Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Жыць сапраўднай радасцю любові для іншых і з іншымі”
“Жыць сапраўднай радасцю любові для іншых і з іншымі”3.06.2016. |
|
Сэрца Добрага Пастыра – павінна быць крыніцай натхнення для сэрцаў сучасных душпастыраў, адзначыў Святы Айцец Францішак 3 чэрвеня 2016 г. у Рыме падчас св. Імшы на заканчэнне “Юбілею святароў”, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Ісуса Хрыста. Папа служыў св. Імшу на плошчы св. Пятра разам са шматлікімі кардыналамі, біскупамі і святарамі – сярод якіх была і група святароў з Беларусі – між іншымі беларускія Айцы Аблаты Беззаганнай Дзевы Марыі (з а. Пятром Бялевічам ОМІ з Пінска), а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС з Жодзіна а таксама архімандрыт Сяргей Гаек МІС.
*** Яго Святасць Папа Францішак адзначыў, што Сэрца Добрага Пастыра з’яўляецца самой міласэрнасцю, і гледзячы на яго, духавенства можа аднавіць сваю памяць аб моманце, калі Бог паклікаў кожнага з іх. Ён дадаў, што Божая любоў не мае межаў, ніколі не слабее і ніколі не здаецца, і заклікаў святароў не пераставаць шукаць страчаных авечак, без захавання часу на прыватнае, не абараняючы свайго камфорту, наследуючы Хрыста ды прысвяціўшы сябе цалкам сваёй місіі. Святы Айцец таксама заклікаў святароў жыць сапраўднай радасцю любові для іншых і з іншымі. Бо сьвятар у малітве знаходзіць суцяшэнне Бога і спазнае, што мацней за любоў нічога няма. Ён таму ўнутрана спакойны і шчаслівы, што з’яўляецца “каналам міласэрнасці”, набліжэння чалавека да Божага Сэрца. Смутак для яго, гэта нешта толькі пераходнае, строгасць – нешта чужое, таму што ён пастыр паводле лагоднага сэрца Бога. “Дзякую вам за ваша “так”, і за шмат схаваных штодзённых “так”, якія ведае толькі Госпад. Дзякую вам за ваша “так”, каб аддаць сваё жыццё аб’яднанымі з Ісусам: тут ляжыць чыстая крыніца нашай радасці”, - завяршыў сваю гамілію на Эўхарыстыі, прымеркаванай да юбілейнай сустрэчы святароў, Папа Францішак.
*** Амаль 8 тыс. святароў і семінарыстаў прыбылі ў Рым на сустрэчу з нагоды Юбілейнага Году Міласэрнасці, сярод якіх іерархі ды святары Усходніх Каталіцкіх Цэркваў. З 1 чэрвеня 2016 г. яны прымалі ўдзел у духоўнай падрыхтоўцы да пілігрымкі да Святых дзвярэй ватыканскай базылікі св. Пятра праз удзел у набажэнствах і споведзі. 2 чэрвеня 2016 г. духоўныя практыкаванні (рэкалекцыі) для ўдзельнікаў юбілейнай сустрэчы правёў Папа Францішак. Яны праходзілі ў трох рымскіх базыліках: Маці Божай Santa Maria Maggiore, св. Яна на Латэране і св. Паўла за Мурамі. На працягу дня Святы Айцец наведаў кожную з іх і звярнуўся да духавенства з усяго свету з разважаннямі. Тры базылікі злучыў паміж сабой тэлемост. Таму ўдзельнікі святарскай сустрэчы атрымалі магчымасць пачуць усе разважанні Папы Францішка.
3 чэрвеня 2016 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, Святы Айцец узначаліў на плошчы св. Пятра Эўхарыстыю, якая супала са 160-годдзем устанаўлення гэтага літургічнага свята ў Рыма-Каталіцкай Царкве.
Паводле матэрыялаў Беларускай службы Ватыканскага радыё
Вярнуцца назад |