Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Мінск абраны сталіцай пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы 2017 г.

Мінск абраны сталіцай пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы 2017 г.


9.10.2016.

Мінск абраны сталіцай пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы 2017 г.Наступнае пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 г. у Мінску. Пра гэта стала вядома 8 кастрычніка пасля вечаровага галасавання біскупаў.

Мінск стане сталіцай Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы (ККБЕ) ужо ў другі раз. 14-16 чэрвеня 2007 г. у Мінску праходзіла 35-я сустрэча Генеральных сакратароў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы на тэму «Міграцыя — выклік для Еўропы». 

Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы сёлета праходзіць з 6 па 9 кастрычніка ў княстве Манака. У пасяджэнні ўдзельнічаюць старшыні Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў розных краін Еўропы, прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы, а таксама члены COMECE (Камісія Канферэнцый Біскупаў Еўрапейскай Супольнасці). 

Беларусь на ім прадстаўляюць Мiтрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Варта зазначыць, што ў апошнія часы Беларусь усё часцей становіцца цэнтрам увагі з боку Каталіцкага Касцёла і Ватыкана. Так, у 2014 г. у Мінску адбыўся IV Каталіцка-Праваслаўны форум «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе», у якім прынялі ўдзел высокія праваслаўныя і каталіцкія іерархі з 22 краін Еўропы. 

У 2015 г. нашу краіну наведаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Урачыстасці сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якія ў гэтым годзе праходзілі ў Будславе, узначаліў спецыяльны пасланнік Папы Францішка кардынал Крыстаф Шонбарн з Вены

У 2017 г. Мінск прыме пленарнае пасяджэнне найбольш уплывовай касцёльнай арганізацыі Еўропы — Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. Такім чынам сталіцу Беларусі наведаюць больш за 40 кардыналаў і біскупаў з усіх краін Еўропы і з Ватыкана, чаго тут яшчэ не было.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Catholic.by назваў абранне Мінска сталіцай чарговага пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы «знакам вялікай павагі, гонару і прэстыжу для Касцёла ў Беларусі і для Беларусі ў цэлым», а таксама прасіў маліцца аб паспяховай падрыхтоўцы і правядзенні гэтай такой важнай для Касцёла і нашай краіны падзеі.

Рада Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы бяре свой пачатак з 1965 года, калі падчас сустрэчы 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме быў заснаваны камітэт, накіраваны на развіццё магчымасцяў для больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў Рыме 23-24 сакавіка 1971 года.

У склад Рады ўваходзяць 39 членаў: Канферэнцыі Біскупаў еўрапейскіх краін і некалькі іншых іерархічных структур. Падчас штогадовай пленарнай асамблеі праходзяць выбары месца наступнага пленарнага пасяджэння.

(DN), (AG), паводле Catholic.by


Вярнуцца назад