Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Азіяцкі” візіт Папы Францішка

“Азіяцкі” візіт Папы Францішка


7.01.2015.
“Азіяцкі” візіт Папы ФранцішкаПадчас зваротнага шляху ў Рым самалёт з Папам на борце будзе пралятаць праз тэрыторыю Беларусі,
таму плануецца, што Францішак накіруе прывітальную тэлеграму кіраўніцтву краіны.


Яго Святасць Папа Францішак накіруецца 12 студзеня 2015 г. з 8-дзённым візітам на Шры-Ланку і Філіпіны.

Арганізатар папскіх падарожжаў Альберта Гасбары назваў тры галоўных матывы выбару гэтых краін у якасці мэты пілігрымкі Святога Айца: вельмі шырокая прысутнасць місіянераў, цяжкая спадчына канфліктаў і жаданне працягваць міжрэлігійны дыялог.

Візіт на Філіпіны першапачаткова планаваўся на 2016 год, прызнаўся Гасбары, але быў паскораны па прычыне цяжкіх наступстваў ад тайфуна 2013 года і 10-годдзя магутнага цунамі. Святы Айцец пажадаў як мага хутчэй асабіста падтрымаць філіпінскі народ, і таму 17 студзеня цалкам будзе прысвечаны ахвярам стыхійных бедстваў. Францішак наведае пацярпелыя тэрыторыі і адкрые цэнтр дапамогі ахвярам, фінансаванне якога адбывалася са сродкаў Святога Пасаду.

Цікава, што ў Шры-Ланцы падчас спаткання з мясцовым епіскапатам не прадугледжана прамовы Святога Айца, біскупы пажадалі свабоднай размовы і дыскусіі з Папам Францішкам. Адметным стане таксама і тое, што ўсе прамовы Папы падчас “азіяцкага” візіту прагучаць па-ангельску.

Паводле матэрыялаў “Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё”

Вярнуцца назад