Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 95 гадоў вяртання ў Баруны Іконы Маці Божай Барунскай

95 гадоў вяртання ў Баруны Іконы Маці Божай Барунскай


12.10.2017.

95 гадоў вяртання ў Баруны Іконы Маці Божай БарунскайУ нядзелю - 15 кастрычніка 2017 г. мінскія грэка-католікі выпраўляюцца ў пілігрымку ў Баруны. 


Маці Божая Барунская, Суцяшальніца ўсіх засмучаных, 

маліся за нас!


Абраз Маці Божай Барунскай у 1922 г. вярнуўся з Вільні ў Баруны. 14 кастрычніка ад чыгуначнага вакзала ў Ашмянах з урачыстай працэсіяй Абраз быў перанесены у вёску Жупраны. Тут адбылося ўсеночнае чуванне, а раніцою 15 кастрычніка працэсія з Іконай Маці Божай рушыла ў Баруны. Пасля ўрачыстай Сумы цудоўны Абраз Маці Божай быў змешчаны на былым сваім месцы, у алтары бочнай навы.

 

95 гадоў вяртання ў Баруны Іконы Маці Божай Барунскай95 гадоў вяртання ў Баруны Іконы Маці Божай Барунскай95 гадоў вяртання ў Баруны Іконы Маці Божай БарунскайКаб адзначыць гэтую дату і падзякаваць Маці Божай за апеку, у нядзелю - 15 кастрычніка 2017 г. мінскія грэка-католікі выпраўляюцца ў пілігрымку ў Баруны. 

Гэты Абраз звязаны з Мінскам перадусім дзякуючы двум грэка-каталіцкім святарам:

 

1.Легендарны айцец Язафат Бражыц, базыльянін, місіянер і экзарцыст, будучы маладым святаром служыў у Мінску. Падчас эпідэміі чумы ў 1654-1655 гг., дапамагаючы хворым, сам заразіўся і памёр, але Маці Божая выпрасіла для яго дар жыцця і служэння. Пасля свайго ацалення праз усё жыццё айцец Язафат асаблівым чынам шанаваў Багародзіцу, а перад смерцю перадаў цудатворны Абраз свайму сваяку Мікалаю Песляку, які і заклаў барунскую святыню ў 1691 годзе.

 

2. Так сталася, што малады грэка-каталіцкі святар з Мінска, айцец Ян Матусевіч быў пасланы на першае месца свайго служэння ў Баруны. Пачынаючы з 1979 па 1990 год служыў пробашчам рыма-каталіцкай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах. Штодзённая малітва перад цудатворным Абразом Маці Божай, таксама пастаянная сувязь з айцамі-базыльянамі з Украіны, якія тады былі ў падполлі і тайна адведвалі айца Яна, – усё гэта дало свае вынікі.

 

З 1988 году айцец Ян пачынае адпраўляць па-беларуску, Баруны становяцца месцам паломніцтваў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаныя ў дзяцінстве, жадаюць прыняць Хрост менавіта ў айца Яна Матусевіча і менавіта тады, з 1988 па 1990 год, у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім (грэка-каталіцкім) абрадзе.

 

12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на свяце святога Язафата ў Барунах. Хоць Літургію айцец Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэту падзею першай “духоўнай акцыяй” уніятаў Мінску.

 

З 1990 году і па дзень сваёй смерці 2 верасня 1998 году айцец Ян быў пробашчам і дэканам грэка-каталікоў Мінска.

 

Праграма Пілігрымкі 15 кастрычніка 2017 г.

12:00 Боская літургія

13:15 Акафіст да Маці Божай

14:00 Адпустовая Святая Імша з удзелам святароў Ашмянскага дэканату


Вярнуцца назад