Парафія сьвятога Язэпа > Навіны, Юбілейны Год Божай Міласэрнасці > “Міласэрны Хрыстос Чалавекалюбец яднае святароў і вернікаў”

“Міласэрны Хрыстос Чалавекалюбец яднае святароў і вернікаў”


4.06.2016.
“Міласэрны Хрыстос Чалавекалюбец яднае святароў і вернікаў”У мінулыя дні святары і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўключыліся ў сумеснае з рыма-католікамі святкаванне ўрачыстасці Божага Цела ды ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.

 

Як вядома, 10 дзён пасля ўрачыстасці Зыходу Святога Духа (Пяцідзесятніцы) ў каляндары лацінскага абраду прыпадае ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста (Божае Цела) – у гэтым годзе гэта быў чацьвер 26 траўня.

 

У гэты дзень у Гродне заканчваўся Нацыянальны Эўхарыстычны Кангрэс прысвячаны Божай Міласэрнасці. Вечарам ў рыма-каталіцкім катэдральным саборы спецыяльны папскі пасланнік – кардынал Зянон Грахалеўскі ўзначаліў св. Імшу, пасля якой працэсія з Святымі Дарамі прайшла па вуліцах гораду да францішканскага касцёла за Нёманам.

У працэсіі Божага Цела ў Гродне 26 траўня 2016 г., побач рыма-каталіцкіх біскупаў, духавенства і вернікаў, побач архімандрыта Сяргея (Гаека) удзельнічалі прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства Заходняга дэканата (а. Андрэй Крот з Гродна, а. Андрэй Буйніч з Ліды, дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў), якія разам з вернікамі адмыслова прыбылі ў паломніцтве ў Гродна.

 

У нядзелю, 29 траўня 2016 г. ва ўрачыстым святкаванні Божага Цела ў Лідзе прынялі ўдзел настаяцель грэка-каталіцкай парафіі протапрэзбітар Андрэй Буйніч ды прадстаўнікі вернікаў.

 

У тую ж нядзелю, 29 траўня, ва ўрачыстай працэсіі Божага Цела па вуліцах Пінска (ад катэдры да новага рыма-каталіцкага храму) прыняў удзел дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў ды група грэка-каталіцкіх вернікаў.

 

У агульнагарадской працэсіі Божага Цела ў Баранавічах удзельнічалі вернікі грэка-каталіцкай парафіі святых Кірыла і Мятода разам з настаяцелям парафіі а. Яўгенам Маліноўскім.

 

***

 

Ва Усходнім Дэканаце ў працэсіі Божага Цела ў Глыбокім, у сам дзень свята - 26 траўня, удзельнічаў а. Аляксей Філіпенка.

У суботу, 28 траўня 2016 г. ў працэсіі Божага Цела ў Віцебску традыцыйна ўдзельнічалі вернікі віцебскіх грэка-каталіцкіх парафій, якіх узначальваў протапрэзбітар Зміцер Грышан з дыяканам Аляксеем Варанко. Да іх далучыўся а. Аляксандр Шыбека з Мінска.

 

У нядзелю, 29 траўня ў Магілёве ў працэсіі Божага Цела ўдзельнічаў настаяцель грэка-каталіцкай парафіі а. Васіль Ягораў разам з вернікамі.

 

***

 

У Мінску, у нядзелю 29 траўня, у агульнагарадской працэсіі Божага Цела, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, удзельнічаў архімандрыт Сяргей Гаек ды вернікі мінскіх грэка-каталіцкіх парафій.

 

У той жа дзень а. Аляксей Філіпенка, разам з вернікамі грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбца ў Маладзечне, удзельнічаў у працэсіі Божага Цела ў мясцовай рыма-каталіцкай парафіі св. Юзафа.

 

***

 

У чацвер, 2 чэрвеня 2016 г., у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы  Марыі ў Браславе адбылася 3-я агульнабеларуская сустрэча святароў, якую ўзначалілі тры біскупы: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і ардынарый Віцебскі Алег Буткевіч.

Духоўную канферэнцыю да ўдзельнікаў прамовіў а. Станіслаў Памыкала SJ.
Галоўнай тэмай канферэнцыі стала Міласэрнасць, якую святары павінны самі дасведчыць, каб пераказаць яе іншым. «Мы павінны стаць носьбітамі Божай Міласэрнасі» — звярнуўся святар да ўсіх прысутных.

Ад імя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў гэтай сустрэчы ўдзельнічалі протапрэзбітар Зміцер Грышан з Віцебска, протапрэзбітар Яўген Усошын з Мінска да а. Андрэй Абламейка з Івацэвічаў.

 

***

Удзел беларускіх грэка-католікаў у святкаванні Божага Цела ды ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Ісуса пашырыўся і па-за мяжы Беларусі.

У чацьвер, 26 траўня 2016 г. у працэсіі Божага Цэла ў неа-унійнай парафіі ў Кастамлотах над Бугам (каля Цярэспаля) разам з групай беларускіх пілігрымаў удзедьнічаў а. Аляксандр Шаўцоў з Полацка.

 

У святкаванні ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Рыме – 3 чэрвеня 2016 г., у св. Імшы, якую ўзначаліў Яго Святасць Папа Францішак, удзельнічалі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Кірыл Міронаў. У той жа св. Імшы ўдзельнічала пяць беларускіх рыма-каталіцкіх святароў з Ордэну Айцоў Аблатаў Беззаганнай Дзевы Марыі.

 

У Юбілейным Годзе Міласэрнасці ўрачыстасці Божага Цела (26 траўня) ды Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста (3 чэрвеня) - сталі супольным сведчаннем духовай Сулучнасці рыма-каталікоў і грэка-каталікоў у іх адказнасці за веру ды Паўсюдную Царкву.


Вярнуцца назад