Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 24 ліпеня – свята св. Шарбэля Цудатворцы

24 ліпеня – свята св. Шарбэля Цудатворцы


24.07.2015.
24 ліпеня – свята св. Шарбэля ЦудатворцыБеларускія грэка-католікі моляцца за хрысціян у Ліване ды іншых краінаў Блізкага Усходу

Св. Шарбель – у свеце Юсуф Антун Махлюф - нарадзіўся 8 мая 1828 г. у сялянскай сям’і маранітаў (католікаў усходняга абраду антыяхійскай традыцыі) ў Бкаа Кафра ў паўночным Ліване.

Ва ўзросце 23-х гадоў уступіў у мараніцкі манастыр св. Марона ў Аная, дзе атрымаў манаскае імя Шарбэль.
Пасля багаслоўскіх студыяў у манастыры Кфіфан быў рукапакладзены на святара ды вярнуўся да роднага манастыра св. Марона.
У 1875 г. ераманах Шарбэль перасяліўся ў пустэлю свв. Пятра і Паўла (побач манастыра), дзе пражыў апошніх 23 гады свайго жыцця.

Як ераманах, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вёў вельмі суровае аскетычнае жыццё пустэльніка. Манахі вельмі паважалі яго як прыклад дасканалага манаха.
Ужо пры жыцці пустельніка Шарбэля вернікі розных хрысціянскіх Цэркваў Блізкага Усходу лічылі яго святым.

Ераманах Шарбэль памёр 24 снежня 1898 г. у Аная, дзе і быў пахаваны.
На месцы яго пахавання адбылося вельмі шмат цудаў, і туды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы з усяго свету.
Праз заступніцтва святога Шарбэля многія людзі атрымалі аздараўленне душы і цела.

У Мараніцкай Каталіцкай Царкве св. Шарбель цешыцца культам на ўзроўні св. Марона, галоўнага Пакравіцеля маранітаў.

***

5 снежня 1965 г., на завяршэнне ІІ Ватыканскага Сабору, Папа Павел VІ бэатыфікаваў ераманаха Шарбэля, а 9 кастрычніка 1977 г. той жа Папа залічыў яго да ліку святых (кананізаваў).

***

Свята найпачэснага Шарбэля Цудатворцы – добрая нагода да малітвы за католікаў-маранітаў ды за ўсіх хрысціян у Ліване ды іншых краінах Блізкага Усходу.

Вярнуцца назад