Парафія сьвятога Язэпа > ХХ Пілігрымка > Пульс хрысціянскай Беларусі: успаміны ўдзельніка ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк 2014
Пульс хрысціянскай Беларусі: успаміны ўдзельніка ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк 201413.08.2014. |
|
Пілігрымаваць – значыць ісці з мэтай. З малітвай і спевам на вуснах і сваёй асабістай просьбай у сэрцы, якую нясеш Госпаду. Пачынаецца ўсё радасна і першыя крокі даюцца з лёгкасцю, але чым далей, тым больш высілкаў ад цябе патрабуецца. І з кожным наступным крокам ты мацней разумееш – ці вартая твая мэта, каб дзеля яе стаптваць ногі, націраць каторы ўжо мазоль, аблівацца потам у спёку, ці ісці прамочаным дажджом. Ці вартая твая мэта, каб дзеля яе цярпець, а тым больш любіць бліжняга, хаця ты сам такі стомлены. Пад нагамі плавіцца асфальт і ў рэшце рэшт мэтай становіцца проста дайсці, данесці сваю просьбу. Спеў пачынаецца і затухае. Вялікая частка спеву скіравана да Багародзіцы – яна становіцца апякункай пілігрымаў. Сама ж яна вандравала ў Егіпет з мужам Язэпам і сынам Ісусам, таму хто як не яна ведае, што такое цяжкасці ў дарозе і як гэтыя цяжкасці перанесці з надзеяй і простай упэўненасцю ў апецы Ўсявышняга. “Найсвятая Багародзіца, маліся за нас…” Малітва ранішняя і вячэрняя, Ісусава малітва і ружанец і, як вянец малітоўнага дня, – Боская Літургія. Літургія – гэта крыніца духоўнай моцы, крыніца спазнання і прыняцця міласэрнасці. Кожны раз тут адбываецца тое, што першы раз адбылося на Таемнай вячэры – Госпад прыходзіць пад выглядам хлеба і віна. Малітва дапамагае, калі ўжо нічога не дапамагае. Прайшлі больш 100 кіламетраў за 4 дні, начавалі ў спартовых залях у школах, елі канапкі на абед, паабгаралі і стапталі ногі, прыйшлі змучаныя, але шчаслівыя. Шчаслівыя, што і на гэты раз дайшлі, данеслі свае просьбы. Шчаслівыя, бо ідучы разам славілі Госпада ў месцах, дзе аб Ім можа і не памятаюць. Шчаслівыя, бо пілігрымка – гэта толькі пачатак, тонкі намёк на нябесныя рэчы. Сяргей Раюнец Вярнуцца назад |