Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НАПЯРЭДАДНІ РАСТВА ХРЫСТОВАГА

НАПЯРЭДАДНІ РАСТВА ХРЫСТОВАГА


23.12.2014.
НАПЯРЭДАДНІ РАСТВА ХРЫСТОВАГАПапа Францішак напісаў ліст да католікаў Блізкага Усходу

Яго Святасць Папа Францішак напісаў адмысловы ліст да католікаў Блізкага Усходу напярэдадні Хрыстовага Нараджэння, у якім заахвоціў іх мужна вызнаваць сваю веру.

Ён прызнаўся ў сваёй занепакоенасці лёсам вучняў Хрыста, якія жывуць на Святой Зямлі з апостальскіх часоў, і выказаў салідарнасць усяго Касцёла з імі. Папа спадзяецца, што некалі сам асабіста наведае і суцешыць мясцовых хрысціян. У лісце, апублікаваным 23 снежня 2014 г., Пантыфік рашуча асудзіў тэрарыстычную дзейнасць “Ісламскай Дзяржавы” і іх неверагодныя злачынствы. Кажучы пра пакуты ахвяраў, ён адзначыў, што “звяртаецца да Бога і заклікае ўсіх да ўключэння у дапамогу, да малітвы і да ўсіх відаў ініцыятыў”. Святы Айцец падкрэсліў, што ў часы выпрабаванняў трэба быць прывязанымі да Хрыста, і заахвоціў, каб складаны досвед умацаваў веру і вернасць, адрадзіў братэрства і адзінства, вёў да святасці.

Пантыфік адзначыў, што складаныя выклікі з’яўляюцца магчымасцю ўмацаваць адносіны паміж католікамі розных абрадаў і хрысціянамі розных канфесій. “Гэта экумэнізм крыві, які патрабуе даверу да Святога Духа”, - напісаў ён. Францішак падкрэсліў важнасць хрысціянскай прысутнасці на Блізкім Усходзе і ўказаў на важнасць міжрэлігійнага дыялога, усё больш неабходнага ў складанай сітуацыі сучаснасці. “Дыялог, заснаваны на адкрытасці ў праўдзе і любові, з’яўляецца лепшым проціяддзем ад спакусы рэлігійнага фундаменталізму, які ўяўляе сабой пагрозу для людзей усіх веравызнанняў. Дыялог таксама з’яўляецца служэннем справядлівасці і неабходнай умовай для доўгачаканага міру”, - лічыць Папа.

Францішак падкрэсліў, што хрысціяне могуць таксама дапамагчы мусульманам, паказаўшы, што, як яны самі кажуць, іслам з’яўляецца рэлігіяй міру і можа знаходзіцца ў гармоніі з павагай да правоў чалавека і садзейнічаць суіснаванню ўсіх. Адначасова ён адзначыў, што “драматычная сітуацыя жыцця нашых братоў-хрысціян у Іраку, але і езідаў і прадстаўнікоў іншых рэлігійных і этнічных супольнасцяў, патрабуе ад усіх рэлігійных лідэраў заняцця выразнай і смелай пазіцыі, каб аднагалосна і без любой двухсэнсоўнасці асудзіць такія злачынствы і практыку выкарыстання рэлігіі для іх апраўдання”.

Святы Айцец адзначыў, што хрысціянскім пакліканнем з’яўляецца актыўны ўдзел у жыцці сваіх краін, умацаванне міру, паяднанне і развіццё, у супрацоўніцтве з нацыянальнымі і міжнароднымі органамі. Ён падкрэсліў важнасць прысутнасці святароў сярод вернікаў у цяжкія моманты гісторыі. Папа заклікаў таксама моладзь “не баяцца і не соромецца быць хрысціянамі”; пажылых людзей – перадаваць веру і традыцыі новым пакаленням; працуючым у дабрачынных і адукацыйных праектах – выхоўваць да культуры сустрэчы, павагі да годнасці чалавека і абсалютнай каштоўнасці кожнай чалавечай істоты. Пантыфік запэўніў блізкаўсходніх католікаў у салідарнасці і падтрымцы ўсяго Касцёла.

Папа таксама заклікаў міжнародную супольнасць паскорыць падтрымку для ўсяго Блізкага Усходу, як праз мірныя ініцыятывы і малітву, так і гуманітарную дапамогу. Святы Айцец выказаў падзяку хрысціянам на Блізкім Усходзе за іх сведчанне і малітву ў сваёй інтэнцыі. “Я вельмі спадзяюся, што мне будзе дадзена ласка прыбыць да вас асабіста, каб вас наведаць і падтрымаць”, - напісаў Папа. Ён даверыў мясцовых вернікаў апецы Маці Божай і ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне, жадаючы перажыць Божае Нараджэнне ў любові і спакоі Хрыста Збаўцы.


Вярнуцца назад