Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Будаваць Царкву на Пятры. 29 чэрвеня – успамін Сьвятых слаўных і ўсяхвальных вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла

Будаваць Царкву на Пятры. 29 чэрвеня – успамін Сьвятых слаўных і ўсяхвальных вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла


27.06.2008.
Сёньня Царква сьвяткуе памяць апосталаў Пятра і Паўла, якія ў традыцыі называюцца “першымі сярод апосталаў”, а таксама “вярхоўнымі”. Такія эпітэты могуць стварыць у нас уражаньне, што апосталы – гэта асаблівыя людзі, вышэйшыя за іншых. Мы прызвычаіліся, што той чалавек, якога лічаць вышэйшым, мае ўладу, грошы, ён знакаміты, яму зайздросьцяць, нават калі яго слава не выкліканая яго добрымі ўчынкамі. Евангельле прапануе нам зусім іншы вобраз “вышэйшасьці”: “Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і магнаты трымаюць уладу над імі. Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы сярод вас быць большым, буде вашым слугою. І хто сярод вас хацеў бы быць першым, будзе вашым слугою” (Мц 20, 25-27).

У Евангельлі Хрыстос высока ўзносіць апостала Пятра: “Блаславёны ты, Сымон сын Ёны [...] Дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана ў небе”. Навучаньне Царквы адносіць гэтыя словы да ўсіх наступцаў апостала Пятра – біскупаў Рыму. У пэўныя гістарычныя эпохі іх нават абвінавачвалі ў гардыні, ў тым, што біскуп Рыму прэтэндуе на ўладу, якая належыць толькі Сыну Божаму. Сёньняшняе Евангельле сьведчыць, што прэтэнзія на галоўную ролю ў Царкве дла наступцаў апостала Пятра не беспадстаўная, але ўлада гэтая ня мае нічога супольнага з уладаю гэтага свету. Гэта служэньне, якое біскупы Рыму ажыцьцяўлялі ў розныя эпохі больш ці менш дасканала, і якім шмат з іх праславілі Бога і прынеслі дабро людзям, як, напрыклад Слуга Божы Ян Павал ІІ.

Хрыстос гаворыць, што Царква будзе збудаваная на Пятры. Што гэта значыць? Ці дастаткова толькі прызнаць уладу Сьвятога Айца над сабою, павесіць яго партрэт над сваім ложкам і прыйсьці прывітаць яго прадстаўніка ў Менскую, Пінскую ці Гарадзенскую катэдру? Некаторыя “каталікі” лічаць менавіта так. Аднак будаваць Царкву “на Пятры” – гэта складанае заданьне, якое вымагае працы, ахвярнасьці і малітвы.

Па-першае, Царква мусіць будавацца на веры апостала Пятра: “Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”. Царква не можа быць сама сабою, калі не верыць у Ісуса, Сына Божага, якога Бог паслаў у свет дла збаўленьня ўсіх людзей. Ісус збавіў нас не праз сваё навучаньне, не праз нейкую магічную моц, схаваную ў абрадах, але праз сваю сьмерць і Ўваскрасеньне. Будаваць Царкву на Пятры на самой справе азначае будаваць на Ісусе Хрысьце, які адзін ёсьць Госпадам і Ўладаром.

Па-другое, Царква мусіць будавацца на сведчанні жыцця апостала Пятра, а дакладней, на сведчанні абодвух апосталаў – Пятра і Паўла. У пасланні да Карынцянаў мы чуем пра жыццё апостала Паўла. Напэўна, такім было жыццё кожнага з апосталаў. Гэта не было жыццё, накіраванае на дасягненне поспеху, багацця, улады. Гэта было ў поўнай меры наследванне Хрыста, які ня меў дзе галаву прыхіліць.
Браты і сёстры! Сёньняшнія чытаньні паказваюць нам двух вялікіх людзей, але ў незвычайны спосаб. Перад намі паўстаюць не нейкія супергероі, якія мелі незвычайныя здольнасьці і таму займаюць такое высокае становішча ў Царкве. Перад намі паўстаюць звычайныя людзі. Напрыклад, Паўла, які зрабіў так шмат, меў у сваім целе нейкі таямнічы “бадыль”, які ўвесь час перашкаджаў яму. Ня гледзячы на свае слабасьці гэтыя апосталы здолелі прывесьці да Хрыста мноства людзей, стварыць пачаткі навучаньня Царквы, зрабіць шмат цудаў.

Пропаведзь апосталаў зьмяніла не толькі жыцьцё асобных людзей. Навучаньне Ісуса Хрыста, якое яны разьнесьлі па ўсім тагачасным сьвеце, зьмяніла яго аблічча: у заняпад прыйшла сістэма рабаўладаньня, зьмяніліся жорсткія і амаральныя звычаі. У гісторыі Пятра і Паўла мы бачым, што звычайныя людзі, калі яны будуюць сваё жыцьцё на Хрысьце, здольныя зьмяніць сьвет. Гэта заклік для ўсіх нас – калі мы хочам, каб наш горад, краіна, увесь сьвет сталі лепшымі – мы мусім прынесьці ім Хрыста.

Вярнуцца назад