Парафія сьвятога Язэпа > 500 год Бібліі выдадзенай Францішкам Скарынам, Пілігрымка 2017 > Напярэдадні ХХІІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі
Напярэдадні ХХІІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі9.07.2017. |
|
Напярэдадні ХХІІІ пілігрымкі Віцебск – Полацк хочам узгадаць сведчанне пілігрыма, які гэты шлях прайшоў год таму. Маім асноўным намерам удзелу ў 22-й грэка-каталіцкай пілігрымцы – было асэнсаванне ўсходняй каталіцкай традыцыі, аб якой я шмат чытаў, але ніколі не быў яе сведкам ці ўдзельнікам. З тэарэтычнага пункту гледжання пытанне аб уніі, якая б яднала багатыя і разнастайныя формы духоўунага досведу Захаду і Усходу, падаецца ідэальным. Тым больш, што гэтыя пошукі гармоніі мелі свой багаты плён у форме Берасцейскай Царкоўнай уніі, якой ужо 420 гадоў!
Ісці было складана, перш за ўсё ва ўнутраным сэнсе. Аднак хрысціяне брацкіх (іншых) канфесій няўтомна падтрымоўвалі нас учынкамі міласэрнасці.
Пілігрымковыя духоўныя канферэнцыі былі прызначаныя адзінству Царквы. Яно адлюстравана перш за ўсё у Сімвале Веры: “Веру у адзіну, святую, паўсюдную і апостальскую Царкву”. Штодзенна падрыхтаваны загадзя выкладчык прапаноўваў асэнсаванне аднаго з “артыкулаў” Сімвала. Істотным было тое, што святары карысталіся прыкладамі з жыцця і з уласнага досведу. Дарэчы, канферэнцыі былі падчас руху, надаючы дынамізму ўнутранаму вопыту. Намаганні, спёка, боль і пыл стваралі ў дарозе нейкую “алхімічную” эсэнцыю, якая дзіўным арнаментам спляталася з рухам сэрца, з досведам ахвяры – усё гэта ўзмацняла працэс навяртання.
Сама рэчаіснасць пілігрымкі вучыла нас адзінству. Калі б хто-небудзь плянаваў у самоце пераадолець гэты шлях, то ён пэўна б на палове сышоў, так і не даведаўшыся, як карысна ўплывае на асобу хрысціянскае братэрства. Перш за ўсё гэта вопыт успрымання другой асобы як роўнай сабе і намаганне стварыць для яе, як і для сабе прынамсі роўныя, калі не лепшыя умовы існавання.
Пілігрымка, дзе можна было сустрэць умілаванасць і захапленне блізкага, стала для кожнага з удзельнікаў і для мяне асабіста сапраўднай школай любові. Хвала Хрысту! Артур, Берасце Вярнуцца назад |