Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Навумавічах адзначылі 71-ю гадавіну мучаніцтва смерці блаславёнай Мар’яны Бярнацкай
У Навумавічах адзначылі 71-ю гадавіну мучаніцтва смерці блаславёнай Мар’яны Бярнацкай15.07.2014. |
|
У гэты дзень на ўзгорку сабралося шмат вернікаў: сярод іх былі дзеці, якіх прынеслі на руках маці, моладзь, асобы сталага веку, дзякуючы якім была захавана вера. На ўрачыстасці прыбыў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары, каб разам з вернікамі аддаць пашану мучанікам, у якіх сучасны чалавек можа вучыцца адвазе. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. “З глыбокай пашанай і здзіўленнем мы глядзім на жыццё гэтых сведкаў веры, якія пакінулі прыклад любові да Бога і чалавека, і хочам вучыцца ў іх адвазе крочання за Хрыстом” – сказаў Гродзенскі архіпастыр. Шлях да мучаніцтва блаславёнай Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў прыгадаў у гаміліі кс. доктар Юрый Павайба. Ён заахвоціў памятаць пра гэтае месца, каб пралітая кроў і мучаніцкая смерць сталі зернем, якое прынясе ў душах сучасных хрысціян багаты плён, каб перад вачыма новых пакаленняў быў прыклад дабра і прысвячэння бліжняму. Пасля св. Імшы вернікі трывалі на малітве і роздуме над сутнасцю чалавечага жыцця, узіраючыся ў вялікую ахвяру, якую склалі мучанікі за веру, дзякуючы якой сёння хрысціяне нашай зямлі могуць цешыцца свабодай веравызнання, праслаўляць Бога, збірацца ў святынях, крочыць вуліцамі ў працэсіях, удзельнічаць у пілігрымках, а таксама імкнуцца адважна ісці за Хрыстом і любіць бліжняга, ажно да аддання свайго жыцця за яго. *** Мучаніца Мар'яна Бярнацкая нарадзілася ў грэка-каталіцкай сям’і ў 1888 г. Бог, Яго закон і любоў да сям'і былі для яе каштоўнасцямі, важнейшымі за ўласнае жыццё. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі, стоячы на каленях каля ног эсэсаўца і просячы: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе». Нявестка вярнулася дамоў, а Мар'яну расстралялі 13 ліпеня 1943 г. у Навумавічах каля Гродна. Чакаючы пакарання, яна мела толькі адну просьбу — каб ёй далі ружанец. Вернікі грэка-каталіцкай парафіі ў Гродне традыцыйна наведваюць месца мучаніцтва блаславёнай Мар’яны ў Нядзелю Усіх Святых Беларускага Народу (2-ю пасля Пацідзесятніцы; у гэтым годзе 22 чэрвеня). Паводле: а. Юры Марцінавіч, Catholic.by Вярнуцца назад |