Парафія сьвятога Язэпа > Асобы > Айцец Андрэй Абламейка
Айцец Андрэй Абламейка23.05.2008. |
![]() У 1977 годзе паступіў у першы клас сярэдняй школы № 120 г. Менска. З 1986 года – правадзейны сябра маладзёвага таварыства “Талака”, у складзе якога ўдзельнічаў у шматлікіх акцыях. З 1984 па 1990 гады актыўна цікавіўся археалогіяй, разам з вядомымі гісторыкамі прымаў удзел у археалагічных раскопках, а таксама ў Прыпяцкай экалагічнай вандроўцы. У той жа час вёў актыўнае грамадзкае жыцьцё, быў сябрам першага Вольнага Сойма Канфэдэрацыі беларускіх суполак. У 1987-1988 гадах актор тэатра “Золак”, удзельнічаў у пастаноўцы па п’есе Уладзіміра Караткевіча “Маці ўрагану” (рэжысёры Галіна Прыма і Валеры Масьлюк). З 1988 г. служыў у Савецкай Арміі. У 1989 годзе стаў практыкуючым хрысьціянінам-уніятам. З 1990 году распачаў падрыхтоўку да паступленьня ў духоўную семінарыю. У гэтым жа годзе быў удзельнікам устаноўчага сходу першай паваеннай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. У красавіку 1991 года ўзяў шлюб са Сьвятланай Бутэр, хрышчанай уніяткай. У маі 1991 года айцом Янам Матусевічам і біскупам Сафронам Дмітэркам, тагачасным ардынарыем Івана-Франкоўскай япархіі на Украіне, дзеля недахопу душпастыраў для беларусаў - грэка-католікаў было прынята рашэньне пасьвяціць Андрэя Абламейку на дыякана для працы ў Беларусі. З 1991 па 1994 год актыўна ўдзельнічаў у душпастырстве Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. З 1994 года вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце імя Палацкего ў г. Аламоўц (Чэхія), а таксама ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце (Польшча). Пачынаючы з 1991 г. і падчас вучобы не пакідаў сувязяў з БГКЦ, займаўся разам з жонкай Сьвятланай арганізацыяй душпастырства сем’яў. З 1998 г з сям’ёй вярнуўся для працы ў Беларусь, меў душпастырскія абавязкі ў грэка-каталіцкіх суполках Маладэчна, Ліды і ў роднай парафіі ў Менску. Пасьля сьмерці а. Яна Матусевіча ў сьнежні 1998 г. атрымаў сьвятарскія свячаньні з рук мітрапаліта Варшаўска-Пярэмышльскага Яна Мартыняка ў Любліне і стаў пробашчам парафіі Сьв. Язэпа ў Менску, адначасова выконваючы абавязкі адміністратара грэка-каталіцкіх парафіяў Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне і Сьвятога Язафата ў Лідзе. З 1998 па 2009 – член Праўленьня Біблійнага Таварыства Рэспублікі Беларусь. Таксама да 2009 году выконваў абавязкі протапрэзьбітара Цэнтральна-Заходняга протапрэзьбітарату БГКЦ імя Блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая Чарнэцкага і кіраўніка Сакратарыята Апостальскага Візітатара БГКЦ. Бацька траіх дзяцей. На цяперашні момант працягвае сваю багаслоўскую адукацыю ў Аўстрыі. Вярнуцца назад |