Парафія сьвятога Язэпа > Навіны, Пілігрымка 2016 > Напярэдадні ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі

Напярэдадні ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі


8.07.2016.

Напярэдадні ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі“Веру ў Адзіную Царкву”


ХХІІ штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка пачынаецца ў аўторак, 12 ліпеня 2016 г., ранішняй Боскай Літургіяй у грэка-каталіцкім храме ў Віцебску па вул. 2-я Войкава, № 6А. Традыцыйны шлях з Віцебска да Полацка пілігрымы пройдуць за 5 дзён: з аўторка да суботы – 16 ліпеня.

Пілігрымам ды ўсім, хто ў пілігрымцы будзе ўдзельнічаць духова, прапануем разважанні пра Еднасць Царквы.

 

Веру ў Адзіную Царкву, 1596 - 2016

 

Патрэбу адзінства Хрыстовай Царквы разумее кожны хрысціянін. Прамаўляючы Сымбаль Веры, мы вызнаем веру ў Адзіную, Святую, Паўсюдную і Апостальскую Царкву. Аднак як належыць разумець адзінства Царквы? У чым яно праяўляецца?

 

1. Многія хрысціяне прызнаюць, што дастаткова, каб адзінства Царквы было толькі духовым: прадстаўнікі розных веравызнанняў вызнаюць Адзінага Бога, вераць у Хрыста, прасляўляюць Святога Духа. Час ад часу яны сустракаюцца на экуменічных малітвах, абмяркоўваюць нейкія пытанні на супольных канферэнцыях ці ў сяброўскім коле пры каве. 

На жаль, наш сённяшні вопыт паказвае, што для сапраўднага Адзінства не дастаткова толькі такой еднасці. Пэўныя супольнасці могуць прымаць рашэнні адносна веры і хрысціянскага жыцця абсалютна непрымальныя для іншых. Напрыклад, мы не можам пагадзіцца на жаночае святарства ці гомасэксуальныя “шлюбы”, якія практыкуюцца ў некаторых супольнасцях.

Мы, каталікі, верым у тое, што для сапраўднага адзінства неабходна, каб у хрысціянскай супольнасці быў адзін Галава. Гэта падказвае нам і чалавечая логіка: для паспяховасці любой справы патрэбна, каб хтосьці яе ўзначальваў, нёс за яе адказнасць і размяркоўваў заданні іншым удзельнікам справы.

Евангелле гаворыць нам пра тое, хто павінен быць Галавой Царквы. Пад Кесарыяй Піліпавай аднаму са сваіх вучняў, Сымону, сыну Ёны, Ісус кажа:

“Шчаслівы ты, Сымоне, Сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб’явілі табе гэта, але айцец Мой, што ў небе. І вось Я кажу табе: Ты – Пётра (скала), і на гэтай скале я збудую Маю Царкву, і пякельныя брамы не перамогуць яе. І дам табе ключы нябеснага валадарства, і што-колечы звяжаш на зямлі, будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, будзе развязана ў небе” (Мц 16, 17-19).

 

2. Кранутыя гэтымі словамі, Айцы Берасцейскай Уніі, 420-я ўгодкі якой мы сёлета адзначаем, звярнуліся да наступцы св. Пятра – біскупа Рыму Папы, каб аднавіць Адзінства нашай Царквы з Царквой Паўсюднай.

Часамі даводзіцца чуць ад праціўнікаў Еднасці: Берасцейская Унія была падпісаная таму, што праваслаўныя біскупы хацелі мець больш улады, грошай, гонару. На самой справе, пачаўшы працэс падпісання Уніі, Айцы мусілі развітацца з сытым і спакойным жыццём. Знакамітыя магнаты і палітычныя дзеячы, якім не выгаднае было Адзінства Царквы (узгадайма старажытнарымскі прынцып “падзяляй і валадар”) вялі палітычныя інтрыгі, каб папсаваць іх намеры і не дапусціць Уніі. Біскупы накіроўваліся ў далёкія і небяспечныя па тых часах падарожжы. Да іх падсылалі забойцаў: у 1609 здзейснены напад на Кіеўскага мітрапаліта Іпація Пацея, а ў 1623 годзе раз’юшаны натоўп, падбухтораны ілжывай прапагандай праціўнікаў Уніі, забіў Полацкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча. Да нашых дзён падман, паклёпы і няпраўда брудзяць імёны слаўных сыноў Царквы і Бацькаўшчыны.

Дзякуючы Богу і сумленнай працы навукоўцаў мы сёння адкрываем праўду пра Уніяцкую Царкву, пра яе значэнне для беларускай культуры, мастацтва, асветы. Аднак мне падаецца, што той плён, які прынесла нам Уніяцкая Царква – гэта не проста багаты ўнёсак пэўнай канфесіі. Гэта плён Адзінства Царквы, бо калі нашыя продкі жылі па запавеце Хрыста “каб усе былі адно” (Ян 17, 21), то тады Ласка Божая актыўна дзейнічала ў іх, дазваляла будаваць велічныя храмы, ствараць выдатныя творы мастацтва, збіраць багатыя бібліятэкі, але галоўнае – несці Слова Божае кожнаму чалавеку.

 

3. Якім чынам мы можам дапамагчы вяртанню Адзінства Царквы. Безумоўна, неабходная малітва аб еднасці хрысціян.

Аднак я хацеў бы звярнуць увагу на адну вельмі важную справу, да якой мы, грэка-католікі, пакліканыя – несці праўду пра Адзінства Царквы. Мы павінны моцна ўсвядоміць, што рэальнае Адзінства паміж хрысціянамі розных традыцый магчымае і яно існуе ў Каталіцкай Царкве. Мы, хрысціяне візантыйскай традыцыі, захоўваем яе багацце, і пры гэтым жывем у еданасці з нашымі братамі і сёстрамі лацінскай і іншых трыдыцый.

Мяне заўсёды моцна кранае, калі падчас вялікіх урачыстасцей у рыма-каталіцкіх храмах прысутнічаюць прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і нашыя, грэка-каталіцкія святары. Мы выглядаем аднолькава – тыя самыя святарскія вопраткі, падобныя крыжы. Праваслаўныя святары заўсёды паказваюць сваю глыбокую пашану да рыма-каталіцкай традыцыі, аднак, у адрозненні ад грэка-каталіцкіх святароў, яны не могуць супольна служыць Еўхарыстыю. Я веру, што калісьці гэты боль падзелу будзе цалкам пераадолены, а пакуль мы, грэка-католікі, дзякуючы подзвігу Айцоў Берасцейскай Уніі можам супольна прымаць Цела Хрыстовае разам з братамі і сёстрамі – каталікамі іншых традыцый.

Каб быць годнымі сведкамі Адзінства, мы павінныя глыбока ведаць навучанне Каталіцкай Царквы – Катэхізіс Каталіцкай Царквы, дакументы ІІ Ватыканскага Сабору, навучанне Пап, бо ў іх гаворыцца праўда пра каталіцкае бачанне Адзінства. Тады нашая вера ў Адзіную Царкву не будзе проста сентыментальнай чалавечай выдумкай, а будзе грунтавацца на Святым Пісанні, Традыцыі двух тысячагоддзяў хрысціянства, на навучанні Айцоў Царквы, на духовым вопыце пакаленняў хрысціян. Тады нашае сведчанне будзе не толькі яскравым, але і грунтоўным.

 

а. Андрэй Крот


Вярнуцца назад