Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Беларускія іерархі ўручылі Папу Рымскаму пераклад яго кнігі на беларускую мову

Беларускія іерархі ўручылі Папу Рымскаму пераклад яго кнігі на беларускую мову


19.10.2016.

Беларускія іерархі ўручылі Папу Рымскаму пераклад яго кнігі на беларускую мовуКніга Папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць», перакладзеная на беларускую мову супрацоўнікам беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандрам Панчанкам, была прэзентавана аўтару. 

19 кастрычніка ў межах агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек перадалі Пантыфіку беларускую версію гэтай кнігі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Папа Францішак падпісаў два асобнікі кнігі. Адзін з іх будзе захоўвацца ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, а другі адправіцца ў Беларусь.

Варта адзначыць, што менавіта архімандрыт Сяргей Гаек і біскуп Алег Буткевіч выступілі ініцыятарамі перакладу гэтай кнігі на беларускую мову, звярнуўшыся па дапамогу ў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё. [Архімандрыт Сяргей звяртае ўвагу, што ідэю перакладу гэтай кнігі на беларускую мову падсунуў Віцебскі біскуп на пенсіі Уладзіслаў Блін].

«Ідэя, з якой да нас звярнуліся іерархі, палягала на тым, каб у кантэксце Года Міласэрнасці перакласці на беларускую мову кнігу Святога Айца пра Божую Міласэрнасць, — адзначае ў каментарыі Catholic.by перакладчык Аляксандр Панчанка. — Гэтая кніга дапамагла б вернікам у Беларусі зразумець сутнасць абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле Года Міласэрнасці і аднавіць сваё разуменне асабістых адносін з Панам Богам».
 
«Гэта быў мой першы досвед у перакладзе кнігі, але па працы мне даводзіцца перакладаць словы Пантыфіка штодня, таму гэта шмат у чым аблегчыла мне працу», — дадаў Аляксандр Панчанка (на фота ўнізе).
Паводле яго слоў, карэктура беларускага варыянта кнігі была ўжо каманднай працай. Свае рэкамендацыі, прапановы і праўкі пасля супольнага абмеркавання ўносілі кс. Аляксандр Амяльчэня, Алесь Жлутка, а. Андрэй Буйніч і іншыя.



У кнізе Папа Францішак у інтэрв’ю італьянскаму журналісту Андрэа Тарніелі распавядае пра жыццёвы і пастырскі досвед, закранаючы тэмы сэнсу жыцця, супакою і пакаяння, а таксама тлумачыць прычыны абвяшчэння ў Каталіцкім Касцёле Надзвычайнага Года Міласэрнасці.

«Паўдзельнічаць у гэтай працы было для мяне вялікім гонарам. Але мая роля як перакладчыка даволі сціплая, — прызнаецца Аляксандр Панчанка. — Галоўнае ў кнізе — словы Папы, яго пасланне. І было б цудоўна, каб кнігу змаглі прачытаць як мага больш людзей, каб яна спрыяла навяртанню і ўстанаўленню больш глыбокага яднання з Богам — а асабліва, як падкрэслівае сам Святы Айцец, у дары сакрамэнту пакаяння».

Кніга «Імя Бога — Міласэрнасць» выйшла ў мінскім выдавецтве «Медысонт» накладам у 950 асобнікаў. У Мінску яе можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга» (вул. Багдановіча, 25) і пры грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6).


Падрыхтаваў Ілья Лапато, Catholic.by
фота беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 


Вярнуцца назад