Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!


21.01.2016.
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!Адышоў у вечнасць марыянін а. Антоні Лось, шматгадовы душпастыр у Беларусі.

20 студзеня 2016 г., у кляштары айцоў марыянаў у Ліхені (Польшча) адышоў да Бога а. Антоні Лось, МІС (малодшы) – на 72-м годзе жыцця, 53-м манаскага паклікання ды 46-м святарскага служэння.

Антоні Лось нарадзіўся ў Беларусі у каталіцкай сям’і, у вёсцы Русакі, парафіі Удзела (Глыбокскага р-на), 7 сакавіка 1944 г. У 1958 г. сям’я Лосяў пераехала ў Польшчу. Там у 1962 г. малады Антоні ўступіў у ордэн марыянаў; атрымаў святарскія свячэнні 5 верасня 1970 г. у мястэчку Гура Кальварыя каля Варшавы.

У 1975 г. а. Антоні Лось пераехаў у Лондан у кляштар беларускіх марыянаў усходняга абраду ды нёс святарскае служэнне ў Беларускай Каталіцкай Місіі.

У 1979 г. у Вашынгтоне (ЗША) вывучаў багаслоўе духоўнасці а пасля (у 1981-1993 гг.) быў кіраўніком навіцыяту Вялікабрытанскай Правінцыі марыянаў.

У Беларусь а. Антоні вярнуўся ў 1993 г. ды амаль 20 год (да 2012) нёс святарскае служэнне ў Друі, Росіцы, Жодзіне, Барысаве і Крупках.

Айцец Антоні быў святаром вялікай скромнасці, пакорлівасці ды цярплівасці.

Пахаванне спачылага а. Антонія адбудзецца ў Ліхені ў пятніцу 22 студзеня 2016 г. у 12:00 гадз.

Дай Госпадзе, слузе Твайму святару Антонію вечны спачын і захавай яго ў вечнай памяці!

Вярнуцца назад