Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Слова Апостальскага Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея на Памінальную Службу за спачылага Рыгора Барадуліна, 11 красавіка 2014 г.
Слова Апостальскага Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея на Памінальную Службу за спачылага Рыгора Барадуліна, 11 красавіка 2014 г.11.04.2014. |
|
Шаноўныя Сябры! Сорак дзён таму адышоў у вечнасць выдатны Сын Беларускага Народу – народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Успамінаем яго сёння ў ягонай парафіі ў Мінску. Міласэрнаму Госпаду даручаем у малітве душу нашага брата Рыгора ды дзякуем за каштоўныя плады ягонага творчага таленту. У парафіяльным душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Мінску вітаем усіх, хто захацеў удзельнічаць у гэты вечар у духовым успаміне Рыгора Барадуліна, усіх, каму дарагія ягонае імя ды ягоная творчасць. Вітаем усіх вернікаў розных канфесіі, вітаем пісьменнікаў ды вучоных, вітаем усю творчую інтэлігенцыю ды людзей працы. Вітаем сям’ю, родных, сяброў. Перад Госпадам хочам у гэты вечар яшчэ раз асэнсаваць духоўную спадчыну Рыгора ды сведчанне ягонага жыцця. Хочам прыняць гэтыю спадчыну як запавет, у якім ён вучыць усіх людзей добрай волі любові да Бога, да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры. У мінулыя тыдні постаць і творчасць Рыгора шматлікія людзі добрай волі ўзгадвалі ў розных мясцінах Беларусі ды ў замежжы, пачынаючы ад Таліна ў Эстоніі, праз Рым, Балонію, Брусель, Антверпан... У мінулы аўторак я меў магчымасць маліцца за супакой душы спачылага слугі Божага Рыгора на магіле блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ-га, якога Рыгор меў шчасце сустрэць. Сёння і ў бліжайшыя дні гэты малітоўны ўспамін у розных месцах Еўропы працягваецца, таму я не магу быць з вамі асабіста ў гэты вечар. Браты і Сёстры, Сябры! Мы стаім напярэдадні Вялікага Тыдня і Пасхі Хрыстовай. У пасхальную ноч ў Чырвоным касцёле грэка-каталіцкія парафіяльныя супольнасьці г. Мінска яшчэ раз узгадаюць спачылага Рыгора ды засьпяваюць яму: “Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў...” Хай святло Уваскрасення Хрыстовага напоўніць нашыя сэрцы нязломнай надзеяй. +архімандрыт Сяргей (Гаек) Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Рым – Мінск, 11 красавіка 2014 г. Вярнуцца назад |