Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > На шляху адзінства ўсіх людзей добрай волі
На шляху адзінства ўсіх людзей добрай волі3.12.2017. |
|
2 снежня 2017 г. ў грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце адзначалася свята Апякуноў парафіі Братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Святочную архіерэйскую Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый архібіскуп Габрыель (Пінтэр). Падзея была прымеркавана да 500-годдзя выдання Бібліі на беларускай мове і 400-годдзя рэформы базыльянскага ордэна мітрапалітам Язэпам Руцкім.
У святкаванні ўдзельнічалі святары і прадстаўнікі амаль што ўсіх грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі.
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) прывітаў Апостальскага Нунцыя ды падзякаваў, што ён прыняў запрашэнне ўзначаліць гэтыя юбілейныя святкаванні ў старажытным горадзе Берасці, які рыхтуецца да святкавання свяйго тысячагоддзя.
У казанні архібіскуп Габрыель разважаў пра словы з Евангелля паводле св. Яна (17: 1- 26), дзе Ісус Хрыстос маліўся аб адзінстве сваіх вучняў. Ён нагадаў, што еднасць паміж братамі з’яўляецца “найбольш каштоўнай манетай”, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і якую трэба берагчы, як найбольш плённае дабро.
Далей Іерарх дадаў, што «калі мы не толькі зразумеем сэнс адзінства, але і дазволім яму кіраваць нашым жыццём, то, так як і ў жыцці святых Андрэя і Пятра, Францішка [Скарыны] і мітрапаліта Язэпа (Руцкага), у нашым жыцці Евангелле надасць вартасць і цеплыню ўсяму таму, што мы робім, перамяняючы нашае жыццё».
Гэтыя словы гучалі асабліва актуальна, паколькі сярод удзельнікаў свята былі так сама вернікі другіх хрысціянскіх канфесій – праваслаўныя і пратэстанты, якія ў духу хрысціянскага братэрства захацелі раздзяліць радасць святкавання.
На завяршэнне казання Апостальскі Нунцый Уладыка Габрыель пажадаў, каб гэтае разважанне і супольная малітва, падчас якой дзякуем Богу за прыклад адзінства, сталі маленькай цаглінкай у справе будавання так жаданага Богам адзінства сярод людзей.
«Просім Цябе, Пане, аб еднасці паміж сужонкамі, у сем’ях, з роднымі, за еднасць Божага народа ў нашай краіне і нашых парафіях». «Пане, зрабі, каб кожнае з гэтых месцаў сталася рэалізацыяй Евангелля, “даследчай лабараторыяй” на шляху экуменізма, адзінства ўсіх людзей добрай волі і такім чынам адкрывала Цябе для тых, хто яшчэ не ведае Цябе».
На заканчэнне Боскай Літургіі настаяцель парафіі а. Ігар Кандрацьеў падзякаваў Апостальскаму Нунцыю за яго архіпастырскае служэнне ў рамках юбілейных святкаванняў.
Святкаванне працягнулася ў форме братэрскай агапы за сталом.
Фота Аляксандра Маламы Вярнуцца назад |