Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Слова Апостальскага Нунцыя архібіскупа Габрыеля (Пінтэра) на свяце берасцейскай парафіі

Слова Апостальскага Нунцыя архібіскупа Габрыеля (Пінтэра) на свяце берасцейскай парафіі


5.12.2017.

Брэст, 2 снежня 2017 г.

Слова Апостальскага Нунцыя архібіскупа Габрыеля (Пінтэра) на свяце берасцейскай парафіі 

Глыбокапаважаны Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек,

Шаноўныя святары візантыйскага і лацінскага абрадаў, дарагія пілігрымы Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і вернікі гэтай парафіі,

Паважаныя прадстаўнікі гарадской улады,

 

Я з вялікім задавальненнем прыняў запрашэнне раздзяліць вашу радасць з нагоды святкавання парафіяльнага адпусту ў гонар святых братоў Апосталаў Пятра і Андрэя, пяцісотгоддзя выдання Бібліі на беларускай мове і чатырохсотгоддзя рэформы базыльянскага ордэна Мітрапалітам Язэпам Руцкім.

Можам спытацца, ці не зашмат святаў мы спалучылі ў адно? Што аб’ядноўвае так розныя падзеі? Рыхтуючыся да гэтай урачыстасці, задаючы сабе гэтае пытанне, на мой погляд, мне ўдалося знайсці адказ – гэта любоў да асобы Езуса Хрыста, любоў да заўсёды актуальнага Слова Божага.

Таму ў маім разважанні я пажадаў засяродзіцца не на чым іншым, як на Евангеллі, якое мы пачулі, а больш дакладна - на трэцяй часцы святарскай малітвы Езуса, у якой Ён моліцца за ўвесь свет. Памаліўшыся за Сябе і за сваіх вучняў, Яго малітва рашуча адкрываецца на тых, хто прыйдзе пазней, гэта значыць, на ўсе супольнасці вучняў у будучыні, на мяне і цябе, на кожнага з нас.

Калі мы ўважліва слухалі Евангелле, то напэўна звярнулі ўвагу, што першая просьба Езуса за нас з вамі – гэта просьба аб еднасці. У час, калі было напісана Евангелле паводле Апостала Яна, ужо існавалі першыя ерасі і нараджалі падзелы ў супольнасцях.

 

Гэтая малітва Езуса аб еднасці гучыць асабліва важна: Ён моліцца, каб вучні былі з’яднаныя ў вызнаванні адзінага Пана. Затым указвае на крыніцу гэтага адзінства, якою з’яўляецца менавіта адзінства Айца з Сынам. Хрысціянскае адзінства – гэта не проста ўзаемная сімпатыя ці аднолькавае бачанне і нават не агульнае прызнанне аднаго Бога. Яно зыходзіць з адкрыцця адзінства паміж Айцом і Сынам – з адкрыцця, якое змяніла жыццё вучняў.

Пасля Езус нагадвае, на колькі важнае адзінства для місіі супольнасці: “… каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне”.

Апошнія радкі Евангелля, над якім разважаем, заканчваюць усю прамову падчас апошняй вячэры, і, такім чынам, маюць асаблівае значэнне. Дастаткова адзначыць тое незвычайнае “хачу”, якое паказвае волю і рашучае жаданне Езуса, каб Яго вучні прабывалі там, дзе ёсць Ён, гэта азначае, каб адкрылі еднасць Езуса з Айцом і жылі ўнутры гэтых адносін Айца і Сына.

 

Каб яшчэ больш усвядоміць і адчуць глыбіню і багацце пачутага Слова, прапаную вам разам са мною паглядзець на падзею ў жыцці адной сям’і. Стары бацька ўзяў вялікую металічную скрыню, у якой захоўваў каштоўныя манеты, якія ён збіраў усё сваё жыццё: гэта былі залатыя і срэбныя манеты, але вельмі няроўныя паміж сабой. “Хачу, каб вы раздзялілі іх цяпер, пакуль я яшчэ жывы”, - сказаў аднойчы вечарам сваім тром сынам, што прыйшлі яго адведаць. І пажадаў, каб пры гэтым прысутнічалі таксама і нявесткі, але права выбару належала толькі да сыноў. Распачаўся ўрачысты момант. Меншы ўзяў адну калекцыю: “Каму падабаюцца гэтыя?”. Гэта была гульня: кожны хацеў даць іншым тое, што ім больш за ўсё падабалася, а роўнасць падзелу была для іх апошняй справай. А нявесткі маўчалі, проста ўяўляючы, з якіх манет можна будзе зрабіць брошку, ці для сябе ці для іншай. “Я не заслугоўваю такіх дзяцей!” - сказаў стары бацька, а яго вочы былі вільготныя і рукі дрыжэлі. “Я хацеў бы, каб вашыя дзеці прыняслі вам такое ж задавальненне, якое вы далі мне.”

Так, еднасць паміж братамі з’яўляецца найбольш каштоўнай манетай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і якую трэба берагчы, як найбольш плённае дабро. Так, сапраўды, свет не ведае пра гэта. Саперніцтва, страх мець менш, зайздрасць і рэўнасць з’яўляюцца мовай, якую ён выкарыстоўвае, каб скарумпіраваць еднасць. За гэтым маленькім сямейным цудам стаяць нявесткі, якія не скардзяцца, што хтосьці з іх атрымаў менш, бо там, дзе ёсць адзінства - неацэннае дабро, там нараджаюцца мноства прыгожых адносін паміж людзьмі, маленькіх перамог над дэманамі валодання і ўлады.

Мае рацыю стары бацька: згода, еднасць паміж дзецьмі каштуе больш, чым усе манеты. Гэта тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, добрая вада, якая лечыць, рэгенеруе, ачышчае. Дзеля такой еднасці бацькі павінны “працаваць”, але асабліва - маліцца, таму што гэта - дар, які прыходзіць звысока. Гэта дар, які кідае выклік свету, каб расказаць яму пра Езуса, які аддаў сваё жыццё, а Яго смерць – як манета, якою Ён дорага заплаціў за наша братэрскае адзінства.

 

Я добра ўсведамляю, што канцэнтруючыся на Слове Божым і на жаданні АДЗІНСТВА, якое яно нам перадае, у сваім разважанні я не закрануў ні слаўную гісторыю ордэна Базыльянаў, ні так важную справу Францішка Скарыны, ні раскрыў постаці апекуноў сённяшняй урачыстасці, але калі мы не толькі зразумеем сэнс адзінства, але і дазволім яму кіраваць нашым жыццём, то, так як і ў жыцці святых Андрэя і Пятра, Францішка і Язэпа, так і ў нашым жыцці, Евангелле надасць вартасць і цеплыню ўсяму таму, што мы робім, перамяняючы нашае жыццё, як і жыццё грамадства, у якім мы жывём.

 

Дарагія браты і сёстры, няхай гэтае разважанне і наша супольная малітва, падчас якой дзякуем Богу за прыклад адзінства, якое сваім адзіным, надзейным фундаментам мае Слова Божае, любоў Езуса да нас і нашую ўзаемную любоў да Яго і братоў, стануцца маленькай цаглінкай у справе будавання так жаданага Богам адзінства сярод людзей.

 

Просім Цябе, Пане, за еднасць паміж сужонкамі, у сем’ях, з роднымі, за еднасць Божага народа ў нашай краіне і нашых парафіях. Пане, зрабі, каб кожнае з гэтых месцаў сталася рэалізацыяй Евангелля, “даследчай лабараторыяй” на шляху экуменізма, адзінства ўсіх людзей добрай волі і такім чынам адкрывала Цябе, разносячы Твой водар, Тваю любоў для тых, хто ўжо Цябе пазнаў, і для тых, хто яшчэ Цябе не ведае. Амэн.


Вярнуцца назад