Парафія сьвятога Язэпа > Пілігрымка 2017 > Пілігрымка вельмі сымбалічная
Пілігрымка вельмі сымбалічная26.07.2017. |
|
Я першы раз удзельнічаў у грэка-каталіцкай пілігрымцы, папярэднім разам я быў у пілігрымцы рыма-каталіцкай. Гэтая пілігрымка была вельмі сымбалічная.
Па-першае, ушанаваньне Полацкіх пакутнікаў, якіх можна разглядаць як сымбаль нашай Уніяцкай Царквы. Па-другое, 500-годзьдзе выданьня Бібліі Францыскам Скарынам. Па-трэцяе, маршрут пралягаў па землях гістарычнай Полаччыны, адкуль пайшла нашая дзяржаўнасьць. Па-чацьвёртае, грэка-каталіцкая пілігрымка стала сымбалям навяртаньня гэтай зямлі да Бога, бо яшчэ 23 гады таму па дарозе на Полацак ня было ніводнага храму, крыжу. А зараз яны ёсьць і іх становіцца ўсё больш.
Уразіла стаўленьне многіх мясцовых жыхароў, якія часта жагналіся самі і перакрыжвалі нас плачучы. Некаторыя мясцовыя хрысьціяне віталі нас і давалі свае сьведчаньні веры. Таксама запомніліся вячэрні. Асабліва першая ў Заронаве. Падчас яе адчувалася еднасьць паміж намі. Малітва каля Сафіі Полацкай запомніцца нам усім надоўга, бо акурат у гэты час над храмам й людзьмі зьявілася вясёлка. Службы ў Полацку паказалі важнасьць гэтай пілігрымкі, прыехалі вернікі зь іншых раёнаў краіны.
Пасьля гэтага духоўнага шляху можна толькі падсумаваць, што гэтая дарога была вартая аддадзеных нашых сіл, і спадзяюся, сымбалізм і сэнс, якімі яна была насычаная, прынеслі духоўныя плёны ўсім удзельнікам падзеі.
Арцём, парафія Уваскрасеньня Хрыстовага, Віцебск Фота Аляксандра Маламы Вярнуцца назад |