Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!
ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!8.11.2015. |
|
Паніхіду за супакой душы спачылага слугі Божага Марыуша адслужыў архім. Сяргей (Гаек) у Полацку ў суботу, 7 лістапада 2015 г. у грэка-каталіцкім храме св. Параскевы Полацкай. *** Марыуш Карповіч Марыуш Карповіч нарадзіўся 19 ліпеня 1933 года ў маёнтку Чомбраў Навагрудскага павета. Ён паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду Карповічаў, згадкі пра які можна сустрэць у шматлікіх дакументах з актавых кніг судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага 17—18 стагоддзяў. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца справа аб дваранскім паходжанні роду Карповічаў герба «Кораб (Korab)», які быў прызнаны ў дваранскай годнасці пастановай Менскага дваранскага дэпутацкага сходу 11 снежня 1802 года. Карповічы сталі ўладальнікамі знакамітага маёнтку Чомбраў у Навагрудскім павеце ў 19 стагоддзі. Гэта той самы маёнтак, дзе выхоўвалася будучая маці Адама Міцкевіча, гэты той самы шляхецкі двор, які Адам Міцкевіч апісаў як рэзідэнцыю Сопліцаў у сваім шэдэўры «Пан Тадэвуш». Прадзедам Марыуша Карповіча па жаночай лініі быў Аляксандр Валіцкі — блізкі сябра і першы біёграф Станіслава Манюшкі, які перад паўстаннем 1863 года заснаваў у Менску сваю кнігарню і, як згадваюць акадэмік Карскі і Рамуальд Зямкевіч, пісаў на беларускай мове пад псеўданімам Міншчук альбо Місцюк. Марыуш Карповіч у 1955 годзе скончыў Варшаўскі універсітэт і з таго часу працаваў у Інстытуце гісторыі мастацтва гэтага універсітэта. Ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 1966 годзе стаў доктарам габілітаваным. З 1979 года ён прафесар Варшаўскага універсітэта. Прафесар Карповіч падрыхтаваў вялікую колькасць выдатных спецыялістаў у галіне гісторыі мастацтваў. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена шмат доктарскіх дысертацый. Акрамя таго ён выкладаў у розных універсітэтах Польшчы, Італіі, Швейцарыі. З 1982 года Марыуш Карповіч правадзейны член Варшаўскага навуковага таварыства. Ён таксама быў абраны акадэмікам Акадэміі Кліменціна і Акадэміі Міцкевічыяна ў Балоніі, ганаровым акадэмікам Інстытута мастацтва Ламбардыі ў Мілане і членам іншых навуковых устаноў і таварыстваў. З 1993 года Марыуш Карповіч эксперт Савета Еўропы па пытаннях гісторыі мастацтва і аховы помнікаў культуры ў Страсбургу. Прафесар Карповіч быў адным з самых аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі мастацкай культуры і архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай 16—18 стагоддзяў. Ён аўтар шматлікіх навуковых прац па гэтай тэматыцы. Дастаткова сказаць, што сталі класічнымі такія яго манаграфіі, як «Барока ў Польшчы» (1988), якая была перакладзена на шматлікія еўрапейскія мовы, «Мастацтва Польшчы 17 стагоддзя» (1975) і «Мастацтва Польшчы 18 стагоддзя» (1985), «Балтазар Фантана» (1994) і іншыя. Шматлікія працы Карповіча выдаваліся не толькі ў Польшчы, але і ў Швейцарыі, Італіі. У апошнія гады свайго жыцця Марыуш Карповіч вельмі цікавіўся праблемамі гісторыі мастацтва Вялікага Княства Літоўскага. Апошняя яго манаграфія «Віленскія асаблівасці архітэктуры 18 стагоддзя (Wileńska odmiana architektury XVIII wieku)» была выдадзена ў 2012 годзе. Значная частка гэтай працы прысвечана праблеме аўтарства праекта аднаўлення Полацкага Сафійскага сабора ў 18 стагоддзі. Прафесар Карповіч аргументавана даказвае, што не Ян Крыштоф Глаўбіц быў аўтарам гэтага праекта, як лічылася раней, а італьянскі архітэктар Гвідо Антоніо Лонгі (Guido Antonio Longhi). Экземпляр гэтай цікавай і мала вядомай у нас працы прафесар Карповіч падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Не гледзячы на невылечную хваробу і свой сталы ўзрост, прафесар Марыуш Карповіч працягваў сваю навуковую дзейнасць, рыхтаваў навуковыя артыкулы, працаваў над дзвюма новымі абагульняючымі кнігамі па гісторыі мастацтва 17 і 18 стагоддзяў, якія, на жаль, не паспеў скончыць. Пахаванне Марыуша Карповіча адбудзецца ў аўторак 10 лістапада 2015 года на мемарыяльных Варшаўскіх могілках «Павонзкі». Уладзімер Дзянісаў Вярнуцца назад |