Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак прыняў прадстаўнікоў Канстантынопальскага Патрыярха

Папа Францішак прыняў прадстаўнікоў Канстантынопальскага Патрыярха


28.06.2017.

Папа Францішак прыняў прадстаўнікоў Канстантынопальскага ПатрыярхаФранцішак прыняў 27 чэрвеня 2017 г. афіцыйную дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхата. Яе ўзначальвае архіепіскап Ёў, адзін з кіраўнікоў Камісіі па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

 

Пантыфік нагадаў, што апосталы Пётр і Павел служылі Хрысту па-рознаму, тым не менш, у сваёй разнастайнасці, яны сведчылі аб адной міласэрнай любові Бога Айца. Менавіта па гэтай прычыне, са старажытных часоў Касцёл на Усходзе і на Захадзе аб’ядноўвае святкаванне мучаніцтва Пятра і Паўла. А абмен дэлегацыямі паміж Касцёлам Рыма і Царквой Канстантынопаля ўзмацняе імкненне да поўнага аднаўлення зносін паміж католікамі і праваслаўнымі, сказаў Францішак, і нагадаў, што сёлета адзначаецца 50-годдзе візіту Паўла VI да Патрыярха Афінагора. У гэтым кантэксце Францішак узгадаў і свае сустрэчы з Патрыярхам Барталамеем І.

 

Папа выказаў спадзяванне, што наступная, вераснёўская сустрэча Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой пройдзе “ў духоўным клімаце ўважлівасці да Божай волі і ў ясным прызнанні шляху ўжо зробленага супольна многімі католікамі і праваслаўнымі ў розных частках свету”. Святы Айцец упэўнены, што яна стане сапраўды плённай для будучыні экуменічнага дыялогу.

 

Пантыфік нагадаў, што галоўная роля на экуменічным шляху належыць Богу, таму з нашага боку патрэбна падпарадкаванне Яго волі. “З верай у заступніцтва святых Пятра і Паўла, святога Андрэя, давайце маліцца адно за аднаго і прасіць Пана, зрабіць нас інструментамі камуніі і спакою”, - заклікаў Францішак.

 

28 чэрвеня праваслаўная дэлегацыя сустрэнецца з старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, а затым папрысутнічае на кансісторыі, падчас якога Папа ўзвядзе ў кардынальскую годнасць некалькі іерархаў. 29 чэрвеня архіепіскап Ёў і іншыя будуць прысутнічаць на св. Імшы ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, якую ўзначаліць Папа.

 

Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхата штогод, пачынаючы з сярэдзіны 1960-х гадоў, прыязджае ў Ватыкан на ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла. Дэлегацыя ж Апостальскай Сталіцы кожны год ездзіць у Стамбул 30 лістапада на свята св. Андрэя Апостала.

 

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё


Вярнуцца назад