Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Спадчына святых Кірыла і Мятода яднае славянаў”

“Спадчына святых Кірыла і Мятода яднае славянаў”


17.02.2015.
“Спадчына святых Кірыла і Мятода яднае славянаў”У Рыме пілігрымы ca славянскіх народаў урачыста адсвяткавалі памяць Апосталаў Славянаў.

У суботу, 14 лютага 2015 г., калі ў каляндары Рыма-Каталіцкай Царквы прыпадае свята святых Кірыла і Мятода – супакравіцеляў Еўропы, у Рыме ўрачыста адсвяткавалі памяць гэтых святых.

У рамках 1200-годдзя нараджэння св. Мятода Салунскага святкаванне мела асабліва ўрачысты характар. Св. Імшу ў базыліцы св. Клімента, дзе спачываюць мошчы св. Кірыла Салунскага, служылі 7 кардыналаў, 4 біскупы ды амаль 100 святароў з амаль усіх славянскіх краінаў.

Св. Імшу ўзначаліў кардынал Ёсіп Бозаніць з Загрэба (Харватыя), разам з ім служылі кард. Вінка Пуліць з Сараева (Босня і Герцэгавіна), кард. Дамінік Дука з Прагі, кард. Міласлаў Выльк (архібіскуп Прагі на пенсіі), кард. Пэтэр Эрдэ з Будапешта (Венгрыя), славацкі кардынал Ёзэф Томка і славенскі кардынал Франц Радэ, а таксама архібіскуп Кірыл Васіль – сакратар Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, грэка-каталіцкі біскуп Браціславы (Славакія) Пётр Руснак, дапаможны біскуп рыма-каталіцкай дыяцэзіі Кошыцэ Станіслаў Столарык і новы біскуп харвацкай дыяцэзіі на выспе Кырк (дзе захавалася традыцыя славянскай глагаліцкай літургіі) – Івіца Пэтаньяк. Сярод іерархаў быў і архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

За арганізацыю свята ў гэтым годзе была адказна супольнасць Папскай харвацкай калегіі ў Рыме “Croaticum”, а стараславянскія ды старахарвацкія спевы выконваў мужчынскі хор з Харватыі. Прысутнічалі шматлікія пілігрымы з Харватыі і Славакіі, але таксама і прадстаўнікі амаль усіх іншых славянскіх народаў.

Урачыстая Літургія ды працэсія ў ніжную базыліку, да магілы св. Кірыла, былі ясным сведчаннем аб тым, як духовая спадчына святых Кірыла і Мятода яднае славянаў заходняй ды ўсходняй традыцыі.

***

У святкаванне 1200-годдзя нараджэння св. Мятода Салунскага сімвалічна ўпісалася таксама Боская Літургія, якую 17 лютага 201 5 г. служылі іерархі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў базыліцы св. Яна на Латэране.

Знакам духовай сулучнасці славянаў візантыйскага абраду, корні якога вырастаюць з місіі святых Кірыла і Мятода, была сумесная малітва святароў і вернікаў з Украіны, Расеі, Беларусі, Славакіі ды Чэхіі.

Архірэйскую Боскую Літургію, у саслужэнні 12-ці біскупаў, узначаліў першаіерах УГКЦ Яго Блаславенства Святаслаў (Шаўчук).
У пастырскім слове на заканчэнне Літургіі ён звярнуў увагу на жывую традыцыю сулучнасці Царквы Кіеўскай мітраполіі з Рымскім Апостальскім Пасадам, сведчаннем чаго была між іншым прысутнасць на Латэранскім Саборы мітрапаліта Рыгора (Цамблака) – жывога носьбіта традыцыі святых Кірыла і Мятода.

***

Грэка-каталіцкія біскупы з Украіны прыбылі ў Рым у рамках візіта “ad limina Apostolorum”; у праграме іхняга перабывання у Рыме прадбачаныя Літургіі ў розных рымскіх базіліках. У чацвер, 19 лютага 2015 г., урачыстую Боскую Літургію за мір ва Украіне будуць яны служыць у базыліцы Санта Марыя Маджорэ.

Вярнуцца назад