Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 25-годдзе вяртання храма-легенды
25-годдзе вяртання храма-легенды5.10.2015. |
|
Барацьба за Касцёл св. Сымона і св. Алены, які яшчэ пасля вайны аддалі пад кінастудыю, а потым перебудавалі пад кіназал, ішла тры гады. І гэта была сапраўды народная ініцыятыва, як і аднаўленне будынку пасля вяртання, паведаміў Ян Вуйцік, таксама старажыл парафіі. “Хто меў якія свае грошы, хто меў пасаду, каб аформіць дакументы ці дапамагчы з будаўнічымі матэрыяламі, усе дапамагалі, чым маглі”, - нагадаў парафіянін. Сёння на св. Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дзякавалі ўсім тым, хто наблізіў вяртанне святыні, усім тым, каго зараз ужо няма, але без каго, магчыма, у XXI стагоддзі ў гэтых сценах не гучала б малітва. Трэба зрабіць выснову з тых падзей, адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх. “Нам варта ацаніць тое, што ёсць, тыя магчымасці, якія ёсць сёння. Бо, калі раней людям недзе было даведацца пра Бога, то сёння дзеці маюць магчымасць наведваць катэхічныя заняткі, удзельнічаць у розных касцёльных рухах, і гэта вялікая радасць”, - сказаў біскуп. Гэтыя чырвоныя вежы ў самым сэрцы горада маўкліва захоўваюць свой, не заўсёды просты лёс, але сёння парафія – не толькі духоўны, але і цэнтр адукацыйнай, асветніцкай і дабрачыннай дзейнасці, адзначыў яе пробашч, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. “У Божы храм прыходзяць розныя людзі, розных прафесій, розных абавязкаў, таму Касцёл павінен даць кожнаму менавіта тое, чаго патрабуе яго душа”, - лічыць святар. Памятаючы пра вяртанне храма, зараз парафіяне збіраюць подпісы аб перайменаванні вуліцы, на якой знаходзіцца Чырвоны касцёл, з Савецкай на Вайніловіча – у гонар яго фундатара. Як паказвае гісторыя, малітвы вернікаў не застаюцца незаўважанымі. Ларыса Абрамчук, Мінск. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё Вярнуцца назад |