Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 110 год ад нараджэння а. Тамаша Падзявы – сведка веры
110 год ад нараджэння а. Тамаша Падзявы – сведка веры6.02.2016. |
|
Тамаш нарадзіўся 6 лютага 1906 г. у в. Пярхулева каля Браслава, у сялянскай сям'і. Ён меў сястру і двух малодшых братоў, якія, як і ён, сталі манахамі і святарамі: Антоні – марыянінам, Альфонс – салезіянінам.
Пасля заканчэння пачатковай школы, ён паступіў у ювенат айцоў марыянаў у Друі, адначасова наведваў заняткі ў мясцовай гімназіі. У 1926 годзе ён уступіў у Ордэн Айцоў Марыянаў, а годам пазней склаў свае першыя манаскія шлюбы.
У 1929 г. настаяцелі Ордэну накіравалі яго на навучанне ў Рым, дзе, жывучы ў Папскай калегіі Русікум, наведваў лекцыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. У 1931 г. атрымаў ступень доктара філасофіі, а ў 1935 г. - ступень ліцэнзіята тэалогіі.
У 1934 годзе манах Тамаш атрымаў святарскія свячанні ў візантыйска-славянскім абрадзе з рук Блаславёнага біскупа святамучаніка Мікалая Чарнецкага CSsR, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі, Падляшша і Валыні.
Улетку 1935 г. іераманах Тамаш вярнуўся ў Друю, але пасля кароткага побыту там ён быў накіраваны на працу ва Усходняй Каталіцкай Місіі (сярод рускіх) у Харбіне (Маньчжурыя). Айцец Тамаш выконваў там абавязкі выхаваўцы моладзі і выкладчыка рэлігіі ды некаторых іншых прадметаў у мужчынскім ліцэі Святога Мікалая, якім кіравалі айцы-марыяне, а таксама ў дзвюх жаночых сярэдніх школах, якімі апекаваліся манахіні. Супрацоўнічаў таксама ў рэдакцыі часопіса, які выдаваўся там "Католическій Вестник". У манаскай супольнасці марыянаў у 1937/1938 гадах ён выконваў абавязкі настаўніка навіцыяў.
Распачатае следства доўжылася некалькі месяцаў, і паводле намеру следчых гэта павінна было прывесці да страты веры і разумовай і фізічнай вычарпанасці. Допыты трывалі шмат гадзін, без ежы і адпачынку. У канцы траўня 1949 году святарам былі абвешчаныя прысуды: арганізацыя тэрарыстычнай групы у кіраванам імі школе, падбухторванне супраць Савецкага Саюза і шпіянаж на карысць Ватыкана.
У верасні таго ж году яны былі асуджаныя на 25 гадоў прымусовых працаў у сібірскіх лагерах. Айца Тамаша вывезлі праз Іркуцк і Тайшэт у Брацк (студзень 1950 г. ). У лагеры, ён пакутаваў ад мышачнай дыстрафіі і малярыі. Яму дапамагала генеральная настаяцелька сясцёр-еўхарыстак с. Аполонія Петкун, якая дасылала яму з Беларусі харчовыя пасылкі, і ягоная ўласная сястра, якая дасылала яму грошы. З 1953 году а. Тамаш перабываў у Омску, а годам пазней яго перавезлі ў Чурбай-Нюра. Ён працаваў на лесапавале і будаўніцтве. У 1955 годзе "народны суд" аднак вызваліў яго з увязнення, якое працягвалася агулам 6 гадоў, 8 месяцаў і 9 дзён.
Як грамадзянін Польшчы айцец Тамаш быў дастаўлены да польскай мяжы. У канцы верасня 1955 г. ён прыбыў у г. Грудзёндз, дзе жыла яго сястра. Цэлы год ён перабываў там у манастыры марыянаў. У верасні 1956 году яго накіравалі ў Гетжвальд, дзе размяшчалася неафіцыйная семінарыя для марыянскіх семінарыстаў, выселеных камуністычнымі ўладамі з Варшавы-Беляны. Айцец Тамаш Падзява выкладаў у семінарыі ў Гетжвальдзе этыку, тэадыцэю і лаціну. Там жа айцец Тамаш сустрэў маладога семінарыста Рышарда Пентку (будучага архімандрыта Рамана), які вывучаў у яго літургію і ўсходнюю духоўнасць.
Праз год айцец Тамаш пасяліўся ў Варшаве і працягваў служыць семінарыстам як выкладчык філасофіі ў манаскай семінарыі (у варшаўскім раёне Прага), а ў 1965-1969 гг. ён быў духоўным настаўнікам марыянскіх семінарыстаў ва Улацлаўку. У 1967-1969 гг. з апекі духоўнай і фармацыі ў галіне ўсходняга багаслоўя і беларускай рэлігійнай культуры карыстаў семінарыст Ян Гаек (цяпер архімандрыт Сяргей).
У час Другога Ватыканскага Сабору і ў паслясаборны перыяд айцец Тамаш Падзява стаў вядомы як руплівы прапагандыст ведаў пра Усходнія Цэрквы і актыўны экуменічны дзеяч. У 1969 г. айцец Тамаш прыехаў на некалькі месяцаў у Рым, дзе ён удзельнічаў у Генеральнай Капітуле Ордэну Марыянаў, а затым адправіўся ў Лондан, дзе пасяліўся ў Marian House – сядзібе Беларускай Каталіцкай Місіі. Ён выконваў там душпастрыскую працу, супрацоўнічаў з часопісам “Божым шляхам”, размяшчаючы ў ім уласную серыю катэхез, а таксама з беларускай секцыяй Радыё Ватыкана.
Памёр а. Тамаш ад сардэчнага прыступу 2 X 1975 г. у Лондане і быў пахаваны на могілках Святога Панкрата ва Усходнім Фінчлі (Паўночны Лондан).
Крыштаф Траян Вярнуцца назад |