Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Пераапрануцца ў новага чалавека і трываць у любові”
“Пераапрануцца ў новага чалавека і трываць у любові”29.03.2014. |
|
Навяртанне – гэта не пытанне аднаго моманту, але намаганне, якое здзяйсняецца на працягу ўсяго жыцця, адзначыў Папа Францішак падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы св. Пятра 28 сакавіка 2014 г. У яго межах Святы Айцец найперш сам прыступіў да споведзі а пасля прыняў споведзь некаторых вернікаў. Набажэнства дало пачатак велікапоснай акцыі Папскай рады па новай евангелізацыі “24 гадзіны для Госпада”, падчас якой у трох цэнтральных рымскіх касцёлах – св. Агнешкі, Найсвяцейшай Дзевы Марыі на Трастэвэры і Найсвяцейшых Ран Ісуса - бесперапынна на працягу сутак спавядалі каля 60 святароў. “Хто сустракаецца з Божай міласэрнасцю, падштурхоўваецца стаць будаўніком міласэрнасці паміж апошнімі і беднымі”, - нагадаў Папа і дадаў, што ў гэтых “самых малых” братах сам Ісус чакае.“Пойдзем на сустрэчу з Ім і будзем святкаваць Пасху ў радасці Божай!” - заклікаў Святы Айцец. Святы Айцец падкрэсліў, што падчас Вялікага посту “Царква, у імя Божае, зноў заклікае да навяртання”, што з’яўляецца “заклікам да перамены жыцця”. У першую чаргу, па словах Папы, важна наследаваць галоўныя элементы хрысціянскага жыцця: “пераапрануцца ў новага чалавека” і “трываць у любові”, а “новае жыццё дазваляе глядзець на рэчаіснасць іншымі вачыма”, не прывабленымі рэчамі, якія таго нявартыя і часовыя. “Таму мы пакліканы пакінуць грахоўныя паводзіны і засяродзіць позірк на істотным”, - сказаў Папа Францішак. “З сэрца чалавека, абноўленага паводле Бога, паходзяць добрыя паводзіны: казаць заўсёды праўду і пазбягаць хлусні; не красці, але дзяліцца тым, што маеш, з іншымі, асабліва з тымі, хто ў патрэбе; не паддавацца гневу, злапомснасці і жаданню помсты, але быць ціхімі, велікадушнымі і гатовымі да прабачэння; не ўпадаць у зласлоўе, якое знішчае добрае імя асобы, але глядзець пераважна на станоўчыя бакі кожнага”, - адзначыў Святы Айцец. Гаворачы пра неабходнасць “трывання ў любові”, Папа ўказаў на прыклад самога Бога, які “ніколі не стамляецца любіць” і заўсёды чакае сваіх дзяцей. Паводле Папы, Бог заклікае вернікаў жыць такой любоўю паміж сабой, і гэта зробіць іх сведчанне аб Хрысце больш пераканаўчым для свету. “Любоў не можа заставацца закрытай у самой сабе. Па сваёй прыродзе яна адкрытая, распаўсюджваецца і прыносіць плёны, нараджае новую любоў”, - падкрэсліў Папа Францішак. Вярнуцца назад |