Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Прыклад святых Кірыла і Мятода трэба перанесці на сучаснасць

Прыклад святых Кірыла і Мятода трэба перанесці на сучаснасць


30.01.2015.
Прыклад святых Кірыла і Мятода трэба перанесці на сучаснасцьІнтэрв’ю архім. Сяргея Гаека для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

2015 год для хрысціян Еўропы, у тым ліку Беларусі, пройдзе пад знакам важнай даты – 1200-годдзя з нараджэння св. Мятода Салунскага, які разам са сваім братам Кірылам пачаў хрысціянскую місію сярод славянаў. Дзякуючы ім славяне змаглі пачуць Евангелле на роднай мове, нагадаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. У першую чаргу, чырвонай ніццю гэты юбілей павінен прайсці праз усю душпастырскую працу – ад падзей агульнацаркоўных да парафіяльных мерапрыемстваў, лічыць айцец Сяргей. “Мы хочам аднесціся да гэтай падзеі, як да вялікай і духоўнай, асэнсаваць, што значыць для нас Евангелле сёння” - паведаміў архімандрыт Сяргей Гаек.

Кірыл стварыў славянскую азбуку, а разам з братам яны пераклалі з грэцкага на славянскую мову некаторыя часткі Евангелля, Псалтыр, апостальскія пасланні. Пачалі сваю місію ў 863 г. з Маравіі, куды былі адпраўлены вяшчаць Евангелле на зразумелай мове. Потым была Балгарыя і Харватыя. Нягледзячы на тое, што пасля смерці братоў іх спадчыну забаранялі і знішчалі справа св. Кірыла і св. Мятода засталася жыць і развівацца. І важна, каб гэта дата не прайшла не заўважанай. “Гэты юбілей для нас важны ў першую чаргу ў экуменічным плане. Святыя Мятод і Кірыл ушаноўваюцца як рыма-католікамі, грэка-католікамі, так і праваслаўнымі. Асабліва ад часоў святога Папы Яна Паўла ІІ, які абвясціў іх Апекунамі Еўропы. На самой справе, рыма-католікі адзначаць дзень памяці святых Кірыла і Мятода ўжо 14 лютага, магчыма, да гэтай даты будзе арганізавана невялікая пілігрымка з Беларусі ў Рым, а потым мы жадалі б арганізаваць розныя пілігрымкі па тых месцах, дзе яны працавалі і прапаведвалі – у Славакію і Чэхію, у Македонію, у Балгарыю”, - падзяліўся планамі Апостальскі візітатар. 

Яшчэ адна ідэя ўшанавання славянскіх асветнікаў, якая магла б стаць знакам павагі хрысціян Беларусі да спадчыны св. Кірыла і св. Мятода, – гэта ўсталяванне памятнай табліцы ў гонар святых у Рыме, у базыліцы св. Клімента. Ініцыятыва з’явілася амаль 20 год таму. І зараз – як раз час узнавіць яе, марыць айцец Сяргей. “Вядома, трэба, каб гэта была агульнабеларуская ініцыятыва, як гэта робіцца. Апошнія гады пра ідэю неяк забыліся, але ў год юбілею варта ўспомніць. І можа разам з братамі рыма-католікамі і братамі праваслаўнымі, а можа і з Міністэрствам культуры – каб гэта было сапраўды ад усяго беларускага народа – гэта ідэя зноў паўстане”, - спадзяецца архімандрыт. 

У некаторых краінах дзень памяці св. Кірыла і св. Мятода – нацыянальнае і дзяржаўнае свята. Перабольшыць значэнне асветнікаў для хрысціянскай рэлігіі і славянскай культуры нельга. Цікава, што гэта адносіцца і да Беларусі, хоць тут браты не жылі і не прапаведвалі. Аднак ёсць сведчанні, рассказаў айцец Сяргей, што вучні святых дайшлі да Турава і гэта старажыная зямля прыняла спадчыну асветнікаў. “Гэта было Евангелле, якое адразу стала часткай культуры. І чаму св. Кірыл і св. Мятод былі асабліва блізкія Беларусі, хоць дасюль і не дайшлі? Таму што яны спалучалі традыцыю Усходу і Захаду, тое што ў Беларусі заўсёды было. Напрыклад, у Балгарыі была іншая сітуацыя ці на Украіне, а Беларусь заўсёды была паміж Усходам і Захадам. І св. Мятод і св. Кірыл як раз і з’яўляюцца для нас такімі прыкладамі веры і культуры”, - адзначыў святар. 

А прыклад гэтых святых дапаможа і ў сучаснасці хрысціянам Беларусі падтрымліваць і развіваць дыялог і супрацоўніцтва ў духу братэрства, лічыць архімандрыт Сяргей Гаек.

Ларыса Абрамчук, Мінск
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

Вярнуцца назад