Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Грэка-католікі г. Бэтлеем памаліліся за хрысціянаў Беларусі

Грэка-католікі г. Бэтлеем памаліліся за хрысціянаў Беларусі


22.06.2014.
Грэка-католікі г. Бэтлеем памаліліся за хрысціянаў БеларусіМалітва аб плённым супольным сведчанні Евангелля

У нядзелю, 22 чэрвеня 2014 г., у парафіяльным храме грэка-каталіцкай мельхіцкай парафіі Найсвяцейшай Багародзіцы (грэка-католікаў на Блізкім Усходзе называюць мелхітамі) ў г. Бэтлеем (Віфлеем), удзельнікі Боскай Літургіі маліліся за хрысціянаў Беларусі.

Боскую Літургію узначалілі пробашч парафіі эканомас-протаіерэй Абуна Якуб Абу Сада ды архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ.

У малітве ўдзельнічала група мясцовых арабскіх хрысціянаў грэка-католікаў ды праваслаўных (паміж якімі ў Святой Зямлі добрыя адносіны), а таксама пілігрымы са Швейцарыі (якіх суправаджаў а. праф. Людавік Набель з Багаслоўскага Факультэта ў Фрыбургу) ды французкія манахіні Супольнасці Малых Сёстраў Ісуса.

Літургічным спевам на арабскай мове кіраваў д-р Чарлі Абу Сада, які добра ведае Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, ды які шмат гадоў заангажаваны ў працэс прымірэння між хрысціянамі.

Пасля Літургіі, за кубкам арабскай кавы ішла размова пра ўдзел хрысціянаў, яўрэяў і мусульманаў у малітве і справе міру ў Святой Зямлі.

Размова праходзіла у грэка-каталіцкім парафіяльным цэнтры, недалёка ад плошчы ля Базылікі Нараджэння, дзе некалькі тыдняў таму служыў Святую Імшу Яго Святасць Папа Францішак. (На гэтай Імшы Евангелле спяваў Абуна Якуб).

На развітанне Абуна Якуб прасіў удзельнікаў аб малітве за мір у Святой Зямлі, за хрысціянаў г. Бэтлеем, а на рукі архімандрыта Сяргея перадаў пажаданні плённага супольнага сведчання Евангелля для ўсіх хрысціянаў Беларусі.

Вярнуцца назад