Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб малітве за хрысціян у Іраку і за мір ва Украіне
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб малітве за хрысціян у Іраку і за мір ва Украіне13.08.2014. |
|
Святы Айцец Францішак ужо неаднаразова выказваў заклапочанасць вельмі цяжкай сітуацыяй, якая склалася ў Іраку для хрысціян, як таксама і для многіх іншых меншасцяў, якія падвяргаюцца пераследу і вымушаны ўцякаць. Занепакоеныя сённяшняй сітуацыяй у гэтай краіне, дзе хрысціян пераследуюць, і заахвочаныя словамі Папы Францішка і яго ініцыятывамі на карысць міру ў свеце, звяртаемся да вас, браты і сёстры, з заклікам да гарачай малітвы ў інтэнцыі мірнага вырашэння нарастаючага канфлікту. Звяртаемся да ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і людзей добрай волі, каб найбліжэйшыя дні былі напоўнены малітвай за хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу ў Іраку і ва ўсіх тых месцах, дзе няма ўзаемнай любові, міру і дабрыні. Заахвочваем да далейшай малітвы за наш брацкі ўкраінскі народ, які працягвае балючае і крывавае змаганне за сваю свабоду і тэрытарыяльную незалежнасць. Няхай у нашых сем’ях, парафіях, супольнасцях не будзе недахопу ў жэстах духоўнай салідарнасці з тымі, якія церпяць пераслед за справядлівасць (пар. Мц 5, 10). Верым, што малітва, якая ўзносіцца нястомна да Бога, паспрыяе суцішэнню напружанасці і непарадкаў у Іраку, а таксама перад абліччам крыўды і несправядлівасці, умацуе і з’яднае ў салідарным дзеянні. Каталіцкія Біскупы Беларусі Мінск, 13 жніўня 2014 г. Распараджэнне Просьба да шаноўных святароў азнаёміць вернікаў з дадзеным паведамленнем у бліжэйшую пасля атрымання нядзелю і заахвоціць да малітвы. Біскуп Аляксандр Кашкевіч Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Паводле Catholic.by Вярнуцца назад |