Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Дзяржаўны Cакратар Папы Францішка прыбыў у Беларусь
Дзяржаўны Cакратар Папы Францішка прыбыў у Беларусь13.03.2015. |
|
Кардынал П’етро Паралін прыбыў у Нацыянальны аэрапорт «Мінск» не спецыяльным, але звычайным рэгулярным рэйсам. У аэрапорце Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці першымі прывіталі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік. Таксама на цырымоніі прывітання высокага госця з Ватыкана прысутнічалі ўсе ардынарыі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Візіт Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка ў Беларусь здзяйсняецца па запрашэнні дзяржаўных уладаў краіны, таму на цырымоніі прывітання прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік і намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына. Кардынала П'етро Параліна традыцыйна прывіталі хлебам-соллю. Кажучы пра ролю Беларусі для ватыканскай дыпламатыі, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне, кардынал назваў Беларусь вельмі важнай пляцоўкай для вырашэння ўкраінскага крызісу. Дзяржаўны Сакратар дадаў, што тут гаворка ідзе перш за ўсё пра мінскія перамовы і пагадненні. Па словах іерарха, Святы Пасад вельмі жадае вырашэння гэтага крызісу, і Беларусь адыгрывае ў гэтым надзвычай вялікую ролю. Скіроўваючы ў Беларусь свайго Дзяржаўнага Сакратара, Папа Францішак імкнецца выказаць глыбокую павагу да беларускага народа і праз свайго бліжэйшага супрацоўніка з’яднацца ў малітве з беларускімі католікамі. Дзяржаўны Сакратар з’яўляецца галоўным супрацоўнікам Папы ў справе кіравання Паўсюдным Касцёлам і прадстаўляе ў пэўных умовах асобу самога Пантыфіка. Гэта другі падобны візіт у сучаснай гісторыі Беларусі: у 2008 г. краіну наведваў Дзяржаўны Сакратар кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Кардынал П'етро Паралін будзе прабываць у Беларусі па 15 сакавіка. Вярнуцца назад |