Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > “Ты палюбіш яе”
“Ты палюбіш яе”5.07.2008. |
|
Мц 14, 14-22 / 1Кар 1, 10 -18 Дарагія браты, дарагія сёстры! 1. Пачуты фрагмент Евангельля маляўніча апісвае нам сцэну: пустыня, мноства людзей, настае вечар, вучні прыносяць да Ісуса пяць хлябоў і дзьве рыбы… Давайце духоўнымі вачыма пабачым сябе ў гэтай сцэне. Дзе я знаходжуся ў ёй, што адчуваю і што раблю? Якія думкі ўзьнікаюць, якія пахі я адчуваю? Вось ён – пах ветру пустыні, ветру пяску і камянёў, ветру павольнага паміраньня. Вось яно – сонца, што выпрабоўвае ўдзень сьпёкай, а ў вечары голадам. А вось ён – я, што самотны прыслухоўваецца сабе, у надзеі знайсьці адказ і штосьці зьмяніць… 2. У нашым жыцьці часта бываюць пустыні, калі здаецца, што перасохлі ўсе крыніцы і Неба забылася на дождж. Тады трэба – проста неабходна – ліхаманкава адкапаць дзесьці гэтыя – ну хай ня пяць хлябоў з дзьвума рыбамі – але хаця б нейкае прагненьне жыць і прынесьці (або за вушы прыцягнуць) яго Ісусу. На, Божа, трымай! Кармі гэтым мяне і іншых… Дзіўна? Немажліва?! Ну дык гэта ж цуд. 3. Гэта так цяжка быць чараўніком. Так цяжка рабіць цуды, нават маючы ў далоні чарадзейную палачку… Аднак я “усё магу ў Хрысьце, які ўзмацняе мяне” (Філ 4, 13). З Ім могу стаць чараўніком, з Ім магу рабіць цуды! Што аддам Госпаду сёньня? Рашэньне прыйсьці на споведзь, прабачэньне, проста свае слёзы і самоту? Ужо ня важна, што гэта будзе, але важна зрабіць гэты крок. Ня бойся - Ісус ведае, што з гэтым рабіць. Ты пабачыш, што пустыня – гэта шанец. Ты палюбіш яе. Вярнуцца назад |