Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > "Дзякуй Усявышняму!"
"Дзякуй Усявышняму!"3.03.2014. |
|
Мне выпала адказнае шчасьце перакласьці на беларускую мову «Рымскі трыпціх» Яна Паўла II. Да 25-годзьдзя пантыфікату Папы пераклад быў выдадзены невялікім накладам пры дапамозе Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Клопатам Апостальскага візытатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека мне падоліла зрабіць пілігрымку ў Вечны Горад, наведаць галоўныя базылікі, катакомбы, у якіх маліліся першыя хрысьціяне, а таксама беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё. 28 чэрвеня 2004 г. напярэдадні Сьвята апосталаў Пятра і Паўла Сьвяты Айцец Ян Павал II прыняў нас на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане. Я перадаў Сьвятому Айцу пераклад «Рымскага трыпціху» і прасіў у Папы Апостальскага блаславеньня для ўсіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць на разьвіццё беларускай хрысьціянскай культуры, працуюць на адраджэньне Беларусі. Сьвяты Айцец пераклаў на мае рукі сваё блаславеньне, прыняў пераклад і падараваў мне асьвечаны ружанец. Варта было жыць, каб дапасьці душой да незвычайнай паэзіі Яна Паўла II, бо гэтаразмова зь Вечнасьцю, са Словам, гэта прачытаньне Вечнай Кнігі сьвятой душой. Тое, што я адзін свой зямны дзень буду бачыць і чуць Сьвятога Айца, і ў велікодным сьне не марыў прысьніць. А тут — гаварыць з Рымскім Папам Янам Паўлам II, цалаваць яго пярсьцёнак. Гэта дар Усявышняга. Гаварыў я з Папам па-беларуску, і ён добра разумеў нашую мову. Апамятаўшыся ад шчасьця, я ня ведаў, чым маю адзьдзячыць Ягонай Сьвятасці. Апостальскі візытатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек параіў напісаць «Рымскі дыпціх». І я закончыў дыпціх у мамінай хаце ў Вушачы і даў яму назву «Узрушэньне». ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ! Вярнуцца назад |