Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Да 50-годдзя ІІ-га Ватыканскага Сабору

Да 50-годдзя ІІ-га Ватыканскага Сабору


27.11.2015.

Да 50-годдзя ІІ-га Ватыканскага СаборуVaticanum II - падзея і вопыт Сабору

 

У II-ім Ватыканскім Саборы, з самага пачатку, прымаў актыўны ўдзел беларускі грэка-каталіцкай біскуп Чэслаў Сіповіч (1914-1981). Нарадзіўся ён у 1914 г. у вёсцы Дзедзінка, (былы Браслаўскі раён Віленскаяй губерніі), у сям'і беларусаў католікаў лацінскага абраду. З восені 1928 г. ён вучыўся ў сярэдняй школе пры кляштары беларускіх айцоў марыянаў у Друі. У 1933 г. у навіцыят у Друі, а ў 1935-1938 гг. вывучаў філасофію і тэалогію ва універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. 1-га ліпеня 1938 г. ён быў выгнаны з манастыра (разам з іншымі манахамі) польскімі адміністрацыйнымі органамі віленскага ваяводства і быў вымушаны працягнуць сваю багаслоўскую адукацыю ў Рыме. Там, 16 чэрвеня 1942 г., быў высвячаны на святара ў візантыйска-славянскім абрадзе.

 

Айцец Чэслаў працягнуў вучобу ў Папскім Усходнім Інстытуце (Orientalе), дзе 19 снежня 1946 г. абараніў доктарскую дысертацыю. прысвечаную беларускаму ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму.

 

У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў быў прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі з сядзібай у Лондане. Ён быў адказным за пастырскую працу сярод беларускіх грэка-католікаў у Вялікабрытаніі.

 

Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў за мяжой быў тады біскуп Баляслаў Слоскан, латыш, прызначаны Святым Пасадам у 1926 г. Апостальскім адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі. Пасля вызвалення з савецкага палону ў 1933 г. і паслугі рэктара Рыма-каталіцкай семінарыі ў Рызе, з 1944 г. жыў у эміграцыі ў Бельгіі. Ён захаваў пасаду апостальскага адміністратара дыяцэзій Беларусі. Такім чынам біскуп Баляслаў Слоскан быў другім айцом ІІ-га Ватыканскага Сабору звязаным з Беларуссю.

 

Беларускім айцом Сабору par excellence быў біскуп Чэслаў Сіповіч, прызначаны на біскупства папам Янам XXIII 2 лiпеня 1960 г. і хіратанізаваны (кансакраваны) у Мюнхене 4 жніўня 1960 г. На жаль, ні адзін з іх не мог выконваць архіпастырскага служэння ў Беларусі, дзе ў той час панавала глыбокая ноч ваяўнічага дзяржаўнага атэізму .

 

***

 

II Ватыканскі Сабор быў сапраўды вялікай падзеяй у жыцці Каталіцкай Царквы (найбуйнейшай рэлігійнай падзеяй ХХ стагоддзя), а ў пэўным сэнсе, і ў жыцці свету. Беларускае асяроддзе у вольным свеце (шматканфесійнае па свайму складу) таксама зацікавілася ім. Інфармацыя аб Саборы рэгулярна публікавалася ў часопісе "Зніч", выдаваным у Рыме беларускім святаром доктарам Пятром Татарыновічам. Часопіс быў выдаваны беларускай лацінкай (традыцыйны алфавітам у той час для беларускіх католікаў, які выкарыстоўваўся за мяжой). Першая рэдакцыя часопіса знаходзілася ў генеральным доме Кангрэгацыі айцоў-марыянаў на вул. Корсіка 1, пасля адрас рэдакцыі змяніўся разам з месцам жыхарства а. П. Татарыновіча. [Тут мы адсылаем да артыкулаў, якія змяшчаюцца там, якія маюць характар душпастырскай інфармацыі].

 

Аналагічны характар мелі публікацыі ў часопісе "Божым шляхам", выдаваным у беларускай каталіцкай місіі ў Лондане.

 

Для Беларусаў (і, адпаведна, для даследчыкаў гісторыі беларускага хрысціянства) вельмі каштоўнай крыніцай інфармацыі аб Саборы, асабліва аб удзеле ў ім біскупа Чэслава Сповіча з’яўляецца кніга а. Аляксандра Надсана “Біскуп Чэслаў Сіповіч святар і беларус”, напісаная ў Лондане і выдадзеная ў Мінску ў 2004 г. Яе значэнне заключаецца таксама ў тым, што а. А. Надсан карыстаўся інфармацыямі з неапублікаваных яшчэ дзённікаў і асабістых нататак біскупа Чэслава Сіповіча, якія захоўваюцца ў архіве Беларускай каталіцкай каталіцкай місіі ў Лондане.

 

***

 

Ад моманту прызначэння біскупам Чэслаў Сіповіч уключыўся ў падрыхтоўчую працу II Ватыканскага Сабору. 8 кастрычніка 1960 г. ён быў прызначаны членам Папскай Камісіі Ўсходніх Цэркваў (Pontificia Commissione delle Chiese Orientali) для падрыхтоўкі Другога Ватыканскага Сабору. У рамках працы гэтай падрыхтоўчай камісіі, біскуп Чэслаў працаваў над схемай De Ecclesiae unitate, а больш канкрэтна, над пытаннем (quaestio) De mediis ad Unitatem (аб сродках да еднасці) у рамках праекта Дэкрэту аб падрыхтоўцы еднасці аддзеленых усходніх хрысціян (Decretum de unione orientalium separatorum praeparanda). Разам з а. А. Расам (A. Raes) і а. Ф. Гросманам (F. Grossmann), вядомымі спецыялістамі ў галіне багаслоўя Усходніх Царкваў, яны падрыхтавалі прапанову, у якой падкрэсліваюць асаблівую блізкасць да Каталіцкай Царквы аддзеленых усходніх хрысціян і звяртаюць увагу на галоўнае адрозненне ў веры, а менавіта перадачы Хрыстом поўнай ўлады ў Царкве апосталу Пётру. Пра гэта кажуць архіўныя матэрыялы аб працы біскупа Чэслава ў падрыхтоўчым камітэце.

 

Калі гаворка ідзе ад удзеле ў працы самога Сабору, то яшчэ да ўрачыстага адкрыцця яго (якое мела месца ў базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане 11 лістапада 1962 г.), а больш дакладна -- 29 кастрычніка 1962 г. біскуп Чэслаў быў прызначаны членам саборнай Камісіі па справах законнікаў (Commissio de Religiosis Concilii Oecumenici Vaticani II). На самай справе намінацыйны дакумент быў накіраваны біскупу Чэславу Сіповічу толькі 15 лістапада 1962 г., разам з запрашэннем прыняць удзел у першым пасяджэнні Камісіі, якое планавалася 26 лістапада гэтага ж году.

 

З асаблівай радасцю грэка-каталікі з Беларусі атрымалі інфармацыю (паданай між іншым у беларускай праграме Радыё Ватыкана) аб публічным выступе біскупа Чэслава Сіповіча ў аўлі Сабору, у рамках III сесіі Сабору, 19 верасня 1964 г. Тады абмеркоўваўся праект Дыкрэту аб Усходніх Царквах. Уладыка Чэслаў прадставіў перш за ўсё некалькі агульных заўваг, а затым дадаў:

 

У канцы дакінем пару слоў аб значэньні каталіцкіх Усходніх Цэркваў дзеля асягнення еднасьці. Узгаданым Цэрквам, ганебнымі прасьледваньнямі даведзеным да малое колькасьці сваіх вернікаў, робіцца закід нейкага празелітызму. Падобны закід можна пачуць нават з вуснаў католікаў, што, шукаючы новых спосабаў паяднаньня, пагарджаюць мінулым. Сёньня мы ўсе тут, кіраваныя Святым Духам, шукаем лепшага, i мы, католікі ўсходняга абраду ёсьць перакананыя, што наш удзел у з’яднанні хрысьціян мае вырашальнае значэньне”.

 

Як адзначаў а. Аляксандр Надсан, у такі спосаб уладыка Чэслаў адказаў некаторым заходнім "экуменістам", якія глядзелі на Усходнія каталіцкія Цэрквы як на перашкоду ў адносінах з Усходнямі Цэрквамі, якія не маюць еднасці з Рымскай Апостальскай Сталіцай. Некаторыя саборныя айцы падзякавалі яму за ягоны выступ, у тым ліку ўкраінскі біскуп з Аргентыны Андрый Сапеляк і экзарх Грэцыі Якінтас Гад з Афін.

 

***

 

Акрамя выступаў у аўле Сабору і працы ў камісіях айцы Сабору мелі ўнікальную магчымасць узаемных сустрэчаў, а таксама ўдзелу ў розных важных падзеях, якія суправаджалі Сабор. Біскуп Чэслаў Сіповіч прымаў удзел ва ўсіх пасяджэннях Сабору i ў пасяджэннях камісіяў, да якіх належаў. Як паведамляе А. Надсан “Дзённік таго часу поўны апісанняў дыскусій і сустрэч з рознымі цікавымі асобамі, а таксама яго пэўных уласных уражанняў”.


Адным з вельмі важных, хоць і нечаканых падзей, было вызваленне з савецкага палону ўкраінскага грэка-каталіцкага мітрапаліта Львова архібіскупа Іосіфа Сліпога. Інфармацыя аб яго вызваленні прыбыла ў Рым 10 лютага 1963 г. Пасля смерці мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага (1944 г.) уладыка Іосіф быў архібіскупам Львова. У наступным годзе ён быў арыштаваны савецкімі камуністамі і правёў у савецкіх турмах і працоўных лагерах 18 гадоў.

 

21 лютага 1963 біскуп Чэслаў Сіповіч сустрэўся з мітрапалітам Іосіфам Сліпым, які ў той час прыбываў у каталіцкім візантыйскім манастыры ў Гротаферата. Уладыка Чэслаў даведаўся ад яго, што, калі пасля арышту і смерці экзарха беларускіх грэка-каталікоў Антона Неманцэвіча SJ, у Львоў не даходзілі аніякія навіны ад айцоў Вацлава Аношкі і Льва Гарошкі (членаў рады экзархату), мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі прызначыў а. Васіля Вялічкоўскага CSsR адміністратарам беларускага экзархату.

 

***

Другая сесія Сабору пачалася 29 верасня і працягвалася да 4 снежня 1963 г. Падчас сесіі, біскуп Чэслаў меў магчымасць сустрэцца з двума саборнымі назіральнікамі ад Маскоўскага Патрыярхата Рускай Праваслаўнай Царквы: а. Віталём Баравым і а. Ілічам, абодва былі беларусамі.

 

У рамках гэтай сесіі Сабора, біскуп Чэслаў удастоіўся гонару ўнясення кнігі Евангелляў ў пачатку абрад – было гэта 14 кастрычніка 1963 г. Падчас урачыстага ўваходу біскупа Чэслава суправаджалі два беларускія святары прэлат Уладыслаў Салавей (Германія) і а. Кастусь Маскалік. Для беларусаў, пра якіх ў той час у царкве на Захадзе мала хто чуў, гэта было важнай падзеяй і вопытам Сабору. На самай справе, яны могуць разглядацца як пачатак «экзістэнцыяльнага прыёму" (receptio) навучання (in verbis et gestis) II Ватыканскага Сабору, нават яшчэ да публікацыі саборных дакументаў.

 

 Да такіх жа важных падзей і момантаў "экзістэнцыяльнага прыёму" неабходна залічыць ўрачыстае перанясенне (translatio) мошчаў святамучаніка Язафата (Кунцэвіча), архібіскупа полацкага, і змяшчэнне іх, па жаданні Папы Яна XXIII, у базыліцы св Пятра (пад алтаром святога Васіля Вялікага) 22 лістапада 1963 г. Разам са шматлікімі біскупамі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы (называнай тады ў эміграцыі Ўкраінскай Каталіцкай Царквой - УКЦ), у гэтай урачыстай і сімвалічнай цырымоніі прысутнічаў уладыка Чэслаў Сіповіч, біскуп Беларускай грэка-каталіцкай Царквы, які ў рамках урачыстасці прачытаў на беларускай мове адну з малітваў.

 

Мы павінны таксама ўзгадаць шматлікія сустрэчы біскупа Чэслава Сіповіча з іерархамі Украінскай грэка-каталіцкай Царквы (якія былі вельмі актыўныя на Саборы), а таксама з іерархамі іншых Усходніх каталіцкіх Цэркваў. Гэтыя сустрэчы давалі магчымасць дзяліцца "вопытам Сабору”.

 

Падчас Сабору біскуп Чэслаў выкарыстаў таксама магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі польскага епіскапату, у прыватнасці, з кардыналам Стэфанам Вышынскім, каб абмеркаваць з імі справу намінацыі рыма-каталіцкага біскупа ў Беларусі.

 

а. Андрэй Абламейка


Вярнуцца назад