Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > ПЕРАМЯНЕННЕ ГОСПАДА ІСУСА ХРЫСТА – 6 жніўня
ПЕРАМЯНЕННЕ ГОСПАДА ІСУСА ХРЫСТА – 6 жніўня4.08.2017. |
|
Увайсці разам з Ісусам на гару Фавор і прасвятліцца Яго святлом.
1. Сёння мы перажываем евангельскую падзею – Перамяненне Госпада нашага Ісуса Хрыста. Каб глыбей разважыць яе, я хачу запрапанаваць вам зрабіць гэта з дапамогаю трох ключавых словаў. Гэтыя ключы: вера, перамяненне, самаахвярнасць. Гэтыя тры словы фактычна апісваюць дарогу хрысціяніна. Моцарт тэалогіі – Ёзэф Рацэнгер – у сваёй кнізе "Ісус з Назарэта" разважае Перамяненне ў неразрыўнай лучнасці з вызнаннем веры апостала Пятра ў ваколіцах Цэзарэі Піліпавай. Ісус пытаецца: "За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?" (Мц. 16:13б). У той момант апостал Пётр ад Бога атрымоўвае натхненне, адказваючы: "Ты Хрыстос, Сын Бога жывога" (Мц. 16:16б). Гэтае натхненне – аб'яўленне, якое Пётр атрымоўвае, як дар, можна сказаць авансам. Святая Тройца намагаецца абвастрыць свядомасць вучняў, якія ўсё яшчэ не разумеюць навошта яны ідуць у Ерузалім. Яны не могуць пагадзіцца з тым, што іх Настаўніку наканаваныя пакуты і смерць. Не разумее гэтага і Пётр. Не разумеем гэтага і мы: чаму нам трэба ісці шляхам цярпення і самаахвяравання?! Сапраўды, Крыжовы шлях губляе сэнс без вызнання веры ў тое, што Ісус ёсць Сынам Божым – Богам, які ведае, што чыніць. Толькі вера, якая ёсць дарам Бога, дазваляе нам стаць на шлях наследвання нашага Госпада.
2. Аднак стаць на шлях – не азначае аўтаматычна яго прайсці. Каб захаваць вернасць Ісусу Хрысту – разам з ім памерці і ўваскрэснуць – мы патрабуем перамянення. Не ідзе мова толькі пра маральную перамену ў нашых паводзінах. Перамяненне азначае перамену нашага сэрца – азначае глыбока духоўны, містычны досвед. Усходнія Айцы Царквы любілі падкрэсліваць, што гэта не Ісус перамяніўся, але Ягоныя вучні перамяніліся і змаглі пабачыць Ісуса такім, якім Ён ёсць. Такім чынам Ісус застаецца заўсёды такі самы, але гэта мы патрабуем перамянення. Евангеліст Лука гаворыць нам, што пасля перамянення Ісуса "два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Ілля" (Лк. 9:30). Тэма іх размовы – "зыход, які меўся адбыцца ў Ерузаліме" (Лк. 9:31). Аднак гэты зыход – як пранікліва заўважае Папа Бенедыкт XVI – гэта Крыж нашага Госпада: "Крыж Ісуса – гэта зыход, выхад за межы гэтага жыцця, пераход праз "Чырвонае мора" пакутаў і ўшэсце ў Славу, якая, аднак, ніколі не заслоніць крыжовых ран" (Бенедыкт XVI, "Ісус з Назарэта").
3. Жыццё хрысціяніна – гэта наследванне Ісуса Хрыста на Ягоным шляху праз смерць да ўваскрасення. Гэта вар'яцтва крыжа, як гаворыць пра тое апостал Павел (пар. 1 Кар. 1:23). Ды ёсць толькі адзін спосаб стаць божым вар'ятам – увайсці разам з Ісусам на гару Фавор і прасвятліцца Яго святлом. Сённяшняе свята заклікае нас да больш глыбокай і больш частай сузіральнай малітвы ў нашым штодзённым жыцці. Якім чынам да гэтага імкнуцца? Можам крыстацца для гэтага словамі Евангелля і Айцоў, якія спалучыліся ў вядомай нам малітве: "Госпадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй нас, грэшных!". Амін. Вярнуцца назад |