Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > «Ужо святы»

«Ужо святы»


2.04.2018.

«Ужо святы»13 гадоў таму адышоў до Госпада Папа Ян Павел ІІ

 

2 красавіка 2005 г. адышоў у дом Нябеснага Айца Ян Павел ІІ — першы і адзіны ў гісторыі Папа славянскага паходжання.


Увечары таго дня 13 гадоў таму вялікі натоўп вернікаў, у якім было шмат моладзі, на плошчы Святога Пятра маліўся Ружанец. І вось сярод малітоўнай засяроджанасці прагучалі словы тагачаснага намесніка Дзяржаўнага Сакратарыяту арцыбіскупа Леанардо Сандры:

 

«Дарагія браты і сёстры, у 21.37 наш умілаваны Святы Айцец Ян Павел ІІ вярнуўся ў дом Айца. Памолімся за яго».

 

 

Гэтыя словы, хоць і не сталі нечаканасцю, аднак болем і горыччу адгукнуліся ў сэрцах мільёнаў вернікаў — і не толькі — ва ўсім свеце. Паводле прыблізных звестак, у дні агоніі Яна Паўла ІІ і развітання з ім Рым наведалі каля 7 мільёнаў пілігрымаў.

 

Вялікія чэргі людзей з усяго свету выстройваліся перад ватыканскай базылікай, каб развітацца з Пятром нашага часу, які амаль 27 гадоў кіраваў чаўном Хрыстовага Касцёла. Пахавальную святую Імшу на плошчы Святога Пятра 8 красавіка 2005 г. узначаліў тагачасны дэкан Калегіі кардыналаў Ёзаф Ратцынгер, які праз некалькі дзён змяніў свайго вялікага папярэдніка за стырном святога Касцёла.

 

У тыя дні многія трымалі ў руках надпісы: «Ужо святы». І сапраўды, ужо менш чым праз 10 гадоў пасля смерці, 27 красавіка 2014 г., Ян Павел ІІ быў абвешчаны святым Каталіцкага Касцёла.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад