Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў наведвае Украіну з пастырскім візітам

Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў наведвае Украіну з пастырскім візітам


11.07.2017.

Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў наведвае Украіну з пастырскім візітамПрэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў - кардынал Леанард Сандры, з 11 па 17 ліпеня 2017 г. будзе знаходзіцца з пастырскім візітам ва Украіне. Цэнтральнай часткай насычанай праграмы яго паездкі стане ўдзел ва ўрачыстасцях у санктуарыі Маці Божай у Зарваніцы, дзе штогод збіраюцца шматлікія паломнікі з ўсёй краіны. Кардынал наведвае санктуарый у суботу і нядзелю, 15- 16 ліпеня 2017 г.

 

11 ліпеня кардынал Леанард прыбудзе ў Кіеў і разам з Апостальскім нунцыем ва Украіне архібіскупам Клаудыё Гуджэроці і першаіерархам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вярхоўным архібіскупам Кіева-Галіцкім Святаславам (Шаўчуком) памоліцца на Майдане Незалежнасці і наведае музей Галадамору.

 

На наступны дзень, 12 ліпеня, ватыканскі іерарх прыме ўдзел у Літургіі ў грэка-каталіцкім катэдральным саборы Уваскрасення Хрыста з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла (па юліянскім календары). Пасля набажэнства кардынал Леанарда памоліцца ў крыпце сабора, дзе пахаваны спачылы 31 мая 2017 г. кардынал Любамір Гузар, першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з 2001 па 2011 гг. У другой палове дня прадстаўнік Апостальскай Сталіцы сустрэнецца з навучэнцамі Кіеўскай духоўнай семінарыі, што ў гарадку Княжычы (прыгарад Кіева), а ўжо ўвечары накіруецца ў Харкаў, каб наведаць мясцовае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”.

 

На 13 ліпеня запланаваны ўдзел кардынала Леанарда ў Літургіі ў катэдральным саборы Харкаўскага экзархату, пасля якой ён сустрэнецца з мясцовым духавенствам. Пасля абеду ватыканскі іерарх адправіцца ў Краматорск, дзе на наступны дзень, 14 ліпеня, правядзе сустрэчу з біскупам Данецкага экзархату і мясцовымі святарамі. У другой палове дня кардынал накіруецца назад у Харкаў з прыпынкам у Славянску з мэтай наведвання людзей у эвакуацыі, выкліканай ваеннымі дзеяннямі, якія трываюць у краіне з 2014 г.

 

15 ліпеня кардынал Леанард прыбудзе ў аэрапорт Івана-Франкоўск, дзе далучыцца да вернікаў, якія здзяйсняюць пілігрымку ў нацыянальны Марыйны санктуарый у Зарваніцы. Там іерарх звернецца з прамовай да моладзі, пасля працэсіі са свечкамі і начнога малітоўнага чування падзеліцца духоўнымі разважаннямі з пілігрымамі, а падчас урачыстай Літургіі наступнага дня прамовіць казанне.

 

Увечары 16 ліпеня прадстаўнік Апостальскай Сталіцы прыбудзе ў Львоў, дзе наведае грэка-каталіцкі катэдральны сабор св. Юрыя, а ўжо на наступны дзень, 17 ліпеня, вылеціць назад у Рым.

 

Падчас свайго візіту ва Украіну кардынал Леанард Сандры перакажа духавенству і вернікам краіны шчырае прывітанне ад Святога Айца, які выказвае “сваю любоў і блізкасць да народа, кранутага пакутамі і стратамі, выкліканымі ваеннымі канфліктамі”, гаворыцца ў паведамленні Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў.

 

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё



Вярнуцца назад