Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Нядзеля прабачэння

Нядзеля прабачэння


11.02.2018.

[Масленіца / Прощенное воскресение / Нядзеля сырная / Выгнанне Адама]

 

 

1. Сёння Ісус зьвяртаецца да нас са словамі: “Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец нябесны адпусьціць вам. Але калі вы не адпусьціце людзям, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых” (Мц 6, 14).


Бычым, што паняцце прабачэння знаходзіцца ў цеснай сувязі з паняццем граху. Вось чаму тэксты вячэрні і ютрані узгадваюць нам біблійную гісторыю – першародны грэх ды выгнанне з раю Адама і Евы. Што такое грэх? - Памылка? Крыўда? Несправядлівасць? Мабыць усё гэта, але не толькі. Бо грэх – гэта разарванне сувязі, лучнасці, узаемаадносін з Богам.

 

2. Кагосьці можа здзівіць такое сцверджанне, але калі няма Бога, то і няма граху. Гэтую думку іншымі словамі выказаў Дастаеўскі: калі няма Бога, то ўсё дазволена. Канечне, можна казаць пра зорнае неба нада мной ды пра маральны закон ва мне (пар. Эмануіл Кант).

 

Але ў Канта гэтыя рэчаіснасці не звязаныя з сабой, а існуюць паралельна, незалежна адна ад другой. Падобна Канту шматлікія людзі перакананыя, што маральны закон – гэта іх уласнасць, што яны з'яўляюцца суддзямі і ў стане даваць абсалютную ацэнку таго, што з'яўляецца дабром, а што злом.

 

Для нас хрысціян "маральны закон ва мне" – гэта голас Бога ў нутры нас, інакш сумленне. Але сумленне – гэта суб'ектыўная маральная норма. Іншымі словамі, часамі нашае сумленне можа памыляцца. Памятаем, як Ісус адказвае маладому багатаму чалавеку: "Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не добры акрамя Бога?".

 

Ніхто не добры акрамя Бога. Гэта сцверджанне азначае, што маральны закон у сваёй поўні знаходзіцца ў Бога. І гэты закон Бог адкрывае нам праз сваё Аб'яўленне – праз дзесяць запаведзяў, праз Гісторыю збаўлення, праз Святое Пісанне, а ў поўні праз свайго Сына Ісуса Хрыста.

 

3. Цяпер давайце зноў вернемся да прабачэння і падумаем ці адрозніваецца прабачэнне чалавека веруючага, ад прабачэння чалавека няверуючага?

 

Для веруючага чалавека прабачэнне свайму бліжняму пачынаецца з прабачэння, якое ён атрымоўвае ад самога Бога. Веруючы чалавек глядзіць на прабачэнне з пазіцыі даўжніка: ён сам задаўжаў Богу і гэты доўг быў скрэслены Хрыстом. Можна сказаць, што веруючы, з аднаго боку можа "войті в положеніе" таго, хто просіць прабачэнне, з другога боку яму прасцей пабачыць уласныя правіны, бо ён не параўновае іх толькі з уласным сумленнем, але з Законам Божым.

 

Чалавек няверуючы сам з'яўляецца мерай і нормай. І для самога сябе і для іншых. Як часта мне прыходзілася чуць ад самых розных людзей, што нейкі чалавек варты смерці! Але ці ж гэта так? Ці гэта мы раздаем жыццё, каб мець права яго забіраць? Калі звяртаеш на гэта ўвагу, то чуеш у адказ: "Але ён забойца, ён гвалтаўнік і г.д.". І гэта можа быць праўдай, і гэту рэчаіснасць цяжка супаставіць з іншай рэчаіснасцю – жыццё і смерць не належыць нам.

 

Мы не можам стаць падобнымі на Бога ў пытаннях жыцця і смерці, але мы можам стаць падобнымі да Яго ў прабачэнні. Давайце прабачаць тым, хто нас пакрыўдзіў, бо Бог першым прабачыў нас.


Вярнуцца назад