Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Шляхам Францішка Скарыны пад заступніцтвам святых Кірылы і Мятода
Шляхам Францішка Скарыны пад заступніцтвам святых Кірылы і Мятода27.12.2014. |
|
Увечары 26 снежня 2014 г. адправілася ў дарогу грэка-каталіцкая пілігрымка ў Прагу, каб узяць удзел у 37-ай Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ (Taize). Тэма сустрэчы, назывынай “Пілігрымкай даверу” гучыць: “Стаць соллю зямлі”. Сустрэча праходзіць у Празе з 29 снежня па 2 студзеня – на мяжы 2014 і 2015 гадоў, паміж святкаваннем Раства Хрыстовага ў заходняй і ўсходняй традыцыі хрысціянства. У грэка-каталіцкай пілігрымцы ўдзельнічаюць маладыя грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя і хрысціяне пратэстанцкіх канфесій з розных мясцінаў Беларусі, ад Полацка і Віцебска праз Магілёў, Гомель і Мінск да Гародні і Берасця. Духовую апеку над пілігрымамі Апостальскі Візітатар для грэка-каталікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) давярыў а. Аляксандру Шаўцову, настаяцелю грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку. На пілігрымі шлях блаславіў удзельнікаў а. Аляксандр Шыбека, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску. Шлях аўтабуснай пілігрымкі вядзе ад Полацка раз Кракаў у Прагу - гэта шлях Францішка Скарыны. Таму пілігрымы будуць разважаць над ягоным жыццём і дзейнасцю. Першы прыпынак пілігрымкі будзе 27 снежня ў Кракаве, дзе у 1504 г. Францішак Скарына паступіў у Кракаўскую Акадэмію. Пілігрымка праяжджае праз тэрыторыю місійнай дзейнасьці Апосталаў Славянаў - святых Братоў Кірылы і Мятода: Паўднёвую Польшчу, Славакію, Венгрыю і Чэхію. Таму нябеснымі заступнікамі пілігрымкі выбрана Салунскіх Братоў Кірылу і Мятода. Іхні місійны подзвіг – вяшчаць Евангелля славянам на іхняй мове ды падобная дзейнасць Францішка Скарыны – зрабіць Евангелле даступным нашым продкам на роднай мове, натхняюць маладых беларускіх пілігрымаў у дарозе ў Прагу. Вярнуцца назад |