Парафія сьвятога Язэпа > Да 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча > Памяць Біскупаў Баляслава Слоскана і Чэслава Сіповіча ўшануюць у Аглоне (Латвія)
Памяць Біскупаў Баляслава Слоскана і Чэслава Сіповіча ўшануюць у Аглоне (Латвія)7.08.2014. |
|
У гэтым годзе ў Аглону напраўляецца аўтобусная пілігрымка рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх вернікаў з Магілёва, якую суправаджае душпастыр магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі а. Васіль Ягораў. У праграме пілігрымкі прадбачаны малітоўны ўспамін Вялебнага Слугі Божага Біскупа Баляслава Слоскана, якога магіла знаходзіцца ў Аглонскай базыліцы. Біскуп Баляслаў Слоскан шмат гадоў нёс служэнне Апостальскага Адміністратара рыма-каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў гадах 1952-1960 быў Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-католікаў у замежжы. Яго пераемнікам на пасадзе Апостальскага Візітатара быў прызначаны ў 1960 г. Біскуп Чэслаў Сіповіч. Таму магілёўская пілігрымка ў Аглону стане Днямі малітоўнай памяці вялікіх Пастыраў беларускіх грэка-католікаў Біскупа Баляслава Слоскана (1893-1981) і Біскупа Чэслава Сіповіча (1914-1981). Гэтыя Дні памяці пройдуць на заканчэнне святкаванняў 120-годдзя нараджэння Біскупа Баляслава і ў рамках урачыстасцяў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Біскупа Чэслава. *** Фрагменты выступлення Архімандрыта Сяргея (Гаека) на міжнароднай і міжканфесійнай Канферэнцыі ў Рызе (4.10.2013 г.), прысвечанай Памяці Слугі Божага Біскупа Баляслава Слоскана. 1). Ушаноўваем памяць Біскупа Баляслава з нагоды 120-ых угодкаў ягонага нараджэння на латвійскай зямлі. З удзячнай памяццю праглядаем складаныя шляхі ягонага жыцця, нястомнай душпастырскай працы, мужнасці і вялікага сведчання веры падчас пераследванняў - шляхі, якія закранулі многія краіны Усходняй і Заходняй Еўропы, уключна з Беларуссю і Беларусамі на эміграцыі […]. 2). Я хацеў бы сёння даць невялікае сведчанне пра гэтага вялікага Сведку, сведчанне пра важнасць душпастырскай апекі беларусаў Біскупа Баляслава. Такім чынам, я, як Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць Біскупу Баляславу Слоскану за гэтую ўвагу і душпастырскую падтрымку, якую ён надаваў Беларусам візантыйскага абраду (г.зн. грэка-католікам) і лацінскага абраду, якія, знаходзячыся па-за межамі іх Радзімы, жылі ў розных краінах Заходняй Еўропы, асабліва ў Бельгіі, Францыі, Германіі і Велікабрытаніі. Афіцыйна Біскуп Баляслаў Слоскан з 19 снежня 1952 г. быў Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-католікаў, а з 14 лютага 1953 г. – таксама Адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе (Director Missionarium Alboruthenorum in Europa ad Occidentem versa), але ўжо ў папярэднія гады ён наведваў і падтрымліваў духоўна многіх беларусаў-эмігрантаў і асабліва дапамагаў беларскім студэнтам, якія вучыліся ў Каталіцкім Універсітэце ў Лювэне. Ён шчыра быў зацікаўлены духоўным і культурным развіццём сярод беларускіх эмігрантаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў [...]. 3). Але найбольшай заслугай Біскупа Баляслава Слоскана для душпастырскіх патрэбаў беларусаў на эміграцыі трэба лічыць той факт, што ён, як Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай Сустрэчы ў Рыме прадставілі Папе Яну XXIII 6 лютага 1960 г., з просьбай прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. Ліст-мемарыял быў падпісаны Біскупам Баляславам Слосканам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскай апекай беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе. І сапраўды, 2 ліпеня 1960 г. Папа Ян ХХІІІ намінаваў айца Часлава Сіповіча M.I.C., рэктара Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лондане, першым беларускім біскупам ад часу знішчэння ў 1839 г. царскімі ўладамі Расійскай Імперыі структур Унійнай (грэка-каталіцкай) Царквы. Абодва іерархі засталіся ў глыбокай сяброўскай сулучнасці аж да смерці. Абодва памерлі ў адзін год: Біскуп Баляслаў Слоскан – 18 красавіка 1981 г., Біскуп Часлаў Сіповіч – 4 кастрычніка 1981 г. Гэтае іх сяброўства было таксама важным знакам сяброўства латышскага і беларускага народаў […]. У цёмны перыяд савецкай акупацыі Беларусі, гвалтоўнай атэізацыі і запланаванай дэнацыяналізацыі беларускага народа на Бацькаўшчыне, пастырскае служэнне Біскупа Часлава Сіповіча сярод беларусаў у вольным свеце было знакам надзеі і суцяшэння. Поўны тэкст выступлення глядзіце: http://svjazep.org/index.php?newsid=1297 Вярнуцца назад |