Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Слова ў дзень памяці вялебнай Еўфрасінні Полацкай, Асветніцы Беларусі
Слова ў дзень памяці вялебнай Еўфрасінні Полацкай, Асветніцы Беларусі14.05.2014. |
|
Расейскі пісьменнік XIX стагоддзя Мікалай Ляскоў, чалавек неабыякавы як да пытання царкоўна-прасветніцкай дзейнасці, так і да лёсу хрысціянства наогул, мусіў некалі канстатаваць: “Русь была крещена, но не просвещена”. Кажучы гэта, ён, напэўна, меў на ўвазе не ўсю старажытную Русь, а толькі яе пэўную частку. Бо інакш цяжка было б патлумачыць, чаму мы сёння, святкуючы памяць вялебнай Еўфрасінні Полацкай, ігуменні манастыра Спаса, называем яе Асветніцай Беларусі. Бо следам за асобамі, якія прасвятлілі нашу зямлю святлом святога Хросту – на жаль, мы ведаем толькі нешматлікія іхнія імёны – уласна святая Еўфрасіння прысвяціла сваё жыццё, каб дапоўніць пачатую імі справу хрысціянізацыі Беларусі.
Прасветніцкую ролю полацкай ігуменні немагчыма абмежаваць да адукацыі, культуры і распаўсюджання пісанага слова. Падобны, інтэлектуальна убогі, погляд на асобу святой з’яўляецца, на жаль, дастаткова распаўсюджаным сярод нашых сучаснікаў, якім уласціва прысвойваць героям старажытнасці свае уласныя думкі і словы. Гэта знайшло адлюстраванне нават у сучаснай беларускай мас-культуры ў выглядзе саколкі са стылізаванай выявай Еўфрасінні і надпісам «Не хачу жаніцца, а хачу вучыцца». Думаю, што сама святая была б вельмі здзіўлена падобнай інтэрпрэтацыяй уласнага жыццёвага выбару. Звычайна, ейная любоў да навукі, да кнігі, была вельмі вялікай. Яна падштурхнула яе да навучання, таксама да таго, каб заняцца перапісваннем кніг – занятку складанага і нязвыклага для тагачаснай жанчыны. Але гэтае, па-чалавечы зразумелае захапленне пісаным словам, было для Еўфрасінні толькі сродкам для пазнання Слова Божага, у якім святая бачыла асноўную мэту свайго жыцця. Святая Еўфрасіння была дзіцём свайго часу. І, як кожны адукаваны чалавек Антычнасці і Сярэдневечча, была вельмі свядомай, што сапраўднае пазнанне, бяручы пачатак у празе да ведаў, сваю паўнату асягае толькі шляхам досведу і жыцця. Таму Божую і чалавечую мудрасць, пазнаную праз кнігі, святая паспрабавала ўцелавіць у сумоўі з Богам і бліжнімі. Бо ведала са Святога Пісання што “веда надзімае, а любоў будуе” (1 Кар 8,1). Ўласна за гэтую вялікую любоў да Бога і сваіх братоў і сясцёр, якую выявіла Еўфрасіння ўпрадоўж жыцця, мы сёння шануем яе як святую. Без гэтай любові для чалавека немагчыма сапраўднае пазнанне ані Бога, ані свету, ані самога сябе. Магчыма ўласна “дэфіцытам” любові можна патлумачыць тое, што як ніколі інтэлектуальна моцны сучасны чалавек стаўся няздатны разумець элементарныя праўды жыцця, даступныя нават евангельскім немаўлятам. Таму ў прастаце сэрца, з радасцю і падзякай Богу за прыклад жыцця святой Еўфрасінні, будзем маліцца, каб святло Божае мудрасці прасвятліла і нашыя сэрцы і дапамагло нам пазнаць Бога які ёсць Любою (1 Ян 4, 16). Амін. Вярнуцца назад |