Парафія сьвятога Язэпа > Пілігрымка 2015 > 1200-годдзе нараджэння св. Мятода, Апостала Славянаў
1200-годдзе нараджэння св. Мятода, Апостала Славянаў10.07.2015. |
|
У гэтым годзе грэка-католікі Беларусі ў асаблівы спосаб адзначаюць 1200-гадовы юбілей нараджэння св. Мятода Салунскага, які разам з братам Канстанцінам-Кірылам сталі Апосталамі Славянаў. У святкаванні гэтага юбілею ўпісваецца і ХХІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк 2015. Яна дапаўняе шэраг душпастырскіх мерапрыемстваў, якія на працягу гэтага году праходзяць у парафіях Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Усе гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць асэнсаваць спадчыну Апостолаў Славянаў, святых Кірыла і Мятода. Яны з’яўляюцца таксама добрай нагодай паглыбіць сувязі духовай салідарнасці з вернікамі Цэркваў, дзе традыцыя святых Кірыла і Мятода старажытная і асабліва жывая – у Славакіі, Чэхіі, Балгарыі, Македоніі, у грэка-каталіцкіх епархіях Мукачыўскай і Перамышльскай. *** На пачатку 2015 г. у грэка-каталіцкіх парафіях ў Беларусі прайшла “эстафета малітвы”. Праводзіліся адмысловыя катэхезы пра “славянскую місію” святых Салунскіх Братоў, якія дапамагалі асэнсаваць евангелізацыйны ды культуратворчы подзвіг Славянскіх Першанастаўнікаў, служыліся падзячныя малебны. “Малітоўнай эстафета” пачалася ў нядзелю 25 студзеня 2015 г. у грэка-каталіцкай парафіі святых Кірыла і Мятода ў Барановічах, дзе Боскую Літургію служыў ды адмысловае казанне прамовіў а. Андрэй Крот, душпастыр парафіі ў Гродна. У тую ж нядзелю а. Андрэй Крот правёў малітоўную праграму таксама ў парафіі ў Івацэвічах. У Гродне, для вернікаў грэка-каталіцкай парафіі, у нядзелю, 25 студзеня 2015 г., Боскую Літургію служыў а. Андрэй Абламейка, а ў грэка-каталіцкай парафіі ў Гомелі - архімандрыт Сяргей (Гаек). “Малітоўная эстафета” працягвалася далей у астатніх парафіях усіх трох протапэзбітаратаў (дэканатаў) БГКЦ. *** Ушанаванне святых Роўнаапостальных Кірыла і Мятода праводзілася таксама ў форме пілігрымак. Грэка-каталіцкі цэнтр пілігрымак «Бліжэй да Бога» (www.go2god.by), што дзейнічае пры парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах, арганізаваў у днях 22 лютага – 1 сакавіка 2015 г. пілігрымку па святых месцах звязаных з дзейнасцю святых Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода, якая пачалася ад Веляграду. Пілігрымка была арганізавана ў супрацоўніцтве з Апостальскім Экзархатам Грэка-Каталіцкай Царквы ў Чэхіі, з арданарыятам для грэка-католікаў у Аўстрыі ды з Браціслаўскай епархіяй Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Гэта дало пілігрымам магчымасць маліцца ў грэка-каталіцкіх храмах краін, якія яны наведалі. Закончылася пілігрымка ў месцах, асабліва звязаных са святым папам Янам Паўлам ІІ – у Вадавіцах і Кракаве. Як вядома, папа Ян Павел ІІ абвясціў у 1980 г. святых Кірыла і Мятода супакравіцелямі Еўропы. *** Яшчэ раней, у днях 29 снежня 2014 г. – 2 студзеня 2015 г. у Празе ўшанавалі памяць святых Кірыла і Мятода ўдзельнікі беларускай грэка-каталіцкай пілігрымкі - маладыя грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя і хрысціяне пратэстанцкіх канфесій з розных мясцінаў Беларусі, ад Полацка і Віцебска праз Магілёў, Гомель і Мінск да Гародні і Берасця, якія прынялі ўдзел у 37-ай Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ. Духовую апеку над удзельнікамі той пілігрымкі Апостальскі Візітатар для грэка-каталікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) даверыў а. Аляксандру Шаўцову, настаяцелю грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку, а на пілігрымскі шлях блаславіў удзельнікаў а. Аляксандр Шыбека, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску. Пілігрымка праязджала праз тэрыторыю місійнай дзейнасці Апосталаў Славянаў - святых Братоў Кірылы і Мятода: Паўднёвую Польшчу, Славакію, Венгрыю і Чэхію. У грэка-каталіцкім храме святых Кузьмы і Дзямяна ў Празе пілігрымаў прыняў на малітву а. Андрэй Абламейка *** 4 – 7 чэрвеня 2015 г. у Празе праходзіла штогадовая Сустрэча ўсходніх каталіцкіх іерархаў Еўропы (Conventus hierarcharum orientalium catholicorum Europae - скарочана CHOCE). На гэтым, 18-тым па ліку форуме, сабраліся больш за 40 прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў з 20 краін Еўропы. У чэшскую сталіцу прыбыў таксама і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей (Гаек). У набажэнствах гэтага ўсходнекаталіцкага форуму ўдзельнічалі беларускія грэка-каталіцкія пілігрымы, якія з Мінска ды Івацэвічаў, праз Кастамлоты і Чэнстахову і далей праз Веляград і Браціславу, прыбылі ў Прагу ў рамках адзначэння 1200-гадовага юбілею святога Мятода Салунскага. З нагоды гэтай пілігрымкі была завершаная рэдакцыя беларускага перакладу Акафісту святым Роўнаапостальным Кірылу і Мятоду. а. Андрэй Абламейка Вярнуцца назад |