Парафія сьвятога Язэпа > Навіны, Юбілейны Год Божай Міласэрнасці > Місіянеры міласэрнасці – адмысловыя пасланнікі Папы

Місіянеры міласэрнасці – адмысловыя пасланнікі Папы


10.02.2016.

Місіянеры міласэрнасці – адмысловыя пасланнікі Папы10 лютага 2016 г., у Папяльцовую сераду, у ватыканскай базыліцы св. Пятра пройдзе адмысловы абрад, падчас якога Папа Францішак разашле па ўсім свеце Місіянераў міласэрнасці. Ініцыятыва, якая зыходзіць ад самаго Францішка, звязана са Святым Годам Міласэрнасці, які праходзіць у Каталіцкай Царкве. 

 

Місіянеры міласэрнасці – гэта святары з розных дыяцэзій у свеце. Папа даручыў ім быць прывілеяванымі сведкамі і абвяшчальнікамі Святога Года, часу сустрэчы з Божай міласэрнасцю. Яны павінны быць асобамі сціплымі і мудрымі, гатовымі да “вялікага прабачэння” адносна тых, хто наблізіцца да споведзі.

 

У сваёй буле, якая абвясціла Год Міласэрнасці, Святы Айцец напісаў, што Місіянеры “з’яўляюцца знакам мацярынскага клопату Царквы аб Божым народзе, таму што ўваходзяць у багацце таямніцы Божай міласэрнасці, так фундаментальнай для веры”. Гэтыя святары завуцца “місіянерамі”, паколькі Папа пасылае іх быць прапаведнікамі і пратаганістамі “Місій для народа”.

Папа Францішак у Год Міласэрнасці даў усім святарам дазвол адпускаць грэх аборту, а Місіянераў міласэрнасці надзяліў выключнай магчымасцю – яны могуць адпускаць грахі, зарэзерваваныя для Святога Пасаду. Кананічнае права кажа пра пяць такіх грахоў: прафанацыю кансэкраваных постацяў (Еўхарыстыі) , фізічнае насілле супраць Папы, біскупскае пасвячэнне без папскага мандату, спробу адпушчэння граху саўдзельніку ў граху супраць шостай запаведзі (тут гаворка ідзе не толькі аб чужалостве, бо шостая запаведзь ахоплівае ўсю чалавечую сексуальнасць), а таксама непасрэднае парушэнне таямніцы споведзі.

 

Спецыяльнае запрашэнне да пакаяння Папа скіраваў да асоб, якія знаходзяцца далёка ад Божай ласкі з-за свайго стылю жыцця, а асаблівым чынам да тых, хто ўдзельнічае ў крымінальных групоўках, а таксама бароніць ці саўдзельнічае ў карупцыі.

 

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё


Вярнуцца назад