Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Гамілія Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра на Імшы ва ўрачыстасць Нараджэння Пана

Гамілія Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра на Імшы ва ўрачыстасць Нараджэння Пана


26.12.2017.
Гамілія Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра на Імшы ва ўрачыстасць Нараджэння Пана

Мінскі архікатэдральны касцёл, 25 снежня 2017 г.


“Дай нам удзел у боскасці Твайго Сына, які прыняў нашу чалавечую натуру”, - надзвычайна прыгожая малітва Калекты, якой мы распачалі цэлебраваць Эўхарыстыю свята Божага Нараджэння, дапамагае зразумець і прыняць яго глыбокі сэнс. Бог захацеў прыняць на сябе нашу чалавечую натуру, каб раздзяліць з намі Яго боскае жыццё! Атаназій Александрыйскі, адзін з айцоў Касцёла, казаў пра гэта так: “Бог стаўся чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам”.

 

Дарагія браты і сёстры, што Адам і Ева, спакусіўшыся падманам змея, спрабавалі “скрасці” ў Эдэмскім садзе, “з дрэва пазнання дабра і зла”, каб “быць як Бог”, Бог дорыць “бясплатна” кожнаму мужчыну і кожнай жанчыне: “Бог стаўся чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам!” Бог хоча, каб мы былі, як Ён!

 

Тым не менш, непараўнальны Божы дар застаецца без належнай пашаны і разумення! Мы чулі ў пралогу Евангелля паводле Яна: “...свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі”.

 

Энцо Б’янкі, настаяцель супольнасці з Бозэ, кажа, што вялікая традыцыя Касцёла гаворыць пра трайное нараджэнне, ці прыход, нашага Пана.

 

Першае нараджэнне – гэта Уцелаўленне. Гэта падзея, якая адбываецца ў пакоры; Езус быў народжаны Марыяй у Бэтлееме. Гэтае нараджэнне не заўважаюць ні моцныя свету, ні служыцелі культу і закону, але толькі пастухі, тыя, што “па-за законам”, толькі яны разпазналі выключнасць падзеі ў дзіцяці, “пакладзеным у яслях”. Гэты прыход у гісторыі дазваляе разважаць пра наступныя два прыходы – нараджэнні Пана.

 

Прыйсце ў славе ў канцы часоў: Той, Хто прыйшоў у пакоры, прыняўшы далікатнае і смяротнае чалавечае цела, прыйдзе ў духоўным, праслаўленым целе, як пераможца над смерцю і ўсялякім злом. Гэтае Другое прышэсце – аб’яўленне Езуса як Пана ўсяго стварэння. Пра гэты прыход, на жаль, гаворыцца вельмі мала, нават у Касцёле, у той час як гэтая тэма з’яўляецца вельмі важнай для нашай веры. Калі Хрыстус не прыйдзе ў славе, як суддзя і Той, Хто ўстановіць Божае Валадарства, то марная наша вера.

 

Нарэшце, свята Божага Нараджэння з’яўляецца добрай нагодай для трэцяга нараджэння Езуса – для Яго прыходу да нас асабіста. Гэтае нараджэнне, калі мы прымаем яго, адбываецца кожны дзень, адбываецца тут і цяпер, у гэты самы момант. Кожны хрысціянін добра ведае, што яго цела павінна стаць месцам знаходжання Бога, Яго святыняй.

 

Больш за тое, без прыняцця нараджэння Езуса ў кожным з нас не адбудзецца сапраўднай рэалізацыі Божага Нараджэння. Значным і моцным з’яўляецца сцвярджэнне Анджэло Сілезіўса, містыка XVII стагоддзя: “Нават калі Езус народзіцца ў Бэтлееме тысячу разоў, калі не народзіцца ў табе (...) то не будзе мець для цябе ніякай карысці”. Таму сёння кожнаму з нас нанова даецца магчымасць прыняць Яго ў сабе, каб разам з Ім нарадзіцца да новага, Божага жыцця!

 

Прыняцце Езуса не можам аддзяліць ад прыняцця самога сябе, Бога і іншых, бо гэтыя рэчы звязаны паміж сабою. Прыняць самога сябе, уласную чалавечнасць, пазначаную абмежаваннямі граху і смерці, азначае сказаць з вялікім спакоем: я бедны чалавек, я прабачаны грэшнік!

 

Прыняць Бога, Яго Евангелле, Яго Цела значыць магчы сказаць Яму з тым жа спакоем і паважнасцю: я патрабую Цябе, без Цябе я нічога не магу зрабіць!

 

Нарэшце, прыняць кожнага мужчыну і кожную жанчыну ў іх непаўторнасці азначае быць свядомым, што іншыя, як і мы, маюць свае абмежаванні, недахопы, але таксама шмат добрага, шматлікія дары, якіх нам не хапае, шматлікія таленты! Прыняць іншага – значыць быць у стане сказаць кожнаму брату і кожнай сястры тыя ж словы, з якімі мы звяртаемся да Бога: ты мне патрэбен, у адзіночку я не магу гэта зрабіць!

 

Дай нам, Пане, здольнасць прымаць Цябе ў дары, якім з’яўляемся мы самі, як і ў тым, якім з’яўляюцца для нас кожны наш брат і сястра!

 

Дапамажы нам зразумець, што гэта шлях нашага “абагаўлення”, таму што, стаўшы чалавекам, Ты прыняў цела кожнага мужчыны і кожнай жанчыны. Такім чынам, у абліччы кожнага ёсць адлюстраванне той Асобы, каго “ніхто ніколі не бачыў” і каго толькі “Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, адкрыў”.

 

Усіх шчыра віншую са святам Божага Нараджэння і жадаю ўзаемнага прыняцця адзін аднаго!

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад