаны да Мінскай губерні). На пачатку ХІХ ст. на тэрыторыі Гродзенскай губерні існавала 18 базыльянскіх манастыроў. Гэтая лічба складала 21,4% усіх базыльянскіх манастыроў у Расійскай Імперыі [3].

 

Сярэднія школы


На пачатку ХІХ ст. на тэрыторыі берасцейскай уніяцкай дыяцэзіі і адначасова ў літоўскай правінцыі ордэна базыльянаў існавалі школы гэтага ордэна ў мясцовасцях: Падубісь, Беразвечча, Баруны, Ляды, Жыровічы і Берасце. У Гродзенскай губерні знаходзіліся Жыровіцкая і Берасцейская школы.

 

Жыровіцкая школа згодна з рапартам прэфекта Базыля Дэсажа была заснаваная ў 1631 г., а 24 сакавіка 1710 г. атрымала прывілей польскага караля Аўгуста ІІ [4]. Верагодна, у сувязі з гэтым прывілеем гісторык Лешак Заштаўт датуе заснаванне школы мяжой паміж 1709 – 1710 гадамі [5]. У сваю чаргу, берасцейская базыльянская школа заснаваная ў 1797 г. На той момант расійскія ўлады перадалі яе пад нагляд уніяцкіх манахаў. Раней ёю кіравалі настаўнікі з выкладчыцкага калектыву. Адукацыйныя традыцыі былой езуіцкай школы ў Берасці, перададзенай базыльянам, бяруць пачатак у даўнія часы. Гэтая ўстанова была заснаваная ў 1624 г. па ініцыятыве канцлера Льва Сапегі. Перад першым падзелам Рэчы Паспалітай яна належала да найбольш прэстыжных устаноў у дзяржаве. Установа мела статус спецыялізаванай ваяводскай школы, або гімназіі. Сярод усіх 74 былых езуіцкіх школ часоў КНА візітатары ацэньвалі яе вельмі добра, ставячы на 9 месцы [6]. Прымаючы школу, базыльяне змясцілі яе ў сваім даўнім драўляным манастыры, які існаваў там з 1631 г. Умовы ў памяшканні былі жахлівыя, што кожны раз падкрэслівалі візітатары. Апрача васьмі манаскіх келляў і трапезнай, у манастыры размяшчаліся 3 школьныя класы, а таксама памяшканне для гарадской школы, пра якія будзе сказана ў частцы, прысвечанай парафіяльным школам. Астатнія два класы павятовай школы знаходзіліся за драўляным манастыром у межах манастырскай нерухомасці сярод іншага праз перабудову для гэтай мэты стайні і свірана [7]. Экстрэмальная сітуацыя з памяшканнем была ўрэгуляваная рашэннем аб узвядзенні мураванага, прасторнага будынку школы. Рашэнне ўзяць на сябе абавязацельствы па аб’екце было прынятае на з’ездзе шляхты Берасцейскага і Кобрынскага паветаў у Гродне 15 студзеня 1809 г. Шляхта выдаткавала для гэтага 2.218 срэбраных рублёў, атрыманых раней з расійскага скарбу за правіянт жаўнерам. Гэтая немалаважная датацыя павінна была быць выплачаная базыльянам праз пасярэдніцтва “яснавяльможнага тайнага радцы і кавалера” Станіслава Урсына Нямцэвіча. Аб’ект быў скончаны дзякуючы 5000 польскіх злотых, пазычаным пад 5%, ад габрэя Зыберга Ратара.


Для разрахунку з пазычальнікам манастыр базыльянаў аддаў частку залаў у арэнду для земскай канцылярыі і кватэры гадзіншчыка. Увесь кошт пабудовы Школьнага дома з жылой плошчай 550 кв. м. склаў 4.846 срэбраных рублёў і 78 капеяк [8].

 

Статус і значэнне павятовай школы ў Берасці вызначала тое, што яна несла асвету не толькі вучням з Берасцейскага павета, але таксама з Кобрынскага і Пужанскага паветаў, дзе не было ніводнай сярэдняй школы. Больш за тое, яе ўплыў дасягаў памежных паветаў суседняй Валынскай губерні. Вучні гэтай школы складалі ў 1817 годзе аж 14% адносна ўсіх вучняў Гродзенскай губерні, у 1820 г. – 14,83% [9], у 1825 г. – 11,08% [10], урэшце ў 1827 г. – 11,40% [11].

 

Аналагічны статус мела школа ў Жыровічах, якая займала прасторныя памяшканні тамтэйшага базыльянскага абацтва. Рапарты ад 1819, 1820, 1823 і 1825 гадоў характарызуюць яе як установу ў статусе гімназіі. Адміністрацыя ўніверсітэта параўноўвала яе з дзвюма найлепшымі школамі Гродзенскай губерні: Гродзенскай гімназіяй (дамініканаў) і Свіслацкай губернскай гімназіяй.

 

Выключны статус жыровіцкай школы пацвярджаецца зменлівасцю колькасці вучняў. Хаця гэта не было правілам, іх колькасць перавышала колькасць вучняў павятовых школ: у Шчучыне (піяраў), Навагрудку (дамініканцаў), Слоніме (латэранскіх канонікаў), Лыскаве (місіянераў) і Лідзе (піяраў). З гэтага пункту гледжання Жыровічы саступалі толькі Свіслацкай гімназіі і Гродзенскай павятовай школе, якая належала дамініканам. Таксама трэба дадаць, што адносна вучняў жыровіцкая школа несла асвету ў сярэднім больш чым 13% вучняў Гродзенскай губерні. Адносна наведвальнасці Жыровічы па статыстыцы былі блізка да берасцейскай школы і толькі нязначна апярэджвалі яе ў гэтым. Сярод вучняў самай шматлікай групай паводле сацыяльнага становішча была шляхта, адсотак якой у 1803 г. складаў 68.66 [12] і з цягам часу рос. У 1820 г. ён складаў аж 80% [13], а ў 1826 г. 93% [14]. Другой па колькасці сацыяльнай групай былі т. зв. “святарскія сыны” ці “паповічы” – сыны ўніяцкіх парахаў. Іх адсотак вагаўся ад 14% да 28%. Зафіксаванае ў 1820 і 1822 г. памяншэнне колькасці сыноў святароў адносна іншых сацыяльных груп было выразным адлюстраваннем крызісу ў лоне каталіцкай царквы; выбухам непрыязі жанатага духавенства да базыльянаў. Аднак трэба падкрэсліць, што гэты канфлікт меў лакальны характар і не выйшаў за межы Жыровічаў. Ён быў прыкладам лакальнай спрэчкі ўнутры ўніяцкага асяродку ў Жыровічах.

 

Жыровіцкую школу характарызавала тое, што сярод яе вучняў ніхто не вызнаваў расійскае праваслаўе. У рапарце дырэктара Свіслацкай гімназіі Ігната Брадоўскага ад 20 лістапада 1826 г. знаходзім інфармацыю, што ў той час ва ўсёй Гродзенскай губерні было толькі 18 праваслаўных вучняў [15]. У далучаным да гэтага рапарта спісе вучняў грэка-расійскага веравызнання з Гродзенскай губерні 1826/1827 навучальнага года сцвярджаецца, што толькі ў жыровіцкай школе і ў павятовых школах у Лыскаве і Навагрудку “вучняў грэка-расійскага веравызнання няма”[16]. У адрозненні ад іншых школ Гродзенскай губерні, у Жыровічах практычна не было сыноў мяшчан. Гэта было звязана з перыферыйным станам школы ў вясковым атачэнні. Напрыклад, у берасцейскай школе яны складалі часам амаль 30% [17]. Школьныя рапарты ад 1803, 1810, 1816 гадоў не фіксуюць у Жыровічах вучняў “сялянскага” паходжання. Толькі ў 1818 г. у школе з’яўляецца адзіны прадстаўнік гэтай групы. У 1820 і 1822 г. назіраецца рост гэтай групы вучняў да двух адсоткаў адносна ўсіх вучняў.

Школа ў Жыровічах мела характар установы надрэгіянальнага маштабу. У 1803 г. аж 85,64% вучняў паходзіла з васьмі паветаў Гродзенскай губерні, у 1822 г. – 91,04%, а ў 1826 г. - 87,69% [18]. Вучні са Слонімскага павета, на тэрыторыі якога знаходзіліся Жыровічы, складалі на той час 45-55%.

 

У сваю чаргу, у берасцейскай школе ў 1803 г. было 77% вучняў [19] з Берасцейскага павета, у 1822 г. крыху больш за 67% [20], а ў 1826 г. няпоўныя 65%. Другое месца сярод вучняў адносна прапіскі займаў Кобрынскі павет. Кожны пяты вучань паходзіў з гэтага павета. На трэцім месцы былі вучні з Пужанскага павета (у 1803 г. – 1,39%, а ў 1822 г. – 5%). Наступнае месца займалі вучні з Ковельскага павета Валынскай губерні.

 

Пры жыровіцкай школе базыльяне трымалі за свой кошт інтэрнат для т. зв. паўпераў – беднай шляхты. Візітатары вельмі хвалілі іх за гэта. У дакуменце ад 26 чэрвеня 1803 г. яны выказалі базыльянам наступную пахвалу: “Не меншае права на публічную падзяку грамадства мае яснавяльможны а. Лаўрыновіч, кіраўнік гэтага месца, які за кошт накапленняў утрымлівае 13 паўпраў, або вучняў з убогай шляхты”[21]. У 1814 г. на ўтрыманні базыльянаў было 12 чалавек, у 1825 – шаснаццаць [22].

 

Базыльяне абедзвюх сярэдніх школ – у Жыровічах і Берасці – лепш за ўсіх ордэнскіх настаўнікаў Гродзенскай губерні выконвалі патрабаванні Імператарскага Ўніверсітэта ў Вільні датычна да слухання лекцый у гэтай сама ўстанове. Гэта правіла ўводзілі князь Адам Ежы Чартарыскі і Тадэвуш Чацкі з ліцэя ў Крамянцы пры значным удзеле рэктара віленскай альма-матэр Яна Снядэцкага.

 

З пачатку ХІХ ст. аж да 1826 г. у Жыровічах было па меншай меры дзевяць “школьных дазорцаў” – кіраўнікоў школы [23]. Паводле статыстыкі, кожны выконваў гэтыя абавязкі праз 3 гады. Аналізуючы біяграфіі настаўнікаў – манахаў, прысланых протаігуменам правінцыі Святой Тройцы ў Жыровічы, – можна сцвердзіць, што там кіравалі духоўнымі асобамі, якія ўжо мелі пэўны настаўніцкі досвед. Сярод многіх настаўнікаў мы сустракаем духоўных асоб, якіх закранулі вострыя пераследы з боку расійскіх улад падчас усеагульнай змены веравызнання (1839 г.). Імі былі: Люцыян Ваявудзкі, Іраклій Лебэль [24] і а. Ігнат Праневіч. Пасля таго, як яны праявілі негатыўнае стаўленне да ўчынкаў вераадступніка Язэпа Сямашкі, ягоным рашэннем яны разам з 33 базыльянамі былі сасланыя ў глыб Расійскай Імперыі. Такі ж трагічны лёс напаткаў доктара Язафата Слабодзкага, абата жыровіцкага манастыра, які раней – каля 1803 г. – быў таксама настаўнікам у тамтэйшай школе.

 

Першакрыніцы, звязаныя з берасцейскай школай, дазваляюць назваць 42 настаўнікаў, уключаючы 3, якія не былі ў ордэне базыльянаў. Сярод іх было пяць школьных дазорцаў (а. Язафат Рачыньскі, 1797 – 1815; а. Нікадым Марціноўскі, 1815 – 1817; а. Язэп Ардановіч, 1818 – 1823 і 1828 – 1830; а. Фабіян Мажальскі, 1824 – 1825; а. Дыянісій Анышкевіч, 1825 – 1828). Варта асаблівай увагі тое, што сярод 39 базыльянскіх настаўнікаў з Берасця аж чатырнаццаць да ўступлення ў ордэн навучалася ў базыльянскіх сярэдніх школах у Жыровічах, Оўручы, Беразвеччы, Барунах і Вільні. Хвалячы іх сур’ёзную падрыхтоўку і запал, візітатары не ўстрымліваліся ад пэўных крытычных заўваг. Найперш яны датычылі сітуацыі з памяшканнямі і былога езуіцкага бібліятэчнага кнігазбору, які ляжаў на зямлі ў адным з памяшканняў без належнай пашаны. Крытыка таксама датычыла прымянення базыльянамі мнематэхнічнага метаду навучання, т. зв. “завучвання” на памяць. Іншым разам уніяцкіх манахаў абвінавачвалі ў адсутнасці рэжыму ў захаванні моўнай культуры падчас школьных заняткаў. Гаворка ішла пра завышаную схільнасць да ўжывання няпольскіх слоў. Верагодна, гэта было ўжыванне простай мовы, або рускай (беларускай) гутарковай мовы, якая выйшла з традыцый Вялікага Княства Літоўскага, чыім залатым фондам карыстаўся гэты ордэн.

 

Вучні дзвюх вышэйапісаных базыльянскіх сярэдніх школ Гродзенскай губерні ў 1816 – 1827 гадах складалі ад 21,51% да 31,77% усіх вучняў губерні. Берасцейская школа ў 1816 – 1827 гадах забяспечвала адукацыяй у сярэднім 12,73% моладзі ўсёй Гродзенскай губерні. У Жыровічах крыху больш – 13,59%. Аднак трэба адзначыць, што жыровіцкая школа мела выпрацаваную яшчэ з XVII-XVIIІ стагоддзяў рэпутацыю і традыцыю. Берасцейская школа яшчэ выпрацоўвала свой статус. Апрача таго, яна раўнялася са сваім жыровіцкім аналагам. Яе характар добра адлюстраваў візітатар Міхал Хлявіньскі 10 мая 1824 г.: “Гэтая школа мае быць прызначаная для вучняў шляхты Берасцейскага, Кобрынскага, Пужанскага і памежных паветаў Валынскай губерні: Уладзімірскага і Ковельскага. Не менш сыноў грэка-уніяцкага веравызнання і берасцейскіх мяшчан”[25].

 

Навучанне сыноў святароў было адметнасцю школы ў Берасці. Яны складалі ад 22% да 26% усіх вучняў, або каля ¼ вучняў. Доля паповічаў у Берасці была большая, чым у школе ў Жыровічах, дзе сыны святароў складалі ў сярэднім каля 21% усіх вучняў. У 1816 – 1826 гадах у Берасці не назіралася памяншэнне гэтай групы вучняў (што выразна праявілася ў Жыровічах). Інакш у Берасці, куды з 1816 года прыбывалі паповічы. Таму можна заключыць, што перабольшаная расійскай гістарыяграфіяй напружанасць адносін паміж белым духавенствам і базыльянамі (якія, верагодна, з’явіліся ў Жыровічах у 1810 г., дзе жанатыя святары занялі частку манастыра для берасцейскай кансісторыі) не закранула павятовай школы ў Берасці. Колькасць святарскіх сыноў у Берасці часам была ўтрая большая, чым у рыма-каталіцкіх школах Гродзенскай губерні. Гэта сведчыць пра вялікі давер асяроддзя ўніяцкіх святароў дадзеным школам. Напрыклад, у 1816 г., калі гэтая група вучняў складала ў Берасці 24,5%, то ў школе місіянераў у Лыскаве – 10,7%, у школе піяраў у Лідзе – 8%, у школе дамініканаў у Навагрудку – 8,6%, а ў піярскай установе ў Шчучыне – 1,2%. Больш пра берасцейскую і жыровіцкую школы напісана ў асобных працах на гэтую тэму [26].

 

Парафіяльныя школы


Апрача дзвюх сярэдніх школ на тэрыторыі Гродзенскай губерні, базыльяне кіравалі парафіяльнымі школамі: у Антопалі, Берасці, Кобрыне, Міры і ў мястэчку Ружаны. Больш грунтоўна гэтая праблематыка агавораная ў іншым артыкуле [27].

 

Калі актыўнасць базыльянаў у сферы кіравання сярэднімі школамі вядомая практычна ўсім, то дзейнасць сеткі іхніх парафіяльных школ застаецца ў глыбокім цені. Вывучэнне дзейнасці гэтых устаноў можа даць адказ, якім мэтам служыла базыльянская сістэма парафіяльных школ і які ўплыў яна мела на захаванне этнічнай і рэлігійнай самасвядомасці ўніятаў (беларусаў).

 

Адной з найстарэйшых устаноў асноўнай ці пачатковай адукацыі была гарадская школа ў Берасці. Яна існавала пры тамтэйшым базыльянскім манастыры і была заснаваная дзякуючы князю Адаму Казіміру Чартарыскаму ў сярэдзіне XVIII ст. [28]. Школу ўтрымліваў берасцейскі магістрат, выплачваючы дырэктару заробак у памеры 400 польскіх злотых. Школа дзейнічала да 1804 г. Толькі ў 1813 г. яна ўзнавіла сваю дзейнасць, калі старшына кавальскага цэху Язэп Крачкевіч перадаў базыльянам фонд для яе дзейнасці. Пра фонд Крачкевіча кажуць школьныя рапарты: “Гарадская школа пры Літоўскай Берасцейскай павятовай школе пачала ўтрымлівацца ад фонда, прадстаўленага святой памяці Язэпам Крачкевічам, грамадзянінам горада Берасця, у 1813 годзе, месяца студзеня, 4 дня. Фонд на гэтую школу складае чырвоных злотых чатырыста 400, якія знаходзяцца ў маёнтку яснавяльможнай Ізабэлы з Грабоўскіх герба Граф Райскай, былой жонкай маршалка Берасцейскага павета. Адсотак ад гэтай сумы бярэцца сёмы, або чырвоных злотых дваццаць восем 28” [29]. Перадаючы фонд, старшына Крачкевіч заўважыў, што ў выпадку “зносу” базыльянскага манастыра школа і яе фонд павінны быць перададзеныя прадстаўнікам рыма-каталіцкай царквы[30]. Такім чынам ахвярадаўца засцерагаў сябе ад непакою перад ліквідацыяй царкоўнай уніі. Ён не хацеў, каб ягоныя сродкі служылі чужым рэлігійным і палітычным мэтам.

 

Візітатар, чалец Таварыства сяброў навук Язэп Касакоўскі пісаў, што гарадская школа ў Берасці – гэта “цудоўны прыклад для іншых гарадоў, у якіх у першую чаргу павінны былі б паўстаць узоры парафіяльных школ”. Ён расхвальваў узорную супрацу грамадзянскіх улад Берасця з ордэнам [31]. Гарадская школа перастала функцыянаваць падчас ліквідацыі берасцейскага манастыра 1 сакавіка 1830 г. Тады сама павятовая школа базыльянаў была перададзеная свецкім кіраўнікам, якіх прадстаўляў новы дырэктар школы Ян Ханусэвіч. 10 сакавіка 1830 г. былы прэфект базыльянскай павятовай школы ў Берасці а. Язэп Ардановіч перадаў Ханусэвічу ўсю школьную рухомую маёмасць, у тым ліку калекцыю з 330 ракавінак, 954 тамы кніг (якія раней належалі езуітам) і прыборы для метэаралагічных вымярэнняў [32].

 

Іншая базыльянская парафіяльная школа знаходзілася ў Кобрыне і мела доўгую традыцыю. Самыя раннія звесткі пра яе паходзяць з часоў кіравання ўніяцкай царквой мітрапалітам Феліцыянам Філіпам Валадковічам (1762 – 1778) [33]. Першакрыніцы, якія ўзніклі пасля адраджэння даўняй польскай сістэмы адукацыі пры расійскай уладзе, пацвярджаюць у 1804 г. існаванне гэтай установы. Урокі праходзілі ў мураваным манастыры і ў драўляным будынку шпіталя (прытулку). Яна была ліквідаваная перад самым скасаваннем уніі. Прынамсі да 30 чэрвеня 1837 г. кобрынская парафіяльная школа функцыянавала разам з уніяцкай павятовай школай – установай для навучання ўніяцкіх паповічаў, заснаванай згодна з указам імператара Мікалая І ад 1828 г. [34].

 

Парафіяльная школа была таксама і ў мястэчку Ружаны. Базыяльнскі манастыр існаваў там з канца XVII стагоддзя. Ён быў заснаваны ў 1680 г. падскарбіям літоўскім Лявонам Сапегам. Парафіяльная школа займала адно з шасці памяшканняў манастыра, размешчаных на паверсе. Усё гэта ўказвае на тое, што тамтэйшая школа ўзнікла перад заснаваннем манастыра. Артыкул восьмы ведамасці аб ружанскім манастыры ад 1804 г. сведчыць, што ўтрыманне манастыра было звязана з ахвяраваннем парафіі [35]. Ліквідацыя парафіяльнай школы ў гэтым горадзе супала з ліквідацыяй ружанскага манастыра ў 1834 г. на падставе “найвышэйшага ўказу”. Рухомая і нерухомая маёмасць ліквідаванага манастыра, а таксама фондавыя каштоўнасці і грашовыя заклады перайшлі да навастворанай уніяцкай семінарыі літоўскай епархіі ў Жыровічах. Згодна з вопісам ад 30 красавіка 1834 г. усе каштоўнасці гэтага манастыра прыняў а. Фердынанд Хамаліцкі, інспектар Літоўскай семінарыі ў Жыровічах – адзін з галоўных рэалізатараў тайнага плану па ліквідацыі уніі, падрыхтаванага вераадступнікам Язэпам Сямашкам [36].

 

Парафіяльная школа ў Антопалі месцілася ў тамтэйшым базыяльнскім манастыры, які быў заснаваны ў 1718 г. дзякуючы фінансаванню Антаніны з Захароўскіх Валовіч. Школа займала адну з дванаццаці келляў драўлянага манастыра, пабудаванага ў тры лініі, выцягнутую, 38,3 м. даўжынёй, а таксама дзве сумежныя, дабудаваныя, даўжынёй 17 м. і 10,6 м.

 

Першая інфармацыя пра гэтую парафіяльную школу паходзіць са “звесткі” пра антопальскі манастыр, датаванай 20 кастрычніка 1803 г. Тады гэта яшчэ не была легальная школа, т. б. зарэгістраваная ў сетцы школ, падкантрольных Віленскай навуковай акрузе. У гэтым дакуменце чытаем: “Пастаяннай школы няма, аднак заўсёды некалькі хлопцаў з мястэчка прыходзіць да парафіяльнага святара вучыцца чытаць і пісаць” [37]. У сваю чаргу, звестка пра антопальскі манастыр, датаваная 30 ліпеня 1804 г., сведчыць: “У гэтым манастыры навучаюцца дзеці, што прыходзяць з мястэчка чытаць, пісаць, лічыць і вучыць катэхізіс. Настаўнікі – Ювенал Тышкевіч і Яўхім Кахановіч” [38]. Адукацыйную дзейнасць базыльянаў у Антопалі ажывіў іераманах Амвросій Каліноўскі, які прыбыў у Антопаль у 1818 г. Пасля яго прыезду школа набыла большую афіцыйнасць. Ігумен Каліноўскі дабіўся гэтага, калі ў гэтае мястэчка быў пераведзены іераманах Дыянісій Грабоўскі. Дакумент 1824 г. называе прычыну легалізацыі школы: “Цяперашні ігумен антопальскіх айцоў базыльянаў вялебны ягамосць а. Амвросій Каліноўскі, радца Літоўскай правінцыі, жадаючы спрычыніцца да дабра тутэйшых жыхароў, даў пакой у манастыры для правядзення ўрокаў і прызначыў настаўніка”[39]. Школьны рапарт 1824 г. пацвярджае функцыянаванне легальнай парафіяльнай школы ў Антопалі. Апошняя інфармацыя пра функцыянаванне антопальскай парафіяльнай школы паходзіць з 1/13 лістапада 1834 г. [40]. Тады антопальскі манастыр быў ліквідаваны ў выніку антыбазыльянскай і антыўніяцкай дзейнасці біскупа Язэпа Сямашкі.

 

Базыльянскі манастыр у Міры быў заснаваны ў 1700 г. пры царкве Св. Тройцы сярэдзіны XVI ст. Фундатарам манастыра быў канцлер князь Караль Станіслаў Радзівіл [41]. Першая інфармацыя пра парафіяльную школу пры манастыры ёсць у табельнай ведамасці “Стан парафіяльных школ у Гродзенскай губерні на 1816 г.”[42]. Там чытаем, што парафіяльная школа ў Міры заснаваная за кошт уніяцкага царкоўнага брацтва ў 1751 г. і што яна не мела асобнага фонду. Яна дзейнічала за кошт манастыра. Тады сама ва ўсім Навагрудскім павеце было шэсць парафіяльных школ: дзве ў Міры і па адной рыма-каталіцкай у мястэчку Стваловічы, у Няхневічах і ў мястэчках Харадыска і Крошыне [43]. Мірская школа была ліквідаваная ў 1833 г. у сувязі з ліквідацыяй тамтэйшага базыльянскага манастыра. Пасля 133 гадоў дзейнасці базыльяне назаўсёды пакінулі Мір. Як у Антопалі ды іншых мясцовасцях, гэта было выклікана рэалізацыяй антыўніяцкай і антыбазыльянскай палітыкі біскупа Сямашкі.

 

Праграма навучання ў парафіяльных школах была разнастайная. Рапарты інфармуюць, што ў іх навучалі асновам пісьма, чытання і лічэння. Больш за тое, як у выпадку з гарадской школай у Берасці, навучалі “хрысціянскай навуцы” і “маральнай навуцы”. Напрыклад, у Кобрыне вучылі “малітве, асновам веры, чытаць, пісаць па-руску і па-польску і ўсяму таму, што прадпісваюць палажэнні, выдадзеныя для парафіяльнай школы”[44]. У сваю чаргу, у Ружанах у 1803 г. ігумен манастыра а. Язафат Цывіньскі сцвердзіў: “Манастыр утрымлівае толькі парафіяльную школу, дзе вучаць чытанню, пісьму, маральнай навуцы, асновам лацінскай і рускай моў і арыфметыцы”[45]. Верагодна, лацінскую і рускую мовы вывучалі асобна, з падзелам на групы, т. б. для дзяцей лацінскага і ўніяцкага абраду. У Антопалі ў 1804 г. сцвярджалася, што “ў гэтым манастыры навучаюцца дзеці, што прыходзяць з мястэчка чытаць, пісаць, лічыць і вучыць катэхізіс”[46]. Падобная праграма навучання была ў Міры. У рапарце 1824 г. сцвярджаецца, што “вучацца чытаць і пісаць па-польску і па-руску, хрысціянскай і маральнай навуцы, святой гісторыі, асновам граматыкі і арыфметыкі”[47]. Параўноўваючы інфармацыю аб праграме навучання ў базыльянскіх школах Гродзенскай губерні, трэба адзначыць, што яна супастаўляльная. Перадусім яна залежала ад унутраных задумаў манаскага настаўніка, які мог пашыраць яе з дапамогай іншых сакрэтных ведаў і практычных навыкаў.

 

Цікавай з’явай, якая дагэтуль не знайшла належнага месца ў спецыяльнай літаратуры, было навучанне базыльянамі ў сваіх парафіяльных школах спадчыне ўніяцкай царквы і рускай (беларускай) культуры. Ужо ў XVIII ст. у адным з рапартаў гарадской школы ў Берасці сцвярджаецца, што ў 1786 – 1791 гадах там вывучалі рускую мову. Былі зафіксаваныя дасягненні некалькіх дзясяткаў вучняў у “чытанні рускіх помнікаў”[48]. Гэта абсалютна не быў адзінкавы прыклад. У 1803 г. рускую мову вывучалі разам з лацінскай мовай ды іншымі прадметамі ва ўніяцкай школе пры ружанскім манастыры. [49]. Гэтак жа было ў Міры. З рапарта дырэктара школ Гродзенскай губерні Ігната Брадоўскага ад 30 снежня 1825 г. вядома, што тамтэйшыя базыльяне вучылі дзяцей царкоўнаславянскай азбуцы: “У тым жа мястэчку Мір без якога-кольвек фонду дзейнічае базыльянская парафіяльная школа. Я наведаў яе 14 лістапада. Апрача чытання і пісьма па-руску і па-польску, катэхізіса і лічэння, тут вучаць царкоўнаму пісьму”[50]. Трыма гадамі пазней у іншым рапарце сцвярджалася, што апрача чытання і пісьма, катэхізіса і асноў арыфметыкі, вучні вывучалі “іерэйскія песнапенні”. Несумненна, тут ішла гаворка аб засваенні ўніяцкімі дзецьмі царкоўнай літургіі, якая праводзілася па-царкоўнаславянску.

 

У базыльянскіх парафіяльных школах Берасця, Ружан, Кобрына і Міра вучыліся не толькі сыны сялян-уніятаў, але таксама і каталікоў, у тым ліку шляхта і габрэі. Яны выконвалі інтэграцыйную ролю. У гэтым сэнсе базыльяне пераўзыходзілі тадышнія стандарты. Несучы агонь асветы ўсім – нават габрэям – яны заваёўвалі сабе прыхільнасць і пашану не толькі адукацыйных улад, але – што важней – мясцовага асяроддзя. Хаця праграма навучання была аналагічная школам, якія існавалі пры рыма-каталіцкіх касцёлах, але яна была ўзбагачаная ведамі аб уніяцкай літургіі і старарускай мове. Візітатары хвалілі базыльянаў за тое, што амаль пры кожным манастыры за свой кошт яны ўтрымлівалі парафіяльныя школы. У рапарце ад 30 снежня 1825 г. чытаем: “Паміж ордэнскіх аб’яднанняў пахвалы заслугоўваюць базыльяне, паўсюль пры іхніх манастырах, нават самых бедных, месціцца парафіяльная школа”[51].

 

Асаблівай увагі заслугоўвае той факт, што толькі базыльяне ва ўсёй Гродзенскай губерні мелі ўніяцкія ўстановы адукацыі для грэка-ўніятаў. Уніяцкія епархіяльныя святары наогул не арганізоўвалі школы пры сваіх парафіях, хаця вельмі вялікая іх частка мела дастатковую для гэтага адукацыю. Адзіна вядомым выключэннем былі Кляшчэлі на тэрыторыі Беластоцкай акругі, дзе энергічны і добра адукаваны парах кіраваў парафіяльнай школай, дзе, у прыватнасці, навучалі рамёствам [52].

 

На прыкладзе Жыровічаў і Берасця можна сцвердзіць, што базыльянскія сярэднія школы служылі перадусім шляхецкай грамадскасці на тэрыторыях, якія належалі Вялікаму Княству Літоўскаму. Там навучалася пераважна шляхецкая моладзь лацінскага абраду, а ў меншасці сваёй – сыны ўніяцкіх парафіяльных святароў і мяшчане. Але навучанне каталіцкай моладзі – сыноў гербавай шляхты – мела сваё значэнне для ўніяцкай царквы. Сетка базыльянскіх сярэдніх школ, якая з 1803 г. была пад кантролем Віленскай навуковай акругі, аказалася цудоўным інструментам пошуку кандыдатаў у ордэн. Рыма-каталіцкая моладзь кампенсавала недахоп уніяцкай шляхты і паповічаў у базыльянскіх паслушніцтвах. Гэта асабліва праявілася ў 1795 – 1839 гадах на тэрыторыі Гродзенскай губерні. З біяграфій базыльянскіх настаўнікаў вынікае, што значная іх бальшыня паходзіла з польскіх шляхецкіх асяродкаў (звычайна лацінскага абраду). Вялізная частка базыльянаў перад абраннем духоўнага шляху навучалася ў базыльянскіх школах Камісіі нацыянальнай адукацыі і ў школах гэтага аб’яднання пасля 1803 г. Пацверджаны феномен масавага пераходу сыноў польскай шляхты да ўсходняга абраду (ордэна базыльянаў) доўжыўся аж да ўвядзення забароны на прыняцце ў ордэн каталікоў лацінскага абраду (1832 г.). Дзякуючы гэтаму іерархічная структура ўніяцкай царквы і яе ўстановы не толькі дажылі да часу яе ліквідацыі на літоўска-беларускай тэрыторыі і на Падляшшы, але і забяспечылі ёй адпаведны ўзровень і рост. Лацінскія каталікі, якія да уніі перайшлі ў базыльянскія школы, станавіліся моцнай апорай беларускай царквы. Гэта знайшло праяву падчас дзеянняў Язэпа Сямашкі па яе ліквідацыі ў 1839 г. Адносна многіх з іх праводзіліся псіхалагічныя ўціскі, прапаганда пэўнай рэлігійнай дактрыны, зняволенні ў спецыяльна арганізаваных Сямашкам турэмных манастырах. У больш крайніх выпадках непахісных базыльянскіх манахаў адпраўлялі ў ссылку ў глыб Расійскай Імперыі [53].

 

Ліквідацыя сеткі базыльянскіх парафіяльных школ у Гродзенскай губерні, як і сярэдніх школ у Жыровічах і Берасці, была эфектам антыўніяцкай, а таксама русіфікацыйнай дзейнасці пад дыктоўку Язэпа Сямашкі, сфармуляванай у ягоным тайным плане па ліквідацыі ўніяцкай царквы. Гэтыя школы павінны былі перастаць існаваць разам з беларускай царквой, прыміранай з Рымам, а ўніяты (беларусы), вучні гэтых устаноў, павінны былі стаць праваслаўнымі рускімі. Пра тое, наколькі вялікая адданасць традыцыям Вялікага Княства Літоўскага і рускай (беларускай) культуры была ў жыхароў Беларусі ў сярэдзіне XIX ст., няхай сведчаць уяўныя словы Сямашкі, сказаныя обер-пракурору Святога сінода ў 1853 г.: “Не трэба забываць, што амаль усе праваслаўныя ў гэтых ваколіцах былі пераведзеныя ў праваслаўе нядаўна і што пры першым зручным выпадку хутчэй, чым дзе-небудзь, яны б адарваліся ад усходняй царквы і ад рускай нацыянальнасці; дагэтуль яшчэ жывое на Літве пачуццё іншай веры і іншай нацыянальнасці”[54].

 

Пераклад з польскай: Цімур Буйко

 



[1] Базыльяне літоўскай і польскай правінцый мелі школы ў Барунах, Бары, Беразвеччы, Бучачы, Берасці, Холме, Лядах, Любары, Махіраве, Астрогу, Оўручы, Умані, Каніве, Пачаеве, Падубісі, Шаргарадзе, Толчыне, Вярбілаве, Вільні, Віцебску, Уладзіміры і Жыровічах. Да 1795 года ў абедзвюх правінцыях было сямнаццаць грамадскіх школ. Сярод іх былі таксама колішнія езуіцкія і нелегальныя школы. У правінцыі Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы, т. б. на ўкраінскіх землях, былі школы: ва Ўладзіміры Валынскім, Бары, Астрогу, Шаргарадзе, Умані, Любары, Оўручы, Каніве і Лаўрыве. У сваю чаргу, у правінцыі Сявтой Тройцы, або на літоўска-беларускіх землях, школы: у Беразвеччы, Барунах, Падубісі, Свержані, Жыровічах, Толчыне, Жыдычыне і Вільні. Улічваючы дадаткова базыльянскія школы, якія былі на аўстрыйскай тэрыторыі, т.б. у Бучачы і Драгобычы, сумарная колькасць базыльянскіх сярэдніх школ у 1795 г. складала дзевятнаццаць устаноў (Maria Pidłypczak-Majerowicz M., Bazylianie w Koronie i na Litwie. Szkoły i książki w działalności zakonu, Wrocław 1986, s. 44-46 (Марыя Підлыпчак-Маяровіч, “Базыльяне ў Польшчы і на Літве. Школы і кнігі ў дзейнасці ордэна”, Вроцлаў 1986, с. 44-46)).

[2] Daniel Beauvois, Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich 1803-1832, tom 2. Szkoły podstawowe i średnie, Lublin 1991, s. 177-187. (Даніэль Бавуа, “Польская сістэма адукацыі на літоўска-рускіх землях 1803 – 1832, том 2. Пачатковыя і сярэднія школы”, Люблін 1991, с. 177-187).

[3] У Гродзенскім павеце былі базыльянскія манастыры ў Гродне (Каложа) і ў Чарлёне; у Лідскім павеце: у мясцовасці Глушна; у Навагрудскім павеце былі кляштары ў Лаўрышаве, Навагрудку, Міры, Вольнай і Дараве; у Слонімскім павеце ў Жыровічах, Быцені і ў мястэчку Ружаны; у Ваўкавыскім павеце ў Лыскаве; у Берасцейскім павеце ў Берасці; у Кобрынскім павеце ў Кобрыне, Навасёлках, Антопалі, Таракані і Хомску.

[4] Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (ЛДГА), фонд 567, вопіс 2, тэчка 50, карта 81.

[5] Leszek Zasztowt, Kresy 1832-1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej, Warszawa 1997, s. 178. (Лешак Заштаўт, “Крэсы 1832 – 1864. Сістэма адукацыі на літоўскіх і рускіх землях даўняй Рэчы Паспалітай”, Варшава 1997, с. 178).

[6] B. Natoński, Jezuici a Komisja Edukacji Narodowej, „Roczniki Humanistyczne”1977, t. 25, z. 2, s. 74-75. (Б. Натоньскі, “Езуіты і Камісія нацыянальнай адукацыі”, “Гуманітарны штогоднік”, 1977, т. 25, сш. 2, с. 74-75).

[7] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 184v.

[8] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 417, к. 12; тамсама, ф. 567, в. 2, т. 828, к. 74v; тамсама, ф. 567, в. 2, т. 1464, к. 46.

[9] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 964, к. 25.

[10] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1787, к. 354v-355.

[11] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 2186, к. 153.

[12] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 50, к. 83v-84.

[13] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 964, к. 63.

[14] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 2076, к. 532.

[15] 3 – у свіслацкай гімназіі; 5 – у гродзенскай павятовай школе; 5 – у берасцейскай павятовай школе; 2 – у слонімскай павятовай школе; 2 – у лідскай павятовай школе; 1 – у шчучынскай павятовай школе (ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1927, к.100-100v).

[16] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1927, к. 100-100v.

[17] Мяшчане ў берасцейскай базыльянскай школе былі рэпрэзентаваныя вельмі шырока. На працягу 1810 – 1826 гадоў яны складалі ў сярэднім 15%. У 1810 г. яны складалі 11,7%, у 1816 г. – 29,5%, у 1820 г. – 19,9%, у 1822 г. – 12,2%, а ў 1826 г. ужо толькі 6,8%. На падставе прыведзеных дадзеных можна сцвердзіць, што ў канцы функцыянавання берасцейскай школы паступова змяншалася колькасць прадстаўнікоў мяшчан сярод вучняў.

[18] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 2076, к. 531.

[19] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 50, к. 100-108v.

[20] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1275, к. 192-209.

[21] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 52, к. 27.

[22] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 964, к. 323-326.

[23] Базыль Дэсаж (1801 – 1805), Юльян Федаровіч (1806 [?] – 1807), Яўхім Ястшэмбоўскі (1807 – 1808), Люцыд Асташэўскі (1808 – 1810), Максімільян Лебэль (выконваў абавязкі ў 1814 годзе); Язафат Жарскі (1815 – 1817), Шыман Катовіч (1818 – 1819), Нумэрцыян Хрыцкевіч (1819 – 1823), Язэп Ардановіч (1823 – 1826).

[24] Ксёндз Іраклій Лебэль нарадзіўся каля 1782 г. Вучыўся ў жыровіцкай павятовай школе. Пасля ўступлення ў ордэн базыльян працягваў навучанне на курсах для паслушнікаў у Таракані. У 1807 г. быў пасвечаны ў святары. 1 верасня 1809 г. быў накіраваны ў Баруны як настаўнік арыфметыкі і геаграфіі. Слухаў у Віленскім універсітэце лекцыі па фізіцы; 21 кастрычніка 1814 г. атрымаў дыплом. У 1819 г. (19 ліпеня) быў пераведзены з Барунаў у Жыровічы як настаўнік граматыкі. У Жыровічах быў яшчэ ў чэрвені 1820 года. Пасля стаў плябанам кляштара ў Ілукстэ ў Курляндыі. Пасля скасавання уніі ў выніку спрэчкі з Сямашкам у 1842 г. стаў кіраўніком турэмнага кляштара ў Курску, дзе біскуп-вераадступнік трымаў у зняволенні праціўнікаў змены веравызнання. Да канца застаўся верны ўніяцкай царкве.

[25] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1464, к. 45v.

[26] R. Dobrowolski, Szkoły bazyliańskie w Żyrowicach XVII-XIX w. ,[w:] „Małe Miasta Religie”, M. Zemło (red.), Lublin-Supraśl 2006, ss. 411-467; Tenże, Bazyliańska Szkoła Powiatowa w Brześciu Litewskim (XVIII-XIX wiek), „Śladami unii brzeskiej”, R. Dobrowolski, M. Zemło (red.), Lublin-Supraśl 2010, s. 299-357. (Р. Дабравольскі, “Базыльянскія школы ў Жыровічах XVII-XIX ст.”, [у:] “Малыя Гарады Рэлігіі”, М. Зэмла (рэд.), Люблін – Супрасль 2006, с. 411-467; той жа, “Базыльянская павятовая школа ў Берасці (XVIIІ-XIX стагоддзе)”, “Слядамі Берасцейскай уніі”, Р. Дабравольскі, М. Зэмла (рэд.), Люблін – Супрасль 2010, с. 299-357).

[27] Radosław Dobrowolski, Szkoły parafialne bazylianów w guberni grodzieńskiej i obwodzie białostockim, 1795-1839, [w:] „Dziedzictwo unii brzeskiej”, R. Dobrowolski (red.), M. Zemło (red.), Lublin – Supraśl 2012, s. 115-146. (Радослаў Дабравольскі, “Базыяльнскія парафіяльныя школы ў Гродзенскай губерні і Беластоцкай акрузе, 1795 – 1839”, [у:] “Спадчына Берасцейскай уніі”, Р. Дабравольскі (рэд.), М. Зэмла (рэд.), Люблін – Супрасль 2012, с. 115 – 146).

[28] Raporty generalnych wizytatorów Komisji Edukacji Narodowej w Wielkim Księstwie Litewskim (1782-1792), K.Bartnicka, E.Szybiak (oprac.), Wrocław 1974, s. 15. (“Рапарты генеральных візітатараў Камісіі нацыянальнай адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім (1782 – 1792)”, К. Бартніцка, Э. Шыбяк (заўв.), Вроцлаў 1974, с. 15).

[29] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 828, к. 77.

[30] ЛДГА, ф. 667, в. 2, т. 2359, к. 14v-15; ф. 567, в. 2, т. 1564, к. 52.

[31] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 79, к. 17v-18.

[32] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 786, к. 78-79v.

[33] Stanisław Nabywaniec, Unicka Archidiecezja Kijowska w okresie rządów arcybiskupa metropolity Felicjana Filipa Wołodkowicza 1762-1778, Rzeszów 1998, s. 518; Dorota Wereda, Bazylianie w unickiej diecezji brzeskiej w XVIII wieku, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”2003, nr 19, s. 114. (Станіслаў Набыванец, “Кіеўская ўніяцкая архіепархія ў час кіравання архібіскупа мітрапаліта Феліцыяна Філіпа Валадковіча 1762 – 1778”, Жэшаў 1998, с. 518; Дарота Вэрэда, “Базыльяне ў берасцейскай уніяцкай дыяцэзіі ў XVIIІ стагоддзі”, “Беларускія гістарычныя выпускі” 2003, №19, с. 114).

[34] А. М. Кулагін, “Праваслаўныя Храмы на Беларусі”, Мінск 2001, с. 102.

[35] У гэтым дакуменце мы знаходзім наступную інфармацыю: “У ружанскім кляштары ў сувязі з тым, што фундатары далі парафію, утрымліваецца і парафіяльная школа […]” (ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 384v).

[36] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 13, к. 1-35; W. Charkiewicz, Zmierzch Unii Kościelnej na Litwie i Białorusi, Słonim 1929, s. 46, 58, 60. (В. Харкевіч, “Заняпад царкоўнай уніі на Літве і Беларусі”, Слонім 1929, с. 46, 58, 60).

[37] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 342.

[38] Тамсама, к. 181.

[39] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1464, к. 55.

[40] Leszek Zasztowt, Kresy 1832-1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej, Warszawa 1997, s. 390. (Лешак Заштаўт, “Крэсы 1832 – 1864. Сістэма адукацыі на літоўскіх і рускіх землях даўняй Рэчы Паспалітай”, Варшава 1997, с. 390).

[41] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego, t. 6, Warszawa 1885, s. 486. (“Геаграфічны слоўнік Польскага каралеўства”, т. 6, Варшава 1885, с. 486).

[42] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 682, к. 182.

[43] R. Dobrowolski, Szkoły parafialne bazylianów w guberni grodzieńskiej i obwodzie białostockim, 1795-1839, [w:] „Dziedzictwo Unii brzeskiej”, R. Dobrowolski, M. Zemło (red.), Lublin - Supraśl 2012, s. 139-140. (Р. Дабравольскі, “Базыяльнскія парафіяльныя школы ў Гродзенскай губерні і Беластоцкай акрузе, 1795 – 1839”, [у:] “Спадчына Берасцейскай уніі”, Р. Дабравольскі, М. Зэмла (рэд.), Люблін – Супрасль 2012, с. 139-140).

[44] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 311.

[45] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 384v.

[46] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 342.

[47] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1464, к. 108-108v.

[48] T. Wierzbowski, Szkoły parafialne w Polsce i na Litwie za czasów Komisji Edukacji Narodowej 1773-1794, Kraków 1921, s. 202-203; D. Wereda, Bazylianie w unickiej diecezji brzeskiej w XVIII wieku, Białoruskie Zeszyty Historyczne2003, nr 19, s. 115. (Т. Вяжбоўскі, “Парафіяльныя школы ў Польшчы і на Літве часоў Камісіі нацыянальнай адукацыі 1773 – 1794”, Кракаў 1921, с. 202-203; Д. Вэрэда, “Базыльяне ў берасцейскай уніяцкай дыяцэзіі ў XVIIІ стагоддзі”, “Беларускія гістарычныя выпускі” 2003, №19, с. 115).

[49] ЛДГА, ф. 634, в. 1, т. 58, к. 384v.

[50] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1753, к. 76v.

[51] ЛДГА, ф. 567, в. 2, т. 1753, к. 79.

[52] Школу заснаваў ксёндз Антоні Сасноўскі, берасцейскі канонік, а фонды ішлі ад яго як пробашча і ад берасцейскай капітулы. Школа месцілася ў мястэчку Кляшчэлі пры царкве Св. Мікалая, у будынку царкоўнага брацтва. Яе аддзяленні былі ў бліжэйшых мясцовасцях: у Дашах, Чаромсе, Кузаве, Дабраводзе, Сухавольцах. Немалаважны той факт, што Сасноўскі падчас увядзення рэлігійных змен вераадступнікам Сямашкам выказаўся супраць гэтай ініцыятывы. Канонік Сасноўскі быў найбуйнейшым дзеячам у Беластоцкай акрузе, які займаўся ратаваннем уніяцкай царквы. Ён аб’яднаў вакол сябе некалькі парафіяльных святароў з бельскага дэканата (Irena Matus, Schyłek unii i proces restytucji prawosławia w obwodzie białostockim w latach 30. XIX wieku, Białystok 2013, s. 199-201, 372-391 (Ірэна Матус, “Заняпад уніі і працэс узнаўлення праваслаўя ў Беластоцкай акрузе ў 30-х гадах XIX стагоддзя”, Беласток 2013, с. 199-201, 372-391)).

[53] Marian Radwan, Carat wobec Kościoła greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796-1839, Roma-Lublin 2001, s. 124-143. (Мар’ян Радван, “Адносіны царызму да грэка-каталіцкай царквы пры расійскай уладзе 1796 – 1839”, Рым – Люблін 2001, с. 124-143).

[54] Unia na Litwie i na Białorusi. Memoriał przesłany Jego Świętobliwości Piusowi IX na ręce Najprzewielebniejszego Arcybiskupa Poznańskiego i Gnieźnieńskiego. Paryż w Drukarni L. Martinet ulica Mignon, 2, 1862 [r.], s. 3. (“Унія на Літве і на Беларусі. Даклад Найвялебнейшага Архібіскупа Познаньскага і Гнезненскага, перасланы ў рукі Яго Святасці Пію IX ”. Парыж у Друкарні Л. Марцінэ вуліца Міньён, 2, 1862 [г.], с. 3).


Вярнуцца назад